СБУ: расейскія вайскоўцы спрабуюць учыніць правакацыі на ўкраінска-беларускай мяжы


Служба бяспекі Украіны паведаміла пра перахоп тэлефоннай размовы аднаго з салдатаў РФ, у якой гаворыцца, што расейскія вайскоўцы плануюць правакацыі на мяжы Украіны і Беларусі.

На запісе расейскі вайсковец, які прыехаў да ўкраінскай мяжы ў Беларусі, распавядае свайму знаёмаму, што паўтары тысячы расейскіх вайскоўцаў перамяшчаюцца па Беларусі ўздоўж мяжы, каб справакаваць украінскіх вайскоўцаў напасці на Беларусь.

«Тут таксама… ездзяць на правакацыі, з гэтага боку правакуюць (украінцаў), каб яны, накшталт, на Беларусь напалі, ну, каб падключыліся, напэўна, таму мы тут і засталіся. Нас тысячы паўтары тут прыехала», – распавядае расейскі вайсковец свайму знаёмаму.

Ягоны суразмоўца, які ваюе на Данецкім напрамку, чакае, што дапамога прыбудзе да іх, на што першы вайсковец адказвае: «Кожны дзень пераезд! Па ўсёй Беларусі ўжо пабывалі. Мы былі ў адным горадзе, цяпер да мяжы з Польшчай пераехалі. Каля Польшчы».

Такія дзеі сведчаць, што Расея не спыняе спробаў залучыць Беларусь непасрэдна ў вайну супраць Украіны і робіць гэта любымі спосабамі, зазначаецца ў паведамленні СБУ.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў