Мільярдэр Тапузідыс купіў гасцініцу «Славянская» ў Менску


Тытунёвы мільярдэр Павел Тапузідыс набыў гасцініцу «Славянская», якая не працавала з канца 2022 года. Цяпер актыў перайшоў да ТАА «Тытунь-інвест» крыху больш чым за $ 4 млн у эквіваленце. Аб гэтым паведамляе выданне «Office Life» са спасылкай на ўласныя крыніцы.

Гасцініца «Славянская» ў Менску.
Фота: slavyanskaya.minsk / Facebook

30 сакавіка сталася вядома пра змену ўласніка гасцініцы «Славянская», якая перастала працаваць напрыканцы 2022 года. Набыўшы гасцініцу за $ 4 млн, «Тытунь-інвест» Паўла Тапузідыса рыхтуецца аднавіць працу гэтага комплексу ўжо з 17 красавіка. З названай даты, паводле «Office Life», можна замовіць нумар праз тэлефон сэрвісу рэзервацыі.

«Славянская» – адзін з гатэляў, што з размахам былі пабудаваныя да чэмпіянату свет па хакеі, які праходзіў у Менску ў 2014 годзе. У гатэлі 126 месцаў, размеркаваных на 15 паверхах. Гасцініца ёсць часткай жылога комплексу «Славянскі» і месціцца побач з найбуйнейшым у Беларусі хакейным стадыёнам і адначасова ўніверсальнай пляцоўкай для іншых падзеяў – «Менск-Арэнай».

Да ТАА «Тытунь-інвест» «Славянскай» валодала замежная кампанія «Белінтэррасінвест», створаная групай расейскіх інвестараў. 19 лістапада 2022 года гасцініца спыніла працу, у дачыненні яе забудоўніка і ўладальніка было адкрытае ліквідацыйнае вядзенне. На сайце гасцініцы да гэтага часу размешчаная абвестка аб спыненні дзейнасці.

Hавiны
Тытунёвыя фабрыкі Алексіна і Тапузідыса вымушана спынілі працу
2023.02.09 18:42

Гасцініца «Славянская» – далёка не першы падобны актыў ТАА «Тытунь-інвест». Кампаніі Тапузідыса таксама належыць гатэль «Robinson-City», які ўваходзіць у сетку «Робінсан» разам з загарадным «Робінсан клубам». Гатэль на самай люднай вуліцы Менску адкрыўся на месцы гатэлю «Mercure», які быў таксама куплены тытунёвым мільярдэрам.

Павел Тапузідыс лічыцца адным з самых багатых людзей Беларусі з капіталам каля $ 100 млрд, ён у блізкіх стасунках з сям’ёй Лукашэнкі, з 2022 года трапіў пад санкцыі Канады.

Расследaванні
Нелегальныя пастаўкі цыгарэт у Расею ідуць праз сябра сям’і Аляксандра Лукашэнкі
2022.03.01 17:01

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў