Мастаку Алесю Пушкіну прысудзілі 5 гадоў пазбаўлення волі


У Менскім гарадскім судзе агучылі вырак палітзняволенаму мастаку Алесю Пушкіну. Сёння, 30 сакавіка, роўна год, як ён застаецца за кратамі.

Падчас суда 25 сакавіка на знак пратэсту мастак парэзаў сабе жывот. За гэта яго кінулі на 13 дзён у карцар.

Алесь Пушкін у судзе.
Фота: sputnik.by

Суд над мастаком пачаўся 10 сакавіка, працэс зрабілі закрытым – «з-за звестак, якія з’яўляюцца дзяржаўнай таямніцай». Ад адваката Пушкін адмовіўся, таму ніякай дакладнай інфармацыі аб хадзе працэсу, на якім ён этапе, ці было апошняе слова і які тэрмін патрабаваў пракурор – не было.

Алеся Пушкіна прызналі вінаватым у рэабілітацыі нацызму (ч. 3 арт. 130 КК) і здзеку з дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 КК). Прэтэнзіі ў следства ўзніклі да цыклу карцінаў Пушкіна «Беларускі супраціў», які мастак стварыў больш за 20 гадоў таму. Прапаганду нацызму ўгледзелі ў партрэтах дзеячаў антысавецкага руху часу Другой сусветнай вайны: Міхаіла Вітушкі, Усевалада Родзькі і Яўгена Жыхара. Таксама бок абвінавачання кажа, што ў перыяд з 21 да 24 сакавіка 2021 года Пушкін у Кіеве падчас свайго перформансу здзекаваўся з дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь.

Алесю Пушкіну прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні, але ён адмовіўся.

Артыкулы
Суд над мастаком Алесем Пушкіным пачаўся з перформансу
2022.03.10 11:52

АД, АЛ belsat.eu

Стужка навінаў