«Загадалі зняць майку і выціраць лужыну ўласнай крыві». Гісторыя № 17 праекту «Мне яшчэ пашанцавала»


Публікуем гісторыі белсатаўскага праекту, прысвечанага пацярпелым ад дзеянняў сілавікоў.

Мянчук Мікалай Бондар – адзін з тых, каго сілавікі выцягнулі наўпрост з машыны. Пакуль ягоны аўтамабіль стаяў на святлафоры, сілавік заўважыў на Мікалаевай руцэ белую стужку. Мужчына ў форме ДАІ загадаў спыніцца, і да машыны ўжо ішлі шэсць сілавікоў. Мікалай вырашыў уратаваць пасажыраў, якія з імі былі, ад’ехаў на колькі метраў і даў ім выбегчы. За гэты ўчынак мужчыну бязлітасна збілі.

Сілавікі разбілі фары і вокны, праткнулі колы. Адзін амапавец дастаў тэлефон і пачаў здымаць са словамі: «Кажы: «Я люблю АМАП!» Мужчыну падалося, што сілавікі маюць нейкую закрытую групу, куды скідваюць такія відэа і хваляцца адзін перад адным.

Мікалай Бондар.
Фота: Белсат

Яго пасадзілі ў бус і працягвалі біць з воклічамі: «Чаму не паважаеш даішнікаў!» Потым перасадзілі ў аўтазак. Там ужо ляжалі людзі тварамі ў падлогу, іх перыядычна таксама збівалі. Кроў у Мікалая не спынялася. На падлозе зʼявілася вялікая чырвоная пляма, і Мікалаю загадалі зняць адзежу і выціраць кроў. Потым праз жывы калідор мужчына ды астатнія затрыманыя мусілі бегчы ў іншы аўтазак, які вёз на Акрэсціна. Мікалай спрабаваў спыніць кроў, і на некаторы час яму гэта ўдалося.

З аўтазака загадалі выбягаць і спяваць гімн, зноў беглі праз такі самы калідор з сілавікоў. Паставілі на калені, загадалі нахіліць галаву. Мікалай зразумеў, што траціць прытомнасць, за гэта яму ўлупілі дубінкай. Адзін міліцыянт дазволіў мужчыну падняць галаву.

Тут жа падышоў амапавец: «Хто дазволіў? Тварам у падлогу!» І пару разоў ударыў па спіне. Мужчына зноў унурыўся ў зямлю і пачаў рваць траву і запіхваць у нос, каб хоць неяк спыніць кроў.

Зноў зрабілася блага, і адзін з супрацоўнікаў дазволіў яму выпрастацца. Праз сем хвілінаў падышоў той самы амапавец і пачаў біць па галаве. Мікалай спрабаваў захіліцца рукою, але марна.

Малюнак Мікалая Бондара.
Фота: Белсат

Апрытомнеў Мікалай ужо ў карэце хуткай дапамогі на тэрыторыі Акрэсціна. Дзверы ў машыну былі адчыненыя, побач стаяў амапавец і казаў працаўніцы хуткай: «Ну што, вярнула яго да прытомнасці? Давай яго сюды». Але тая заявіла, што забірае хворага з сабой.

Двор Акрэсціна, унізе карэты хуткай дапамогі, нібыта анёлы з крыламі.

У шпіталі доктар, пабачыўшы Мікалая, выгукнуў: «Ты што, пад цягнік трапіў?!» Пасля абследавання мужчына пайшоў дахаты. Ад шпіталізацыі ён адмовіўся, але яшчэ амаль два тыдні адлежваўся дома, каб акрыяць.

Усе гісторыі праекту «Мне яшчэ пашанцавала» чытайце, глядзіце і слухайце тут.

Стужка навінаў