Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы: Пытанне пра адзіную валюту не стаіць на парадку дня


Пытанне пра ўвядзенне адзінай валюты ў Саюзнай дзяржаве не стаіць на парадку дня, цяпер неабходна ўдасканальваць выкарыстанне нацыянальных валютаў у супрацы Беларусі і Расеі. Пра гэта заявіў дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў.

Дзмітрый Мезенцаў, фота council.gov.ru

«Сёння дасягнуты беспрэцэдэнтны ўзровень узаемнага гандлю ў нацыянальных валютах і пытанне аб адзінай валюце фактычна не стаіць, – перадае словы Дзмітрыя Мезенцава, сказаныя ў інтэрв’ю тэлеканалу «Расея 24», БелТА. – Стаіць пытанне аб удасканаленні тавараабарачэння, удасканаленні правілаў абарачэння тых вынікаў прамысловай палітыкі, якія далі магчымасць здымаць бар’еры, не ствараць непатрэбных канкурэнтных вытворчасцяў, фармаваць адзіныя вытворчыя ланцужкі».

Мезенцаў адзначыў, што ў ранейшыя гады наўмысна і ненаўмысна стваралася канкурэнтнае асяроддзе для блізкіх групаў тавараў, але ад гэтай практыкі трэба адыходзіць.

У той жа час міністр фінансаў Расейскай Федэрацыі Антон Сілуанаў пасля пасяджэння Найвышэйшага дзяржсавету адзначыў, што «агульная валюта Расеі і Беларусі пазначаная як мэта, гэта будзе выгадна нашай эканоміцы». Ён сказаў, што ў будучыні такая найвышэйшая ступень інтэграцыі дзяржаваў, як агульная валюта, магчымая, бо гэта зафіксавана ў дамове 1999 года, якую падпісалі Беларусь і Расея. Тым не менш, ён не назваў нават прыкладных датаў увядзення адзінай валюты.

Падчас пасяджэння Найвышэйшага дзяржсавету Саюзнай дзяржавы, якое адбылося 29 студзеня, Беларусь і Расея падпісалі асноўныя кірункі рэалізацыі палажэнняў Дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2024–2026 гады. Гэты дакумент складаецца з 11 раздзелаў, у ім прадугледжанае фармаванне адзінай макрапалітыкі, адзінай фінансавай палітыкі, адзінага транспарту і энергарынку.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў