Баі па ўсім фронце і масіраваны ракетны ўдар. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 674-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 29 снежня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Наступствы расейскага авіяўдараў па гандлёваму цэнтру ў Дняпры, Украіна 29 снежня 2023 года.
Фота: Ozge Elif Kizil / Anadolu Press / Abaca Press / East News

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

На паўночным усходзе Харкаўскай вобласці працягваюцца баі ў ваколіцах сяла Сынькоўка ў Купянскім раёне. Паводле Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, цягам апошніх содняў расейцы прынамсі 12 разоў атакавалі на гэтым участку фронту, але поспеху не дасягнулі.

На суседнім ліманскім кірунку ўкраінскі бок фіксуе адсутнасць наступальнай актыўнасці праціўніка. Між тым прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» піша пра баі на выступе па фронце каля сяла Торскае на поўначы Данецкай вобласці, а таксама на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва на Луганшчыне.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку Генштаб ЗСУ адзначае тры безвыніковыя атакі расейцаў каля сёлаў Багданаўка і Андрэеўка на захадзе і поўдні ад раённага цэнтру адпаведна.

Разам з тым аналітыкі праекту Deepstate гавораць пра частковы поспех войскаў РФ на поўначы ад Багданаўкі.

Невялікія прасоўванні УС РФ каля сяла пацвярджае і праўкраінскі тэлеграм-канал «Бахмутський Демон».

У гэты ж час канал «Два майора» піша аб прасоўванні Узброеных сілаў РФ каля чыгуначнай лініі з усходу ад Андрэеўкі. Акрамя гэтага крыніца фіксуе цяжкія баі каля Хровама і Іванаўскага (на захадзе і паўднёвым захадзе ад Бахмуту).

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

Ініцыятыва расейскіх вайскоўцаў застаецца і ў ваколіцах Данецку.

Украінскі бок паведамляе, што на поўначы аўдзееўскага кірунку цягам содняў сілы абароны краіны адбілі 14 атак праціўніка каля населеных пунктаў Новабахмутаўка і Аўдзееўка, у гэты ж час на поўдні – 12 атак побач з Первамайскім і Невельскім.

Між тым у Deepstate гавораць пра частковы поспех расейцаў на поўначы ад Стэпавога і на поўдні ад Вадзянога (паўночны і паўднёвы флангі кірунку адпаведна).

Прарасейскія крыніцы фіксуюць падцягванне рэзерваў ЗСУ ў ваколіцы сяла Бэрдычы (паўночны захад ад Аўдзееўкі), у тым ліку танкі і бранятэхніку. Таксама адзначаюцца спробы ўкраінцаў нарасціць ужыванне БпЛА, што можа быць звязана з недахопам артылерыйскіх снарадаў.

На мар’інскім кірунку УС РФ не менш за шэсць разоў спрабавалі прасунуцца ў ваколіцах Мар’інкі і Новаміхайлаўкі, але былі спыненыя ўкраінскімі вайскоўцамі.

Бярдзянскі і мелітопальскі кірункі (лінія фронту на поўдні Данецкай вобласці, а таксама ў Запарожскай вобласці)

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў піша пра актывізацыю Узброеных сілаў РФ на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў: тут яны атакавалі з боку Прыютнага на Навадараўку, а таксама на захадзе і поўдні ад Старамаёрскага.

Няўдалыя дзеянні расейцаў каля Навадараўкі пацвярджае і Генштаб ЗСУ. Акрамя гэтага крыніца фіксуе безвыніковыя атакі праціўніка каля населеных пунктаў Вэрбовае і Работына (на поўдні ад гораду Арэхаў у Запарожскай вобласці).

Пры гэтым Пегаў гаворыць, што на гэтым жа ўчастку фронту УС РФ прасунуліся на адлегласць да двух кіламетраў з усходу ад сяла Навапрокапаўка.

Херсонскі кірунак (лінія фронту ў аднайменным рэгіёне)

На херсонскім кірунку працягваюцца баі за сяло Крынкі на левым беразе Дняпра: украінскі бок, якія цяпер засяродзіўся на абароне, паведамляе пра 13 няўдалых штурмаў сваіх пазіцыяў.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Таксама апошні содні вайны адзначыліся чарговым масіраваным ракетным ударам па аб’ектах крытычнай інфраструктуры, прамысловасці і вайскоўцаў ЗСУ.

Паводле ўкраінскага камандавання, ноччу 29 снежня праціўнік атакаваў тэрыторыю краіны БпЛА «Shahed-136/131» – звычайна такім чынам выяўляюцца пазіцыі супрацьпаветранай абароны.

Бліжэй раніцы расейцы запусцілі больш за сотню крылатых ракетаў тыпаў Х-101/Х-555/Х-55, Х-22/Х-32, не менш за 14 балістычных ракетаў С-300/С-400/Іскандэр-М, пяць аэрабалістычных ракетаў Х-47М2 «Кінджал», чатыры супрацьрадыёлакацыйныя ракеты Х-31П і адну Х-59.

Агулам, расейскі бок ужыў 158 ракетаў і БпЛА, з якіх сілы СПА Украіны збілі 27 і 87 адпаведна.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

 

Стужка навінаў