Гісторык Алесь Пашкевіч: Рэжым дыскрэдытуе сваю версію гістарычнай памяці. І гэта добра


Згодна з задумаю ўладаў, 2022 год мусіў быў стаць Годам гістарычнай памяці ў Беларусі. У студзені Лукашэнка анансаваў, што цягам года беларусам будуць нагадваць пра гераічную спадчыну краіны і распавядаць праўду наконт жыцця народу ў розныя перыяды. Што зрабіў рэжым у гэтым кірунку, і ці ператварылася беларуская гісторыя ў зброю ў Лукашэнкавых руках – пра гэта мы паразмаўлялі з гісторыкам Алесем Пашкевічам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Няздатная да рэальнага канкурэнтнага змагання на ідэйным полі аўтарытарная ўлада імкнецца гэта кампенсаваць бязлітаснымі і масавымі рэпрэсіямі»

– Спадар Алесь, акрэсліце і ацаніце, што зрабіў рэжым у Год гістарычнай памяці. Наколькі гэтыя дзеянні былі эфектыўнымі?

– У гэтым кірунку сапраўды шмат рабілася, тэма ўвесь год не сыходзіла з дзяржаўных СМІ, адбываліся шматлікія мерапрыемствы па ўсёй краіне і на розных узроўнях. Усё гэта было забіта ў каляндарныя планы ўсіх без выключэння дзяржаўных установаў, і ў адпаведнасці з імі дэманстравалася няспынная актыўнасць. Колькасна ўсяго было шмат,  а вось наколькі гэта ўсё пераходзіла ў якасць, давала эфект? Не думаю, што ён надта вялікі.

Афіцыйных справаздачаў пра гэтыя мерапрыемствы і фотарэпартажаў з іх дастаткова, каб уявіць, як яны праходзілі. Нейкі камандзіраваны службовец прыязджае на прадпрыемства ці ва ўстанову, мясцовае начальства адміністрацыйнымі метадамі зганяе ў залу людзей, перад якім камандзіраваны гаворыць прамову пра гістарычную памяць, як правіла, казённай мовай і самага прымітыўнага зместу. Робяцца здымкі, рассылаюцца куды трэба, хтосьці адказны за працэс дае адносна ўсяго гэтага каментары ў пэўным вызначаным фармаце. У выніку ўсе начальнікі і ідэолагі ставяць птушачкі аб выкананні ў планах і разыходзяцца, узаемна задаволеныя. Такое называецца адбываннем нумару, і наўрад ці могуць быць ілюзіі, што гэта мае нейкую рэальную эфектыўнасць.

– Тады можа можна гаварыць пра шкоду і рызыку такой палітыкі? 

– Так,  можам. Напрыклад, спробы індактрынацыі моладзі могуць уяўляць вялікую патэнцыйную небяспеку. Мы ведаем, што ў школах і іншых навучальных установах у гэтым годзе значна ўзмацнілі ідэалагічны чыннік, узяты курс на перагляд вучэбных праграмаў, выданне новых падручнікаў, пашырэнне дзейнасці праўладных арганізацыяў, тыя ж пастаянныя сустрэчы дзяцей з чыноўнікамі і сілавікамі, і г. д. Праўда, не вядома, наколькі ўсе гэтыя формы ідэалагічнай работы ўлічваюць спецыфіку сучаснай моладзі, наколькі яны ёй блізкія і зразумелыя? У мяне складваецца ўражанне, што такія дзябёлыя формы і там не будуць эфектыўнымі. Каб сапраўды эфектыўна дурыць дзецям і моладзі галовы, трэба ўмела і крэатыўна дзейнічаць у інтэрнэце на тых пляцоўках, дзе моладзь праводзіць вольны час. Тады як з падобнай крэатыўнасцю акурат у лукашэнкаўскага рэжыму заўсёды былі праблемы.

Яшчэ горш, што паралельна з усім гэтым ідзе паслядоўная кампанія знішчэння альтэрнатыўнага погляду на гістарычную памяць, апаненты проста бесцырымонна выціскаюцца сілавымі метадамі.

Прынятыя, напрыклад, законы «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму» (яшчэ ў 2021 годзе) і «Аб генацыдзе беларускага народу», і гэта акурат патэнцыйна вельмі сур’ёзны інструмент для падаўлення іншадумства на ніве гісторыі, асабліва ўлічваючы адвольныя трактоўкі заканадаўства і размытыя фармулёўкі. Акрамя таго, закрылі амаль усе грамадскія арганізацыі, якія займаліся папулярызацыяй гістарычных ведаў, спынілі існаванне амаль усе незалежныя перыядычныя выданні, паралізаваная праца незалежных выдавецтваў.

Не цалкам падкантрольным і не цалкам знішчаным пакуль застаецца інтэрнэт, але і тут сур’ёзныя абмежаванні, звязаныя з абвяшчэннем літаральна ўсіх «экстрэмістамі» і пераследам за любыя формы супрацы з імі. Ёсць ужо прэцэдэнты і таго, што «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызнавалі гістарычныя выданні цалкам бяскрыўднага зместу. А колькі за гэты «Год гістарычнай памяці» прайшло праз турмы экскурсаводаў, краязнаўцаў, гісторыкаў, колькі іх звольнена з працы і пазбаўлена права на прафесію, змушана пакінуць краіну.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу і міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін наведваюць музей Берасцейскай крэпасці.
Фота: Gavriil Grigorov / TASS / Forum

Усё гэта, натуральна, вельмі сур’ёзна, і ў гэтым акурат галоўная праблема: няздатная да рэальнага канкурэнтнага змагання на ідэйным, у тым ліку і гістарычным полі аўтарытарная ўлада імкнецца гэта кампенсаваць бязлітаснымі і масавымі палітычнымі рэпрэсіямі.

«Небяспека расейскай экспансіі больш сур’ёзная, чым спробы лукашыстаў прасунуць сваю «дзяржаўную ідэалогію»

– Ці можна сказаць, што цягам гэтага года ўлады ўсё больш прывязвалі Беларусь духоўна і гістарычна да Расеі?

– Так, у сітуацыі татальнай залежнасці ад Расеі, у якую дзякуючы сваёй бяздумнай палітыцы трапіў Лукашэнка, у тым ліку і ў ідэалагічнай сферы, месца зачышчаных ім нацыянальна беларускіх наратываў займаюць адкрыта расейскія. Яны былі і раней, але ім ва ўсякім разе стараліся супрацьстаяць, прытым не зусім беспаспяхова. Прывяду толькі адзін, але характэрны прыклад – калі ў 2012-м адзначалася 200-годдзе вайны 1812 года, то розныя прарасейскія дзеячы дабіваліся, каб яе ў нас звалі на расейскі манер «Айчыннай», пісалі кляўзы ў розныя ўладныя структуры. Але навуковая і акадэмічная супольнасць тады магла гэтыя наскокі больш-менш паспяхова адбіваць. Цяпер жа гляджу змест аднаго з сёлетніх нумароў «Беларускага гістарычнага часопісу», ужо да 210-годдзя той вайны – і там ужо нават у загалоўках суцэльная «Айчынная вайна». Гэта толькі прыклад, а агульная тэндэнцыя ўсюды такая.

Небяспека расейскай экспансіі, на маю думку, больш сур’ёзная, чым спробы лукашыстаў прасунуць сваю «дзяржаўную ідэалогію». Расейская прапаганда, у тым ліку і гістарычная, больш умелая і тэхналагічная за лукашэнкаўскую, яна больш спраўная і ў асваенні сучасных інфармацыйных пляцовак. Таму і шкоды яна, канечне, можа нарабіць нашмат больш, пагатоў ва ўмовах бесканкурэнтнасці.

– Якія падзеі вылучаюць, а якія замоўчваюць улады – і чаму? Ці ёсць у краіны адзіны погляд на мінулае?

– З таго, што вылучаюць, у цэнтры бесканкурэнтна Другая сусветная вайна. Гэта не цяпер з’явілася, вядома, увесь перыяд кіравання Лукашэнкі акурат гэтаму перыяду заўсёды надавалася вялізарная ўвага. Цяпер жа гэта ўсё набыло гіпертрафіраваныя формы: усе паўсюль пра вайну гавораць, да яе ўсё зводзяць, заведзеная крымінальная справа аб «генацыдзе беларускага народу», руйнуюцца польскія вайсковыя пахаванні, той вайной без канца папракаюць блізкіх і далёкіх суседзяў, памяццю пра яе апраўдваюць усе злачынствы рэжыму і ўнутры краіны, і за яе межамі.

Усе астатнія падзеі вайне яўна прайграюць, але ў цэлым можна сказаць, што ўзносіцца і ўзвышаецца ўсё тое, што аб’ядноўвала нас з Расеяй. І наадварот – прыніжаюцца і ганьбуюцца тыя старонкі гісторыі, якія нас ад Расеі аддалялі.

Цяпер у Беларусі проста небяспечна прасоўваць тое, што звязана з гісторыяй беларускага нацыянальнага руху, антырасейскіх і антысавецкіх выступленняў, асабліва калі яны адбываліся ў ХХ стагоддзі і пад бел-чырвона-белым сцягам. Паказальна, як шмат волі цяпер далі адыёзным прапагандыстам і ўвогуле антыбеларускім актывістам накшталт сумнавядомай гарадзенкі Вольгі Бондаравай. Фактычна гэтыя людзі цяпер могуць тыцкаць пальцам у тое, што ім не падабаецца, і дзяржаўныя структуры іх не асаджваюць, а наадварот – патураюць іхным капрызам ды абрушваюць рэпрэсіўны молат на тое, на што яны паказалі. Як якія хунвэйбіны ў Кітаі часу «культурнай рэвалюцыі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Sergei Bobylev / TASS / Forum

У такіх умовах, вядома, ніякім агульным поглядам на гісторыю ў Беларусі не пахне, паміж праўладным лагерам і апанентамі рэжыму цяпер беспрэцэдэнтна вострае супрацьстаянне. Асабліва калі справа датычыць падзеяў найноўшай гісторыі.

– А што наконт больш старажытных перыядаў гісторыі? 

– Да такога ж напалу супрацьстаяння адносна больш старажытнай гісторыі справа пакуль што не дайшла. Пра той жа перыяд Вялікага Княства Літоўскага нават сам Лукашэнка за год дастаткова станоўча выказваўся. Яго яшчэ не паспелі – у адрозненне ад часоў Рэчы Паспалітай, адносна якога аднойчы нават прагучала слова «этнацыд» – абвесціць цалкам варожым, афіцыйная пазіцыя хутчэй фармуецца і вызначаецца. Але тут таксама яўна заўважаецца ўхіл у выпукленне ў тым перыядзе расейска-праваслаўнага фактару, які можна падагнаць пад ідэю заўсёднага братэрства з Расеяй.

У якасці прыкладу можна прывесці серыю кароткіх гістарычных ролікаў, якія ў гэтым годзе з благаславення Менгарвыканкаму круцілі ў менскім метро.  Сярод амаль паўсотні ролікаў няма аніводнага, які быў бы прысвечаны каталіцкаму ці пратэстанцкаму фактарам у беларускай гісторыі, дзеянням не праваслаўных дзеячаў.

Вялікія князі літоўскія, магнаты і шляхта ВКЛ, то бок людзі, якія ў асноўным рухалі гісторыю Княства і спрычыніліся да стварэння яе культурных набыткаў, апынуліся амаль цалкам за бортам. Калі яны мімаходзь і згадваюцца ў нейкіх роліках, то, як правіла, у выразна негатыўным кантэксце, у якасці ворагаў і шкоднікаў, зламысным намерам якіх гераічна супрацьстаялі станоўчыя праваслаўныя ці каляправаслаўныя героі.

«Пад сваімі абломкамі рэжым пахавае і шмат чаго з русіфікацыйнай і савецкай сімвалічнай спадчыны»

– У беларускім грамадстве існуюць розныя пазіцыі адносна тых ці іншых гістарычных падзеяў (напрыклад, БНР і бел-чырвона-белы сцяг, 17 верасня 1939 года, паўстанне Каліноўскага і іншыя). Цягам апошніх двух гадоў гэта выліваецца ў адкрытае змаганне з тым, што не ўпісваецца ў «лінію партыі», адкрытае распальванне варожасці. Ці ёсць у гэтым небяспека?

– Вядома, небяспека ў гэтым ёсць, і вельмі вялікая. На самай справе гісторыя, а асабліва старонкі, звязаныя з барацьбой за свабоду і незалежнасць, уласную адметнасць і самабытнасць, павінны аб’ядноўваць нацыю, а не раз’ядноўваць. У нас жа ўлада і шмат гадоў перад тым, а з 2020 года асабліва, робіць усё, каб на гэтай глебе пракапаць як найглыбейшы роў паміж рознымі часткамі народу.  Робіцца гэта не праз хоць бы больш-менш цывілізаваныя дыскусіі, а шляхам адкрытага і бесцырымоннага гвалту, ламанне лёсаў дзясяткаў і сотняў тысяч, калі не мільёнаў людзей. Гэта глыбока дэструктыўная палітыка, і яе наступствы мы будзем расхлёбваць пазней яшчэ доўгія гады.

Зрэшты, няма нічога ліхога, каб на добрае не выйшла. Другі бок медаля – гэта тое, што прасоўваючы сваю версію гістарычнай памяці такімі брутальнымі метадамі, рэжым Лукашэнкі яе глыбока дыскрэдытуе, прымушае асацыявацца перадусім з сабой. Паколькі трывалай гістарычнай перспектывы гэты рэжым не мае і рана ці позна мусіць абрынуцца, то можна спадзявацца, што пад сваімі абломкамі ён пахавае і шмат чаго з русіфікацыйнай і савецкай сімвалічнай спадчыны, якая ў адваротным выпадку пераадольвалася б пакаленнямі. Нешта накшталт таго, як гэта адбылося і адбываецца ва Украіне ў выніку агрэсіі пуцінскай Расеі спачатку ў 2014 годзе, а пасля ў 2022-м. Аднак для гэтага нам, на жаль, усім трэба прайсці яшчэ вельмі шмат цяжкіх выпрабаванняў.

– Гістарычная памяць здаровага чалавека і гістарычная памяць Лукашэнкі: у чым розніца? Як мусіць выглядаць праца з гістарычнай памяццю, якое месца яна павінна займаць у грамадстве? Чым стала гістарычная памяць у руках рэжыму, і чаму так сталася?

– Гістарычная памяць здаровага чалавека мусіць працаваць на пазітыўнае аб’яднанне ўласнага грамадства і палагоджанне дачыненняў з мірнымі суседзямі, засыпанне калісьці ўзніклых равоў ці разбурэнне ўзведзеных муроў, загойванне гістарычных ранаў, калі яны воляй лёсу ўзніклі. Гэта не тоесна замоўчванню нязручных момантаў гісторыі, але іх грунтоўнае вывучэнне і рэфлексіі над імі мусяць ісці ў кірунку «ніколі зноў», а не «можам паўтарыць».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Гістарычная памяць Лукашэнкі – гэта зусім процілеглае. Ён сам нават асабліва не хавае, што ягоны клопат пра захаванне гэтай памяці – інструмент для палітычных і ідэалагічных рэпрэсіяў, а не спосаб уладкавання мірнага сужыцця ў сучаснасці. Гэта не гаенне нейкіх ранаў, а, наадварот, развярэджанне старых і нанясенне новых.

Адпаведна гістарычная памяць здаровага чалавека – канструктыўная, а гістарычная памяць Лукашэнкі – дэструктыўная.

Так сталася таму, што Лукашэнка і ягоныя паплечнікі не думаюць пра інтарэсы грамадства і народу, пра будучыню краіны як такой. Для Лукашэнкі Беларусь – гэта ягоная ўласная вотчына, у якой ён нічым не абмежаваны гаспадар. Будучыня краіны, якая перастане быць ягонай асабістай уласнасцю, яму не цікавая. Адпаведна і інструменты ён падбірае такія, якія дазволяць яму захаваць гэтую ўласнасць. Гістарычная памяць у ягонай версіі ёсць інструментам, які адпавядае такой мэце.

Саша Гоман  belsat.eu

Стужка навінаў