Беларуса збілі ў Беластоку за расейскую мову


Гэтая гісторыя адбылася яшчэ 12 лістапада ў цэнтры Беластоку, у Польшчы. Позна ўвечары на маладога чалавека, які праслухоўваў на гучнай сувязі галасавыя паведамленні, запісаныя па-расейску, напаў п’яны мужчына польскага паходжання. У выніку беларус атрымаў мноства пераломаў. Хлопцу патрэбнае доўгатэрміновае аднаўленне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: noi.md

Маладога чалавека завуць Дзмітрый. Як паведаміў выданню MOST сам маладзён, ён не дайшоў да дому ўсяго 50 метраў. Праслухоўваючы расейскамоўныя галасавыя паведамленні на сваім тэлефоне, ён пабачыў, як насустрач яму ідзе высокі мужчына. Параўнаўшыся з Дзмітрыем, мужчына моўчкі нанёс яму ўдар у твар.

«Вонкава ён большы за мяне і вышэйшы на дзве галавы, – расказвае Дзмітрый, – гэта значыць прыкладна 1,95–2 метры ростам. Не маю ўяўлення, што яго справакавала на агрэсію. Мяркую, што, калі паміж намі была невялікая адлегласць, ён пачуў расейскую мову з галасавых паведамленняў, якія я слухаў на поўнай гучнасці. Думаю, гэта і стала прычынай неадэкватных паводзінаў».

Дзмітрый спрабаваў уцячы і пры гэтым крыкнуў мужчыну, што выкліча паліцыю. Гэта яшчэ больш раззлавала мінака. Той дагнаў Дзмітрыя ў краме, дзе маладзён спрабаваў схавацца, выцягнуў на вуліцу і, паваліўшы на зямлю, пачаў наносіць удары нагамі.

У пэўны момант мужчына скокнуў двума нагамі на нагу Дзмітрыю, што прывяло да сур’ёзнага пералому. Паліцыю і хуткую дапамогу выклікаў прадавец крамы, у якой спрабаваў схавацца маладзён.

Паляка, які здзейсніў напад, удалося ідэнтыфікаваць праз камеры відэаназірання. Паліцыя ўжо знайшла яго і затрымала. Вядзецца разбіральніцтва.

Дзмітрыю правялі складаную аперацыю, паставілі на месцы пералому нагі спіцы і металічную пласціну. Цяпер яго чакае доўгі працэс рэабілітацыі, пасля чаго спатрэбіцца яшчэ адна аперацыя.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў