З нацысцкімі злачынцамі больш-менш ясна. Што рабіць з савецкімі?

Не сціхае скандал, які выбухнуў пасля таго, як у Палаце грамадаў парламенту Канады падчас выступу прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ўдзельнікі ўшанавалі 98-гадовага ветэрана Другой сусветнай вайны Яраслава Гунько. Нагодай для скандалу стала інфармацыя пра тое, што Гунько служыў у шэрагах дывізіі «Галіцыя».

Яраслаў Гунько ў Палаце грамадаў у Атаве. 22 верасня 2023 года.
Фота: Patrick Doyle / Zuma Press / Forum

25 верасня спікер Палаты грамадаў Энтані Рота папрасіў прабачэння ў грамадскасці і заявіў, што не ведаў падрабязнасцяў біяграфіі ветэрана. «Глыбокую занепакоенасць» выказалі дзве буйныя габрэйскія арганізацыі Канады. Былая прэм’ер-міністр Польшчы Бэата Шыдла напісала на сваёй старонцы:

«Апошнія месяцы ўкраінцы мужна змагаліся супраць Расеі, і здавалася, што ў іх зʼявіліся новыя героі. Спадзяюся, што ўкраінская ідэнтычнасць не будзе будавацца на падмурку чырвона-чорнай традыцыі».

Амбасадар Польшчы ў Канадзе Вітальд Дзельскі сказаў:

«Хоць Польшча і найлепшы саюзнік Украіны, яна ніколі не пагодзіцца з абяленнем падобных злачынцаў».

Міністр адукацыі Польшчы Пшэмыслаў Чарнек заявіў, што «зрабіў крокі» дзеля экстрадыцыі Гунько. Здавалася б, інцыдэнт вычарпаны.

Што ж уяўляла з сябе Дывізія войскаў СС «Галіцыя»? Яна была найбольш вядомым і шматлікім украінскім ваенным фармаваннем, што ваявала на баку немцаў. Ідэя яе стварэння належала кіраўніку Украінскага цэнтральнага камітэту Уладзіміру Кубіевічу. Гэтая арганізацыя была створаная на пачатку вайны для актыўнай супрацы з акупацыйнымі ўладамі. У сакавіку 1943 года кіраўнік Генеральнай акругай «Галіцыя» брыгадэнфюрэр СС Вэхтэр дамогся ад Гімлера дазволу на фармаванне з галічан ваеннага злучэння СС у межах дывізіі. Райхсфюрэр СС пайшоў на гэта, аддаючы даніну гістарычнай традыцыі, бо да 1918 года Галіцыя ўваходзіла ў склад Аўстра-Вугорскай імперыі і вызначылася ў Першай сусветнай вайне.

Набор добраахвотнікаў у дывізію абвесцілі 28 красавіка 1943 года, і адразу ж адгукнулася больш за 80 тысяч галіччан, з якіх у шэрагі дывізіі пасля ўважлівага адбору было залічана толькі 14 тысячаў. Яшчэ 8 тысяч добраахвотнікаў былі прынятыя ў склад нямецкай паліцыі. З іх былі сфармаваныя пяць новых паліцэйскіх палкоў з нумарамі ад 4-га да 8-га. У далейшым іх расфармавалі, а асабісты склад выкарыстоўваўся для папаўнення стратаў дывізіі. Немцы не надта давяралі ўкраінскім паліцыянтам.

Паводле звестак украінскіх навукоўцаў, у нямецкіх вайсковых фармаваннях агулам служыла да 250 тысяч украінцаў, а менавіта: 35 тысяч у паліцэйскіх ахоўных батальёнах, 30 тысяч у вафэн-СС, да 50 тысяч у УВВ, 15 тысяч у структурах абвэру, 10 тысяч у юнацкіх фармаваннях СПА, 100 тысяч добраахвотных памочнікаў (гівіс). Разам гэта складала менш за 0,6 % даваеннага насельніцтва Украіны. Нават калі залічыць да вайсковых фармаванняў сельскую самаабарону, якую акупанты фактычна гвалтоўна, шляхам абавязковага запісу стваралі ў 1942 годзе, то дадасца яшчэ 180 тысяч.

Hавiны
«Ганебная памылка». Прэм’ер-міністр Канады перапрасіў за шанаванне ветэрана СС у парламенце
2023.09.28 10:21

Ці мог ведаць тады прафесар Кубіевіч, чым абернецца ягоная ідэя? Ці мог ён уявіць, што «Галіцыя» фактычна зробіцца звычайным нацысцкім фармаваннем, пра якое будуць казаць у Нюрнбэргу? Але чаму ўвогуле з’яўляліся іншыя фармаванні? Прычына ў гісторыі.

Дастаткова згадаць, што Украіна не мела сваёй дзяржаўнасці ў поўным сэнсе гэтага слова. Асаблівую вастрыню ўкраінскае пытанне набыло ў перыяд чэхаславацкага крызісу 1938–1939 гадоў. Абвешчаная Карпацкая Украіна шукала абароны ад верагоднай вугорскай акупацыі і афіцыйна, вуснамі свайго лідара Аўгусціна Валошына, прасіла абароны ў гітлераўскай Нямеччыны. Але ў Гітлера былі стратэгічныя меркаванні наконт хаўрусніцтва з Вугоршчынай і СССР. Акрамя таго, ён не хацеў загадзя псаваць дачыненняў з Польшчай. Спачатку ён адмовіўся ад гэтай прапановы, а потым яшчэ і выключыў магчымасць дзяржаўнай калабарацыі ўкраінцаў.

Нягледзячы на гэта, галоўнай надзеяй у Гетманскім асяроддзі была вайна Нямеччыны супраць СССР. Вось што было напісана літаральна за тыдзень да пачатку ўварвання гітлераўцаў на тэрыторыю СССР у часопісе «Гетманець»:

«Украінцы! Пад цвёрдым ударам пераможнай нямецкай арміі і пад цяжарам новых ідэяў нацыянал-сацыялістычнай рэвалюцыі Адольфа Гітлера абрынецца замшэлы дэмакратычны свет. Надыходзіць новы дзень, закладаюцца асновы для пабудовы новага міжнацыянальнага жыцця ў свеце, ствараюцца добрыя ўмовы на тое, каб і ўкраінскі народ адваяваў належныя яму правы і месца сярод сямʼі свабодных нацыяў».

Сам тэрмін калабарацыянізм не так даўно ўвайшоў у наш ужытак. Ён, як правіла, мае негатыўныя канатацыі.

У шырокім сэнсе слова, калабарацыянізм – гэта ўсвядомленая і добраахвотная супраца з ворагам у яго інтарэсах і на шкоду сваёй радзіме ці яе саюзнікам. У вузкім – супраца, напрыклад, французаў з нямецкімі ўладамі ў перыяд акупацыі Францыі падчас Другой сусветнай вайны.

Атрымліваецца, што сапраўднымі калабарацыяністамі ў Еўропе лічацца французы Пэтэн, Ляваль, бельгіец Дэгрэль, галандзец Мусэрт, нарвежцы Квіслінг і Фуглезанг. Францыя, Бельгія, Галандыя і Нарвегія да вайны былі незалежнымі дзяржавамі. Яны прайгралі вайну, і некаторыя палітычныя лідары і вайсковыя дзеячы сталі калабарацыяністамі ў акупаваных немцамі дзяржавах.

Ці можна параўноўваць украінскі калабарацыянізм з заходнееўрапейскім? Ці была ва ўкраінцаў дзяржава? Тое, што называлі УССР, было вельмі далёкае ад рэальнай дзяржаўнасці. Калі яшчэ ўлічыць, што на працягу першых дваццаці гадоў улады бальшавікоў украінскаму народу прыйшлося перажыць калектывізацыю, два голады 1921–1922 і 1932–1933 гадоў, масавыя рэпрэсіі, маштабныя дэпартацыі і іншае, то пра якія патрыятычныя пачуцці да навастворанай «радзімы» можна казаць?

Акрамя таго, трэба мець на ўвазе, што асноўны ўдарны атрад украінскіх палітычных сілаў, якія змагаліся за незалежнасць падчас Другой сусветнай вайны, фармаваўся з заходніх украінцаў і палітычных эмігрантаў, якія не лічылі сваёй радзімай ні міжваенныя Польшчу, Румынію, Чэхаславаччыну, ні тым больш СССР. Гэта важна ведаць, каб разумець настроі тагачасных украінцаў і прычыны, якія заахвоцілі іх уступаць у шэрагі ваенных фармаванняў пад камандаваннем немцаў.

Украінцы спадзяваліся на іх дапамогу ў барацьбе з бальшавікамі. Брыгада «Галіцыя» на гэтым фоне дыскрэдытавала саму ідэю патрыятызму. Чаму сталі магчымыя такія зверствы ў дачыненні мірнага насельніцтва? Можна яшчэ зразумець жорсткасць у дачыненні бальшавікоў-НКВДыстаў, якія забівалі цэлыя семʼі, але, як зразумець забойствы габрэяў і палякаў? Толькі ў польскім мястэчку Гута-Пеняцка ахвярамі гэтых «ваякаў» сталі больш як 500 мірных жыхароў. «Галіцыя» нічым не адрознівалася ад звычайнага нацысцкага фармавання. Ідэі свабоднай Украіны не маюць да яе ніякага дачынення.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Шыльда прызыўной камісіі для набору добраахвотнікаў у дывізію СС «Галіцыя». Крыніца: bm.img.com.ua / wikipedia.org

Злачынцы павінны панесці пакаранне. Праўда, разам з імі павінны быць пакараныя і тыя, хто таксама расстрэльваў мірных жыхароў, высяляў з дамоў цэлыя народы, і не на загад нацыстаў, а на загад сваіх лідараў, якія ад нацыстаў нічым асабліва не адрозніваліся. Шмат якія прозвішчы вядомыя. Некаторыя можна прачытаць на фасадах дамоў. У іхны гонар названыя вуліцы беларускіх гарадоў і мястэчак. Помнікі ў іх гонар «упрыгожваюць» плошчы. Але тысячы імёнаў хаваюць архівы КДБ. І доступу да іх па-ранейшаму няма.

Не было ў краіне саветаў свайго Нюрнбэргу. Адкуль яму было ўзяцца? Свет асудзіў злачынствы нацыстаў і пачаў ствараць будучыню, а ў краіне-пераможцы працягвалі забіваць мірных грамадзянаў. Нават палонных вайскоўцаў, якіх былыя саюзнікі вярталі на радзіму, расстрэльвалі проста ў партах, каб, як кажуць, двойчы не ўставаць…

Як тут не згадаць гісторыю пра Тоньку-кулямётчыцу, жанчыну, якую ў 1970-я выкрылі і прыгаварылі да расстрэлу за злачынствы ваеннага часу. Пра яе напісаныя кнігі і пастаўлены фільм.

Гэта гісторыя маладой дзяўчыны, якая выходзіла з атачэння з вяземскага катла і спрабавала выжыць. Яе згвалтаваў салдат-аднапалчанін. Потым яна трапіла ў палон да немцаў і пагадзілася, каб выжыць, расстрэльваць партызанаў і чальцоў іхных семʼяў. Яна расстрэльвала іх з кулямёта пад наглядам немцаў. Тонька была адной з трох жанчын, якіх расстралялі па вайне. Галоўнае абвінавачанне: забівала суайчыннікаў на загад акупантаў. Яна сама на судзе казала, што рабіла гэта праз страх за ўласнае жыццё.

А як быць з тымі, якія таксама расстрэльвалі суайчыннікаў, і нават у значна большых маштабах? І не на загад акупантаў, баючыся расстрэлу, а на загад НКВД? Чаму ніхто не жахаецца з гэтай нагоды? Чаму не пастаўлена ніводнага фільму пра іхныя зверствы? Адказ відавочны. Дык, можа, і гэтыя таварышы з адпаведных структураў, якія сёння кідаюць суайчыннікаў-беларусаў у смярдзючыя камеры, ганарацца сваёй службай? Ці адкажуць яны на гэтае пытанне? Дзе і, галоўнае, калі?

Ці дажыве да экстрадыцыі 98-гадовы салдат «Галіцыі»? Ці будуць яго судзіць як нацысцкага злачынцу? Падаецца, гэта нават другаснае пытанне. Галоўнае, што ёсць разуменне і пазіцыя: ён злачынца. Калі падобных да яго таксама прызнаюць злачынцамі?

Hавiны
Ці сапраўды на «антыфашысцкім форуме» ў Менску сустракаліся праціўнікі фашызму
2023.08.21 17:53

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў