«Тэстуюць болевы парог». UEFA дапусціў расейскіх юніёраў, але можа перадумаць


UEFA дазволіў удзельнічаць у сваіх турнірах расейскім юніёрскім зборным. Колішні генеральны сакратар НАК Беларусі Анатоль Котаў у каментары «Белсату» папярэдзіў пра пагрозу расколу ў еўрапейскай футбольнай супольнасці і не выключыў, што UEFA яшчэ зменіць рашэнне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: jcomp / Freepik

Рашэнне, якое шмат каго абурыла, але парадавала Расею, Звяз еўрапейскіх футбольных асацыяцыяў ухваліў 26 верасня. Расейскім камандам з гульцамі ва ўзросце да 17 гадоў дазволілі ўдзел у турнірах пад эгідаю UEFA.

«Дзеці не мусяць быць пакараныя за дзеянні, за якія адказныя толькі дарослыя. Асабліва крыўдна, што праз канфлікт, які трывае, цэлае пакаленне няпоўнагадовых пазбаўленае права ўдзельнічаць у міжнародных футбольных спаборніцтвах», – заявілі ў арганізацыі.

Пры гэтым расейскім юніёрскім зборным не дазволяць гуляць у форме нацыянальных колераў, забароненыя сцягі і гімн, матчы не будуць ладзіць на тэрыторыі Расеі.

Адначасова UEFA зноў асудзіў уварванне ва Украіну і запэўніў, што дыскваліфікацыя астатніх расейскіх зборных, а таксама клубаў, працягнецца да завяршэння вайны.

Hавiны
Міжнародны алімпійскі камітэт не дазволіў беларусам і расейцам браць удзел у Азіяцкіх гульнях
2023.09.02 17:00

«Sky News» даведаўся, што рашэнне далося UEFA нялёгка: тры з пяці віцэ-прэзідэнтаў звязу былі супраць допуску расейскіх юніёраў. Аднак бальшыня чальцоў выканкаму арганізацыі прагаласавалі інакш.

Супрацьлегласць пазіцыяў унутры UEFA пагражае расколам усёй еўрапейскай футбольнай супольнасці, сказаў у каментары «Белсату» былы генеральны сакратар Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі Анатоль Котаў.

«Пытанне вельмі дыскусійнае. З аднаго боку – гэта падлеткі, юнакі. З іншага – даволі дарослыя асобы, і самае галоўнае, калі дапускаюць юнацкія каманды, то з імі прыязджаюць трэнеры, афіцыйныя асобы, якія ўжо зусім не дзеці», – разважае Котаў.

Ён нагадаў, што Украіна адразу адмовілася ад удзелу ў футбольных турнірах разам з расейскімі спартоўцамі:

«Украінская асацыяцыя футболу пацвярджае, што не будзе браць удзелу ні ў якіх спаборніцтвах з удзелам расейскіх камандаў, і звяртаецца да іншых асацыяцыяў-чальцоў UEFA з просьбаю байкатаваць матчы з удзелам камандаў з Расеі».

Цяпер вядома, што байкот падтрымалі ўжо 9 футбольных асацыяцыяў з Вялікай Брытаніі, Польшчы, Даніі, Швецыі, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Ірландыі і Нарвегіі.

«Кіраўніцтва UEFA задумаецца, бо гэта скандал, імідж і грошы. Гэта падзел у еўрапейскай футбольнай супольнасці, якога даўно не было, калі наогул такі падзел калісьці існаваў», – адзначыў суразмоўца «Белсату».

Hавiны
Зборная Украіны па пляжным футболе знялася з ЧС праз удзел беларусаў
2023.09.27 13:05

Былы генеральны сакратар НАК Беларусі назваў нелагічным рашэнне UEFA, бо ўвесну Міжнародны спартовы арбітраж у Лазане пастанавіў, што ў арганізацыі няма абавязку запрашаць тую або іншую зборную на свае турніры.

«Чаму гэта было зроблена менавіта цяпер, сказаць цяжка. Адзіная прычына – UEFA выпрабоўвае Міжнародны алімпійскі камітэт і міжнародную супольнасць на парог прымальных дзеянняў, якія можна стрываць у дачыненні Расеі. Цяпер дапусцілі 17-гадовых спартоўцаў, і калі не будзе сур’ёзнага супраціву, калі не набярэцца 10–15 зборных, якія будуць байкатаваць турніры з удзелам расейцаў, то можна чакаць наступнага кроку», – не выключае Анатоль Котаў.

Ён дадаў, што Расея не спыняе лабіявання, каб скасаваць бан у дачыненні ўсіх сваіх зборных.

«Прысутнасць расейскай зборнай на сур’ёзных міжнародных спаборніцтвах – гэта дадатковая відовішчнасць, дадатковыя грошы. Лабіяванне Расеі ніколі не спыняецца, бо футбол – гэта вялікія грошы. Расейскія клубы цярпяць праз тое, што не выступаюць на міжнароднай арэне. Прэзідэнт UEFA Александэр Чэфэрын вельмі прыхільна глядзіць у бок Расеі і Беларусі, таксама нельга выключаць нейкіх карупцыйных матываў», – сказаў эксперт.

Паводле яго, каб пазбягаць такіх скандалаў, рашэнні мусяць абмяркоўвацца падчас публічных дыскусіяў, а не ў кулуарных перамовах.

Інтэрв’ю
Аляксандр Апейкін: «Мы маем нейкую нявызначанасць з боку МАК і ўсёй міжнароднай спартовай супольнасці»
2023.09.27 14:00

Заснавальнік інтэрнэт-парталу Tribuna.com Дзмітрый Навоша таксама мяркуе, што байкот паўздзейнічае на Звяз еўрапейскіх футбольных асацыяцыяў. Гэтак жа было, калі Расею адхілялі ад турніраў пасля пачатку вайны: шмат якія краіны заявілі, што не будуць гуляць з ёю, і ў UEFA не было іншага выйсця.

«Каляспартовая барацьба будзе працягвацца. UEFA будзе вымушаны звярнуць на гэта ўвагу і не верне расейскія зборныя», – сказаў Навоша ў каментары «Белсату».

Спробы пакрысе пускаць Расею на міжнародныя спаборніцтвы ён назваў памылковай стратэгіяй:

«Нягледзячы на тое, што вайна не стала ані менш крываваю, ані менш жорсткаю, частка спартовых федэрацыяў і арганізацыяў адыходзіць ад татальнага бану расейскага спорту і спрабуе прымаць нейкія больш складаныя рашэнні».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: UEFA / X.com

Медыяменеджар упэўнены, што крокі, падобныя допуску расейскіх юных футбалістаў, будуць толькі павялічваць колькасць скандалаў у міжнародным спорце, а прычына, з якой былі ўхваленыя абмежаванні, «нікуды не падзелася».

«Міжнародны алімпійскі камітэт і UEFA дзейнічаюць згодна з планам паступовага змякчэння санкцыяў і гэтым ствараюць іншую праблему – для саміх сябе, бо шмат якія краіны з такой палітыкай не згодныя», – падсумаваў Дзмітрый Навоша.

6 кастрычніка тэлеканал «Белсат» і Беларускі фонд спартовай салідарнасці зладзяць адкрытыя дэбаты наконт права беларускіх і расейскіх спартоўцаў рэпрэзентаваць свае краіны на міжнародных турнірах, у тым ліку на Алімпійскіх гульнях у Парыжы ў 2024 годзе.

Анонс
Алімпійскія гульні ў Парыжы ў ценю вайны ў Еўропе. Запрашаем на дэбаты на «Белсат»
2023.09.22 13:28

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў