«Падобна, што ідзе чарговая хваля». Масачны рэжым у Баранавічах, але сітуацыя з COVID-19 усюды нядобрая


Тыдзень таму ў Баранавіцкім раёне ўвялі масачны рэжым. Мясцовыя эпідэміёлагі пайшлі на гэты крок, нягледзячы на вялікую нелюбоў Лукашэнкі да медычных масак. Сваё рашэнне абгрунтавалі афіцыйным паведамленнем Міністэрства аховы здароўя пра «пачатак перыяду пад’ёму захворванняў ВРЗ, у тым ліку COVID-19». Але сітуацыя з каронавірусам нядобрая не толькі ў Баранавічах. «Белсат», надзеўшы маску пацыента, пазваніў у прыёмныя некалькіх медычных установаў Беларусі.

«Шпіталізуем вас у «чыстую» палату»

«Ну, разумееце, каронавірусная інфекцыя, яна наагул усюды: і ў аўтобусе, і ў краме, і таксама можа дзесьці ў аддзяленнях зʼяўляцца. Таму тут сказаць, што яна ёсць ці яе няма – ніхто вам гарантыі не дасць. Можам толькі сказаць, што шпіталізуем вас у «чыстую» палату, гэта значыць, што ў каронавірусную не трапіце, калі ў вас планавая аперацыя», – супакоілі ў Баранавіцкім гарадскім шпіталі, калі мы паспрабавалі даведацца, якая там сітуацыя і наколькі вялікая рызыка заразіцца пры шпіталізацыі.

Люди в масках на улицах Минска, масочный режим в городе
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына ў масцы ў аўтобусе ў Менску, Беларусь.
Фота: ПБ / Белсат

У Баранавіцкім занальным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі не назвалі канкрэтнай колькасці хворых на COVID-19, але запэўнілі, што інфікаваных на гэтым тыдні паменела.

«Вы ведаеце, у нас, вядома, ковід рэгіструецца цяпер, але на гэтым тыдні захворвальнасць фіксуецца ніжэйшая, чым на мінулым тыдні. А імавернасць заразіцца маецца заўсёды. Вам трэба добра ўзважыць, што для вас важнейшае – шпіталізацыя ці асцярога заразіцца», – параілі ў Цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.

Таксама паведамілі, што ў арганізацыях аховы здароўя Баранавіцкага раёну ўжо вылучаныя «чырвоныя зоны», але планавых аперацыяў у лякарнях не адмяняюць.

Сітуацыя ў Віцебску: Павальнага ковіду няма…

Ад нашых чытачоў стала вядома таксама, што шмат хварэюць на каронавірус у Віцебску. У абласным шпіталі ўведзены ўнутраны каранцін і масачны рэжым, наведванні абмежаваныя.

«Калі я выпісвалася з лякарні, доктар мне сказаў, што гэта быў адзін з варыянтаў о-мікрона. Кажа, што, верагодна, восенню і зімой так будзе цяпер заўсёды, калі ковід разам з іншымі вірусамі правакуе падʼём прастудных захворванняў. У мяне ўсё праходзіла, як пры звычайнай ВРВІ», – расказала нам чытачка.

На «гарачай лініі» Віцебскага абласнога клінічнага шпіталю запэўнілі, што «павальнага ковіду», як было раней, у шпіталі няма. Але калі аперацыя не экстранная – лепей устрымацца са шпіталізацыяй:

«Бо выпадкі бываюць, зʼяўляюцца і выяўляюцца. Для хворых ковідам у нас спецыяльнае аддзяленне. Калі такія хворыя выяўляюцца ў карпусах, адразу пераводзяцца ў спецыяльнае аддзяленне».

Паводле нашай інфармацыі, у Віцебску ўжо закрылі ў сувязі з ковідам адну лякарню, у планах перапрафіліраванне яшчэ адной.

Доктар: Варта ўвесці масачны рэжым паўсюль у Беларусі

«Падобна на тое, што ў Беларусі  сапраўды ідзе чарговая хваля каронавірусу. Паводле сімптомаў, гэта нагадвае варыянт о-мікрона, пры якім хвароба праходзіць у лёгкай форме і не мае сурʼёзных наступстваў. Але гэты варыянт вельмі заразны», – кажа адзін з лекараў, які працуе ў Менску.

Хуткая дапамога.
Фота: ТК / Белсат

Ён гаворыць, што падчас працы ў прыёмным пакоі заўважыў, як паболела хворых з аддышкай.

«Кіслародазалежныя таксама бываюць, але добра, што іх адсотак пакуль невялікі. І яшчэ: тэст-сістэмы, якія маем у распараджэнні, вірусу гэтага не выяўляюць», – паведаміў лекар.

У гэтай сітуацыі адмысловец раіць людзям, якія маюць фактары рызыкі, прышчапіцца, а для астатніх – «хутчэй на жаданне».

Наш суразмоўца заўважае таксама, што баранавіцкія ўлады зрабілі ўсё правільна, калі абвясцілі масачны рэжым у дзяржаўных установах, на прадпрыемствах, у транспарце і ва ўстановах адукацыі.

«Думаю, гэта вельмі слушны падыход, і варта было б увесці масачны рэжым паўсюль у Беларусі», – мяркуе медык.

Летась 10 кастрычніка Міністэрства аховы здароўя ўвяло ў сувязі з эпідэмічнай сітуацыяй у краіне абавязковы масачны рэжым, але адмяніла яго літаральна праз 10 дзён – пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка падчас адной з нарадаў раскрытыкаваў ідэю абавязковага нашэння масак і вакцынацыі.

10 кастрычніка 2021 года ў Беларусі быў уведзены абавязкомы масачны рэжым. Горадня, Беларусь. 11 кастрычніка 2021 года.
Фота: Белсат

«Паднялі бучу на ўсю краіну: вось я гляджу, у Берасці ўжо штрафаваць пачалі, і ўжо гвалтам, каленам на грудзі прымушаюць вакцынавацца. Я ж вас прасіў не дапускаць гэтага!» – абураўся на нарадзе 19 кастрычніка 2021 года Лукашэнка.

На той момант у краіне бушавала эпідэмія COVID-19.

Дзень таму Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што з 1 кастрычніка ў Беларусі пачынаецца вакцынацыю супраць грыпу. У паведамленні – ні слова пра каронавірус. У афіцыйным лісце ад 21 верасня Міністэрства інфармавала пра падʼём захворванняў ВРВІ, у тым ліку COVID-19. Апошняя афіцыйная статыстыка аб каронавірусе публікавалася 8 верасня і датычыла колькасці прышчэпленых супраць ковіду ў краіне: 6 554 000 чалавек атрымалі адну дозу вакцыны. На пачатку жніўня міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч папярэджваў, што «чарговага падʼёму захворванняў варта чакаць у верасні».

Генеральны дырэктар Сусветнай арганізацыі здароўя заявіў 22 верасня, што колькасць смяротных выпадкаў ад COVID-19 зніжаецца і складае зараз 10 % ад колькасці смерцяў, зафіксаваных у студзені 2021 года. Але ў свеце штотыдзень ад каронавірусу памірае 10 тысяч чалавек.

Інтэрв’ю
«У Нямеччыне буду зарабляць 2800 еўраў на старце». Беларускі хірург распавёў пра жыццё і працу ў эміграцыі
2022.07.30 08:30

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў