Ад Аўтуховіча да Зельцара: каго рэжым Лукашэнкі лічыць «тэрарыстамі»


Даведка
У аўторак 28 верасня ў Менску сілавікі ўварваліся ў кватэру супрацоўніка «Epam Systems» Андрэя Зельцара, якога, як інфармуюць, падазравалі ў датычнасці да тэрарыстычнай дзейнасці. Завязалася страляніна, падчас якой загінуў Андрэй і адзін з сілавікоў – супрацоўнік КДБ.

Цягам 20202021 гадоў у Беларусі назіраецца беспрэцэдэнтны рост колькасці крымінальных справаў, распачатых паводле «тэрарыстычных» артыкулаў. Belsat.eu разбіраўся, каго рэжым Лукашэнкі лічыць «тэрарыстамі», і як улады маніпулююць тэмаю тэрарыстычнай пагрозы.

Да 2020 года выпадкі выкарыстання абвінавачанняў у «тэрарызме» ў палітычных мэтах былі кропкавай з’явай. Часцей за ўсё гаворка ішла не столькі пра пераслед, колькі пра прэвентыўнае запалохванне грамадства на прапагандысцкім узроўні. Напрыклад, напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2006 года тагачасны старшыня КДБ Сцяпан Сухарэнка заявіў, што дзеянні людзей, якія выйдуць на пратэсты, будуць расцэньвацца як тэрарызм і карацца аж да смяротнага пакарання. Аднак насамрэч гэтыя пагрозы не былі зрэалізаваныя: для пераследу пратэстоўцаў у 2006-м «тэрарыстычны» артыкул не выкарыстоўваўся.

Фактычна да 2020 года быў толькі адзін выпадак, калі арт. 289 КК («Акт тэрарызму») стаў сродкам для рэальнага крымінальнага пераследу іншадумцаў: гэта «справа Аўтуховіча» 2009–2010 гг. Супраць Мікалая Аўтуховіча тады сфабрыкавалі абвінавачанне ў падрыхтоўцы замаху на намесніка міністра падаткаў і збораў і старшыню Гарадзенскага аблвыканкаму. Праўда, у судзе абвінавачванні ў тэрарызме былі знятыя.

Мікалай Аўтуховіч, 2016 год.
Фота: belsat.eu

Летась сітуацыя пачала змяняцца. Ва ўмовах палітычнага крызісу і масавых пратэстаў спецслужбы пераўтварылі «тэрарыстычныя» артыкулы Крымінальнага кодэксу ў адзін з ключавых сродкаў пераследу апанентаў і застрашвання грамадства.

Пачатак новага курсу быў пакладзены 27 кастрычніка 2020 года – дзень, на які Святлана Ціханоўская прызначыла агульнанацыянальную забастоўку. Тады ў КДБ заявілі, што некаторыя дзеянні пратэстоўцаў можна лічыць актамі тэрарызму. У прыватнасці, менавіта так чэкісты прапанавалі кваліфікаваць выпадкі падпалу маёмасці і замыкання чыгуначных шляхоў дзеля спынення руху цягнікоў. На наступны дзень такі падыход публічна зацвердзіў Аляксандр Лукашэнка:

«Гэта дзеянні арганізаваных злачынных групаў з прыкметамі тэрарызму. Мы пачынаем сутыкацца з тэрарыстычнымі пагрозамі».

Неўзабаве спецслужбы абвесцілі пра першых затрыманых, якіх вінавацілі ў «тэрарызме»: гаворка ішла пра так званую «групу Аліневіча» і «групу Аўтуховіча».

Справы «групы Аліневіча» і «групы Аўтуховіча»

Анархістаў Ігара Аліневіча, Дзмітрыя Дубоўскага, Дзмітрыя Разановіча і Сяргея Раманава затрымалі ў канцы кастрычніка 2020 года непадалёк ад беларуска-ўкраінскай мяжы. Іх абвінавацілі ў падпале аддзелу ДАІ ў Мазыры і машыны ля будынку пракуратуры ў Салігорску.

Мікалай Аўтуховіч быў затрыманы на пачатку снежня, а разам з ім яшчэ 12 чалавек, якіх КДБ лічыць ягонымі паплечнікамі. «Групу Аўтуховіча» вінавацяць у трох нападах. Першыя два адбыліся 2 кастрычніка 2020 года ў Ваўкавыску: быў падпалены аўтамабіль інспектара мясцовага РАУС і ягоны недабудаваны дом у мікрараёне Паўднёвы.

Вынік атакі на аўтамабілі амапаўца. Звяртае на сябе ўвагу тое, што лабавое шкло засталося цэлае. Скрыншот з відэа АТН / YouTube

Трэцяя акцыя, якую прыпісваюць групе Аўтуховіча, – гэта падрыў аўтамабіля амапаўца Алега Седача. Інцыдэнт адбыўся ў ноч на 20 лістапада ў Горадні. Гаворка ішла пра лёгкі «хлапок», які прывёў толькі да нязначнага пашкоджання пярэдняй часткі аўтамабіля – нават лабавое шкло засталося цэлае.

Аналітыка
Ці сапраўды існавала «тэрарыстычная група» Аўтуховіча? Аналізуем гучную справу
2021.02.26 20:06

Справы «групы Аліневіча» і «групы Аўтуховіча» аб’ядноўвае дзве прынцыповыя акалічнасці. Па-першае, і Аліневіч, і Аўтуховіч сапраўды не верылі ў эфектыўнасць мірных пратэстаў і дапускалі сілавыя метады барацьбы. Як адзначала Валянціна Аліневіч, ейны сын лічыць, што яны з паплечнікамі «скарысталіся правам на паўстанне, бо іншых спосабаў дамагчыся змены гэтага рэжыму народу не пакінулі».

Аўтуховіч неўзабаве пасля затрымання. Скрыншот з відэа ОНТ

Па-другое, ад дзеянняў Аліневіча і Аўтуховіча не пацярпеў ніводны чалавек. Сам характар такіх акцыяў дае падставы меркаваць, што іх арганізатары адмыслова хацелі пазбегнуць ахвяраў: падпалы адбываліся ноччу, калі нікога навокал не было і людзі пацярпець не маглі.

Палітычнае рашэнне

Характэрна, што спачатку за акцыі, якія прыпісваюць Аўтуховічу і Аліневічу, сілавікі на мясцовым узроўні распачыналі крымінальныя справы за «злоснае хуліганства» і «наўмысныя знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці». Аднак потым умешвалася вышэйшае кіраўніцтва і перакваліфікоўвала абвінавачанне на арт. 289 («Акт тэрарызму»). Відавочна, што гэта было палітычнае рашэнне.

Раней такога кшталту падпалы і «хлапкі» спецслужбы Беларусі ніколі не лічылі тэрактамі. У 2010 годзе актывісты Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка і Павел Сырамолатаў кінулі «кактэйлі Молатава» ў будынак бабруйскага КДБ, а ў 2012 годзе жыхарка Віцебску падарвала прымітыўную выбуховую прыладу каля будынку абласнога Камітэту дзяржаўнай бяспекі. У абодвух выпадках ніхто не пацярпеў, і ўлады распачыналі справы паводле менш цяжкіх артыкулахў. Але ў 2020 годзе за аналагічныя дзеянні спецслужбы ўжо заводзілі справы за «тэрарызм».

Агулам, паводле афіцыйнай статыстыкі, за 2020 год у Беларусі было распачата 10 крымінальных справаў за «акт тэрарызму» (арт. 289 КК), 2 справы за «фінансаванне тэрарызму» (арт. 290-1 КК), па адной справе за «садзейнічанне тэрарыстычнай дзейнасці» (арт 290-2) і «стварэнне тэрарыстычнай арганізацыі» (арт. 290-4). Але тое быў толькі пачатак.

Міфічны тэрарызм

У 2021 годзе ўлады пераўтварылі тэму «тэрарызму» ў суцэльны прапагандысцкі міф. Галаслоўна заяўлялася пра здзейсненыя тэракты (паводле Макея, у 2020 годзе іх было ажно восем) і пра падрыхтоўку новых. Спецслужбы паведамлялі пра тайнікі з выбухоўкай і палохалі грамадства тым, што апаненты Лукашэнкі гатовыя пайсці на любыя злачынствы, «не шкадуючы ні жанчын, ні дзяцей».

У канцы сакавіка тэрарыстамі былі абвешчаны апазіцыйныя палітыкі Святлана Ціханоўская і Павел Латушка, а таксама шэраг былых сілавікоў, звязаных з ініцыятывай ByPol. Падставаю для выстаўлення гэтых абвінавачанняў стала вельмі сумнеўная гісторыя з затрыманнем 36-гадовага Вячаслава Малейчука, які нібыта меў намер падарваць дзве самаробныя выбухоўкі (адну ў Менску на дзіцячай пляцоўцы, другую – каля вайсковай часткі ў Печах), але яго спынілі спецслужбы. Афіцыйная версія гучала так: нібыта прадстаўнікі ByPol ананімна праз інтэрнэт далі выпадковаму чалавеку загад здзейсніць тэракты. Прычым сам мужчына не меў ніякіх навыкаў у выбуховай справе, а дапамог яму стварыць бомбу нейкі невядомы грамадзянін, з якім ён пазнаёміўся ў тэлеграм-чаце.

Абсалютна ніякіх сведчанняў датычнасці Ціханоўскай, Латушкі і ByPol да гэтай гісторыі сілавікі не далі, што не замінула ім абвінаваціць апанентаў рэжыму ў «крыважэрнасці» і прыраўняць дэмакратычную апазіцыю да міжнародных тэрарыстаў. У красавіку намеснік міністра ўнутраных справаў Мікалай Карпянкоў нават намякнуў, што сілавікі гатовыя перайсці да іхнай фізічнай ліквідацыі, як толькі паступіць адпаведны загад.

Hавiны
«Як толькі паступіць загад». Карпянкоў намякнуў, што сілавікі гатовыя перайсці да забойстваў апазіцыянераў
2021.04.29 22:49

Улады працягвалі раскручваць «тэрарыстычную» істэрыю і далей. У траўні Лукашэнка скардзіўся, што ніводная краіна ў свеце яшчэ не сутыкалася з такім «шматпланавым, шматузроўневым тэрорам». Але па-ранейшаму ніводнага пацярпелага ад гэтага «тэрарызму» не было.

«Справа АГСБ»

2 ліпеня Лукашэнка абвесціў, што спецслужбы нібыта выкрылі «сонныя тэрарыстычныя ячэйкі», мэтай якіх была «гвалтоўная змена ўлады ў дзень Ікс». У прыватнасці, ён згадаў Telegram-канал «Отряды гражданской самообороны Беларуси» («ОГСБ»), праз які нібыта і вялася дзейнасць «тэрарыстаў». У межах гэтай справы былі арыштаваныя мінімум пяць чалавек.

Аналітыка
Радыкалізм з удзелам КДБ. Што не так з афіцыйнай версіяй «справы ОГСБ»
2021.07.15 07:00

Камітэт дзяржбяспекі абвінаваціў «АГСБ» у правядзенні трох радыкальных акцыяў: спробе падпалу лесанарыхтоўчай тэхнікі, спробе падрыву расейскага вузла сувязі «Вілейка» і спробе нападу на прапагандыста Грыгорыя Азаронка. Усе яны рыхтаваліся пры актыўным удзеле ўкаранёных агентаў КДБ і мелі кантраляваны, пастановачны характар.

Чалавек у бардовай байцы, які спрабуе схапіць Азаронка, – агент КДБ. Дзмітрый Сасноўскі (у чорнай байцы), якога затрымаюць праз секунду, нават не паспеў павярнуцца ў бок прапагандыста. Скрыншот з відэа. Крыніца: ОНТ / YouTube

Напрыклад, менавіта ўзброены чэкіст распачаў штурханіну з Азаронкам. А Дзмітрый Сасноўскі, якога Лукашэнка назваў галоўным выканаўцам нападу, на момант затрымання нават не паспеў падысці да прапагандыста і ніякай зброі з сабой не меў. Кіроўца, які прывёз Сасноўскага і кадэбэшніка на месца, мяркуючы па ўсім, таксама быў працаўніком спецслужбаў.

Згодна з падобнай схемаю праходзілі і астатнія акцыі. Таму шмат у каго паўстала пытанне: ці не было ў дадзеным выпадку правакацыі або падбухторвання да злачынства? Тым больш, што ў КДБ прызнавалі: інфармацыйны рэсурс «АГСБ» кантраляваўся «за кошт укаранення ў гэты чат супрацоўнікаў пад выглядам удзельнікаў».

«Справа ОГСБ» стала нагодай для правядзення ў ліпені «шырокамаштабнай аперацыі для зачысткі ад радыкальна настроеных асобаў». Праз ператрусы, допыты і затрыманні ў межах арт. 289 КК прайшлі дзясяткі і дзясяткі людзей. Іх віна была толькі ў тым, што яны былі падпісаныя на той ці іншы пратэставы чат або проста калісьці ўдзельнічалі ў пратэстах. Выглядае на тое, што большасць затрыманых падчас ліпеньскай «зачысткі» цягам 10 содняў вызвалілі. Некаторыя пры гэтым засталіся ў статусе падазраваных або сведкаў.

«Тэрарызм» – справа сямейная

Пачынаючы з восені 2020 года ў «тэрарыстычны спіс» КДБ было ўнесена больш за 40 грамадзянаў Беларусі – гэта палітыкі, грамадскія дзеячы, блогеры і проста грамадзяне. Рабілася гэта адвольна, без усялякіх тлумачэнняў і судовых рашэнняў. Цэлыя сем’і прызнаваліся тэрарыстамі. Напрыклад, у межах справы Аўтуховіча тэрарыстамі абвесцілі сям’ю Разановічаў (у спіс уключаны Дзмітрый, Сяргей, Павел і Любоў Разановічы). Любоў Разановіч – былая прадпрымальніца, яе муж Сяргей – настаяцель храму Святога Архангела Міхаіла ў Жабінкаўскім раёне. Уся іхная віна ў тым, што ў доме гэтай сям’і Аўтуховіч жыў некаторы час.

Любоў Разановіч і Мікалай Аўтуховіч падчас следчых дзеянняў. Скрыншот з відэа ОНТ / YouTube

У верасні КДБ паведаміла пра затрыманне сям’і Вайцяховічаў, якая нібыта за «заходнія грошы» планавала «тэрарыстычныя атакі». Гэта была самая звычайная сям’я: 54-гадовы Віталь працаваў на вытворчасці вокнаў, ягоная жонка 47-гадовая Вольга займалася манікюрам, іхны 26-гадовы сын Віталь працаваў у таксі, а ягоная жонка Анастасія – у краме тавараў для жывёлаў.

Сямʼю Вайцяховічаў абвінавацілі ў тым, што яны кінулі два «кактэйлі Молатава» ў дом дэпутата Алега Гайдукевіча. Пажару не адбылося, ад гэтых дзеянняў ніхто не пацярпеў і не мог пацярпець, бо дома ў той час нікога не было. Але спецслужбы ўсё роўна кваліфікавалі гэта як «акт тэрарызму».

Неўзабаве быў затрыманы і 45-гадовы нарадзінец Ліды Сяргей Сакалоў, якога КДБ таксама абвінаваціў у падрыхтоўцы «замаху» на Гайдукевіча і ў іншых нападах. Ён нібыта падрыхтаваў «схроны са зброяй» для іншых «экстрэмісцкіх групаў».

Справы за «рэйкавую вайну»

Актам тэрарызму ў Беларусі таксама лічыцца блакаванне чыгункі. Толькі ў перыяд з кастрычніка 2020 года да сакавіка 2021 года за гэта распачалі 92 крымінальныя справы, чатыры з іх – паводле «тэрарыстычных артыкулаў».

25 верасня 2021 года ў МУС заявілі пра затрыманне «выканаўцаў тэрактаў» на Магілёўшчыне – трох жыхароў Бабруйску 27, 30 і 45 гадоў. Мужчынаў вінавацяць у тым, што яны закладалі «прадметы, падобныя на выбуховыя прылады» на рэйках, а таксама каля кіёска «Табакерка». Як вынікае з відэа МУС, гаворка ідзе не пра бомбы, а менавіта пра вучэбныя міны і муляжы. То бок ад гэтых дзеянняў нават тэарэтычна ніхто не мог пацярпець. Таксама як «тэракт» сілавікі кваліфікавалі падпал ціру, які належыць в/ч 5527. Пацярпелых і там не было.

Hавiны
У МУС заявілі пра затрыманне «выканаўцаў тэрактаў» на Магілёўшчыне
2021.09.25 21:46

У прэс-рэлізе, прысвечанаму затрыманню жыхароў Бабруйску, адзначалася, што цяпер высвятляюцца іншыя асобы, «якія могуць быць датычныя да акту тэрарызму ў сталіцы». Пры гэтым не ўдакладнялася, пра які «акт тэрарызму» ў Менску ідзе гаворка і калі ён адбыўся.

Першы прысуд

Дакладная колькасць «тэрарыстычных справаў», распачатых у перыяд 2020–2021 гадоў, не вядомая. Але, мяркуючы са звестак з адкрытых крыніцаў, іх ужо не менш за паўсотні (нагадаем, толькі ў тэрарыстычным спісе КДБ больш за 40 імёнаў).

Ягор Міхайлаў.
Фота: spring96.org

Судовы вырак паводле арт. 289 КК быў вынесены пакуль што толькі адзін. 26-гадовага менчука Ягора Міхайлава звінавацілі ў тым, што ён кінуў «кактэйль Молатава» з надпісам «ОГСБ» у танк Т-72 у вайсковым эшалоне на чыгуначнай станцыі ў Сцяпянцы. Экіпажу ў танку было, патрулі на станцыі нават не заўважылі ўзгарання, а ўлады спачатку наогул называлі інфармацыю пра інцыдэнт фэйкам. Але ў выніку Ягора Міхайлава пакаралі 10 гадамі пазбаўлення волі.

Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем. Яны падкрэсліваюць, што прысуд быў непрапарцыйны і неадэкватны, бо падпал не пацягнуў пашкоджання маёмасці і не пагражаў людзям. А дзеянні самога Міхайлава былі выкліканыя адсутнасцю расследавання злачынстваў сілавікоў і «расчараваннем у здольнасці ўладаў спыніць беззаконне».

  • З лета 2020 года адбываюцца самыя масавыя ў найноўшай гісторыі Беларусі рэпрэсіі. Цягам года ўва ўсёй краіне распачалі больш за 4690 крымінальных справаў, звязаных з пратэстамі. На 29 верасня 702 асобы прызнаныя палітычнымі вязнямі.
  • З лета 2020 года тысячы пратэстоўцаў па ўсёй краіне сталі ахвярамі мэтанакіраваных катаванняў, каля 35 000 чалавек затрыманыя ў адміністратыўным парадку. Згодна з рознымі ацэнкамі, ад 4 да 15 асобаў загінулі ў выніку дзеянняў сілавікоў. Пры гэтым ні за катаванні, ні за забойствы да адказнасці нікога не прыцягнулі.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў