«Я не разумею, як іх тэхнічна правесці». Украінскі палітолаг пра правядзенне выбараў падчас вайны


У кастрычніку ва Украіне меліся б адбыцца выбары ў Вярхоўную Раду, а ўвесну – выбары прэзідэнта. Аднак ва ўмовах ваеннага становішча, якое абвешчана на тэрыторыі краіны ў сувязі з вайной, правядзенне выбараў забаронена. Тым не менш размоваў вакол гэтай тэмы становіцца ўсё больш.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Yannis Behrakis / Reuters / Forum

«Белсат» спытаў ва ўкраінскага палітолага Яўгена Магды, ці могуць адбыцца выбары ва Украіне, каму выгадна фарсіраваць гэтую тэму зараз і наколькі ўкраінскае грамадства хвалюе гэтая тэма на сённяшні дзень?

Ці будуць выбары?

Як адзначыў Яўген Магда, украінскае заканадаўства забараняе праводзіць выбары падчас ваеннага стану. Таму да сярэдзіны лістапада 2023 года, пакуль дзейнічае ваенны стан, а тым болей пасярэдзіне зімы, выбары праводзіць дакладна ніхто не будзе.

Так, зараз як мінімум двое заходніх палітыкаў (прэзідэнт ПАРЕ Ціні Кокс і сенатар Лінсі Грэм) выказаліся за тое, каб выбары адбыліся ў наступным годзе. Але мы разумеем, адзначыў украінскі палітолаг, што правядзенне выбараў у такой сітуацыі – гэта не першачарговая задача.

«Я проста з уласнай званіцы скажу, што, не з’яўляючыся вялікім прыхільнікам Зяленскага, я не буду зараз тапіць за выбары любой цаной, таму што я не разумею, як іх тэхнічна правесці», – сказаў Яўген Магда.

Эксперт выказаўся таксама адносна заявы Зяленскага аб тым, што выбары можна правесці, але для гэтага трэба 5 мільярдаў долараў і назіральнікі ў акопах. Магда падкрэсліў, што не разумее, адкуль можна набраць гэтых назіральнікаў – з якой міжнароднай арганізацыі і ці шмат знойдзецца такіх адчайных людзей, гатовых у касках, пад абстрэламі выконваць такія функцыі, маючы рэальную пагрозу загінуць.

«Я скажу так, што патрэбна разуменне, і пра гэта трэба весці камунікацыю ўкраінскай уладзе, што выбары для Украіны важныя, але ўсё ж такі больш важнай з’яўляецца перамога над Расеяй, і ў гэтым напрамку мы павінны і працаваць», – абазначыў эксперт сваю пазіцыю.

Ці хвалюе ўкраінцаў тэма выбараў?

Яўген Магда адзначыў, што сярод украінцаў зараз няма агульнага трэнду зацікаўленасці выбарамі. Хоць сярод некаторых палітыкаў адчуваецца пэўнае ажыўленне: напрыклад, Юлія Цімашэнка больш актыўна пачала ездзіць па рэгіёнах.

Але пры гэтым палітолаг адзначыў, што цяперашняя сітуацыя з’яўляецца такой, калі выбары змогуць адцягнуць лепшых людзей для ўдзелу ў выбарчай кампаніі, замест таго, каб засяродзіцца на перамозе над Расеяй.

«У сітуацыі, калі стаіць пытанне паміж выбарамі і выжываннем, думаю, пераважная большасць людзей паставіць на выжыванне, на перамогу», – адзначыў наш суразмоўца.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Yevhen Kotenko / Zuma Press / Forum

На пытанне аб тым, ці не выкліча абурэння ва ўкраінскім грамадстве сітуацыя, калі Уладзімір Зяленскі застанецца на прэзідэнцкай пасадзе без правядзення выбараў, Яўген Магда адказаў адмоўна.

«Я вам скажу, што пасля 24 лютага 2022 года існуе ў прынцыпе нефармальны кансэнсус наконт таго, што Зяленскі будзе тым прэзідэнтам, які, відавочна, будзе заканчваць вайну», – адзначыў эксперт і яшчэ раз падкрэсліў, што нейкага грамадскага ціску аб тым, што трэба хутка змяніць Зяленскага на каго-небудзь іншага, ён не адчувае.

«Паўтаруся, я не з’яўляюся яго [Зяленскага] прыхільнікам, я не ягоны выбарнік, я хутчэй ягоны апанент. Але я разумею, што крытыкаваць прэзідэнта, вярхоўнага галоўнакамандуючага ва ўмовах вайны – гэта гуляць, перш за ўсё, на баку ворага», – сказаў Яўген Магда.

Ці паспрабуе Расея памяняць Зяленскага?

Мы таксама пацікавіліся ў палітолага тым, ці будзе сітуацыю з выбарамі раскручваць Расея, спадзеючыся на тое, каб змяніць Зяленскага на каго-небудзь іншага, хто быў бы больш згаворлівы і гатовы да перамоваў з ёй. На гэта Яўген Магда адказаў, што нават не ўяўляе сабе кандыдата на якую-небудзь выбарчую пасаду, які б падчас выбараў сказаў, што ён супраць перамогі над Расеяй або што ён дапускае, што перамога над Расеяй не патрэбна.

«Яго проста прынамсі палітычна знішчаць. Я не хачу казаць пра нейкія іншыя варыянты, але гэта будзе палітычны труп. Гэта я магу сказаць цвёрда і дакладна. Зараз больш за 90 % грамадзянаў Украіны вераць у тое, што Украіна дасць адпор Расеі. Таму на што можа разлічваць кандыдат, калі ёсць такія грамадскія настроі?» – адзначыў Яўген Магда.

Ці будуць даціскаць саюзнікі?

Яўген Магда адзначыў, што ў 2024 годзе будуць адбывацца выбары ў Еўрапарламент, брытанскі парламент, у Злучаных Штатах таксама будуць праходзіць выбары прэзідэнта. У сувязі з гэтым, на думку палітолага, так ці іначай будуць абмяркоўвацца такія тэмы, як «дэмакратычнай краінай з’яўляецца Украіна ці не?», «трэба ёй дапамагаць ці не трэба?» і іншыя.

«Таму рыторыка на тэму выбараў, безумоўна будзе гучаць. Але давайце будзем рэалістамі і будзем разумець, што існуе ўкраінскае заканадаўства, і калі мы хочам выстаяць у барацьбе з ваеннай агрэсіяй Расеі, то павінны давесці сваім саюзнікам тое, што ёсць моманты, калі выбары трэба адкласці, да перамогі. Я думаю, што гэта выклік, з якім украінская дыпламатыя справіцца», – адзначыў эксперт.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў