Вайсковы пераварот у Нігеры і лясныя пажары ў Грэцыі. Сабралі галоўныя здымкі тыдня


Збіты пратэстовец падчас новай хвалі пратэстаў у Ізраілі, вайсковы пераварот у Нігеры, новы сусветны рэкорд у фрыдайвінгу і ратаванне жывёлінаў падчас лясных пажараў на астравах Грэцыі – сабралі часам кранальныя, часам шакавальныя здымкі ў штотыднёвай фотападборцы.

Людзі назіраюць за лясным пажарам на харвацкім востраве Чыўва (Čiovo). На барацьбу з агнём прыцягнулі больш за 130 пажарнікаў. Чыўва, Харватыя.
Фота: Antonio Bronic / Reuters / Forum
Пратэстоўцы блакуюць шашу пасля галасавання ў парламенце аб спрэчным законапраекце, які абмяжоўвае права Вярхоўнага Суда адмяняць рашэнні, прынятыя ўрадам. Тэль-Авіў, Ізраіль.
Фота: Corinna Kern / Reuters / Forum
Паліцыя цягне збітага дэманстранта для затрымання падчас акцыі пратэсту ў Тэль-Авіве. Ізраільскія заканадаўцы ўхвалілі ключавую частку плану прэм’ер-міністра Бэньяміна Нэтаньягу змяніць сістэму правасуддзя ў краіне, нягледзячы на масавыя пратэсты, якія трываюць са студзеня гэтага года. Тэль-Авіў, Ізраіль.
Фота: Ariel Schalit / AP Photo / East News
Венгерка Фатыма Корак (Fatima Korok) паставіла сусветны рэкорд, апусціўшыся на ўдыху на глыбіню 102 метры на спаборніцтвах па фрыдайвінгу «Vertical Blue» на Багамскіх астравах. Агулам жанчына правяла пад вадой 3,47 хвіліны.
Фота: Daan Verhoeven / mediadrumimages / East News
Ратавальнік трымае ката і двух трусоў, якіх выратаваў ад агню на грэцкім востраве Родас (Ρόδος). З 17 ліпеня ў Грэцыі трываюць лясныя пажары, якія вымусілі больш за 30 тысяч чалавек пакінуць свае дамы. Родас, Грэцыя.
Фота: Spyros Bakalis / AFP / East News
Пажар ахапіў лес на поўнач ад прыбярэжнага гораду Генадзі (Γεννάδι) у паўднёвай частцы грэцкага востраву Родас. Лясныя пажары ў Грэцыі не рэдкасць, асабліва ў перыяды засухі. Аднак навукоўцы ўсё больш занепакоеныя тым, што змена клімату прывядзе да пачашчэння і ўзмацнення экстрэмальных зʼяваў надворʼя ўва ўсім свеце, у тым ліку лясных пажараў. Генадзі, Грэцыя.
Фота: Angelos Tzortzinis / AFP / East News
Мужчына праходзіць каля спаленай лясным пажарам тэрыторыі на востраве Касіёпі (Κασσιόπη). Лясныя пажары бушуюць у Грэцыі на фоне высокіх тэмператураў, агнём ахопленыя ў тым ліку астравы Родас і Корфу (Κέρκυρα). Касіёпі, Грэцыя.
Фота: Armend Nimani / AFP / East News
Затопленая паркоўка ў горадзе Вялікая Нойда (Greater Noida), што месціцца за 40 км ад Нью-Дэлі. У выніку мусонных дажджоў рака Гіндан (Hindon) выйшла з берагоў і падтапіла наваколле. Вялікая Нойда, Індыя.
Фота: Shubham Koul / AFP / East News
Баржа прышвартаваная ўздоўж высахлага рукава ракі Люара (Loire) у камуне Люараксанс (Loireauxence), Францыя.
Фота: Stephane Mahe / Reuters / Forum
Медыкі дапамагаюць параненаму ўкраінскаму вайскоўцу ў прыфрантавым медычным стабілізацыйным пункце ў Запарожскай вобласці, Украіна.
Фота: Katerina Klochko / AP Photo / East News
Валанцёры ў гідракасцюмах дапамагаюць грындам (або чорным дэльфінам), якія выкінуліся на бераг аўстралійскага пляжу Шэйнз (Cheynes). Папярэдне вядома, што амаль сотня грындаў села на мель, 51 асобіна загінула, а сарака шасці дапамаглі валанцёры. Шэйнз, Аўстралія.
Фота: Western Australia Department Of Biodiversity, Conservationa And Attraction / AFP / East News
Прыхільнікі прэзідэнта Мухамэда Базума сабраліся на дэманстрацыю ля нацыянальнай асамблеі ў Ньямэ. У Нігеры адбыўся вайсковы пераварот: прэзідэнцкая гвардыя Ньямэ на чале з генералам Умарам Тшыяні (Omar Tchiani) зняла з пасады і затрымала прэзідэнта краіны Мухамэда Базума (Mohamed Bazoum). Новая вайсковая хунта адмяніла дзеянне Канстытуцыі і ўвяла каменданцкую гадзіну ў краіне. Ньямэ, Нігер.
Фота: AFP / East News
Людзі хаваюцца на станцыі метро «Тэатральная» падчас паветранай трывогі ва ўкраінскай сталіцы. Кіеў, Украіна.
Фота: Roman Pilipey / AFP / East News

Агата Квяткоўская belsat.eu

Стужка навінаў