Падобна, МВФ дасць Беларусі амаль мільярд долараў. Але ці дазволяць ім скарыстацца?


Міжнародны валютны фонд мае даць усім 192 краінам-чальцам фінансавую дапамогу на барацьбу з наступствамі пандэміі каронавіруса. Беларусі можа дастацца эквівалент $ 950 млн.

Долары ЗША. Менск, Беларусь. 27 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Але ёсць нюансы: краінам даюць не долары, а SDR, і могуць выдаць не адразу, і некаторыя беларусы просяць наогул не даваць грошы ўладам Беларусі. Эканаміст Яраслаў Раманчук растлумачыў «Белсату», чаму дапамогу, хутчэй за ўсё, дадуць, але не выключана, што ўлады Беларусі не змогуць ёй скарыстацца.

Раманчук кажа: гэта не крэдыт, які просіць Беларусь, а грошы, які МВФ дае ўсім сваім акцыянерам (да якіх Беларусь адносіцца з 1992 года). МВФ пастанавіў, што кожная краіна мае атрымаць грошы без ніякіх умоваў. Трэба проста быць чальцом МВФ, а суму разлічваюць паводле квотаў, адпаведных маштабам і характарыстыкам эканомікі.

Валерый Кавалеўскі.
Фота: Telegram / CabinetST

Кіраўнік Кабінету Ціханоўскай, яе прадстаўнік у замежных справах Валер Кавалеўскі ў каментары «Белсату» адзначае: тое, што можа даць МВФ, гэта не крэдыт, бо адсоткі за выкарыстанне сродкаў не налічваюцца. Ён пацвярджае, што грошы выдаюцца ўсім краінам, ад ЗША да Зімбабвэ, незалежна ад палітычнай сітуацыі. Грошы могуць даць да канца жніўня ці цягам верасня.

Фармальна грошы выдаюцца на барацьбу з наступствамі пандэміі каронавіруса, але сродкі могуць пайсці на што заўгодна – толькі ўрад дзяржавы будзе кантраляваць, куды і як яны выкарыстоўваюцца, кажа Раманчук. Урад Беларусі можа пусціць іх на пагашэнне ранейшых крэдытаў і знізіць даўгавы ціск на эканоміку.

Аднак Кавалеўскі лічыць, што ёсць магчымасць спыніць выдачу грошай уладам Беларусі. Ён прыводзіць прыклад Венесуэлы, але там – абсалютнае непрызнанне ўраду Нікаласа Мадура, а ёсць прызнанне ягонага апанента Хуана Гуаідо як сапраўднага легітымнага кіраўніка. У Беларусі няма двухуладдзя (Лукашэнка дэ-факта працягвае кіраваць краінай), але Офіс Ціханоўскай прапрацоўвае розныя варыянты, каб спыніць выдачу грошай, якія, перакананыя ў Офісе, пойдуць зусім не на аднаўленне пасля пандэміі.

Сродкі выдаюць у «спецыяльных правах пазыкі» («Special Drawing Rights», SDR). Гэта вельмі ліквідны плацежны інструмент МВФ, тлумачыць Раманчук, і «эсдээркі» можна прадаць даволі лёгка, абмяняць іх хоць на долары, хоць на расейскія рублі ў іншай краіны – чальца МВФ. Раманчук перакананы, што SDR шмат хто захоча купіць, праблемы не будзе.

Кавалеўскі ж мяркуе, што не даць ураду Лукашэнкі атрымаць грошы можна якраз праз блакаванне магчымасці абмяняць SDR на грошы. Ён кажа, забягаць наперад не варта, але маецца і такі ход, і іншыя тэхнічныя і палітычныя хады, каб спыніць перавод грошай. Працаваць варта ў тым ліку з краінамі, якія могуць абмяняць SDR ураду Лукашэнкі на долары або іншую валюту.

Яраслаў Раманчук у праграме «ПраСвет» на «Белсаце». 15 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

«Гэта пытанне, што будзе больш мець прававую вагу, – разважае Раманчук. – Тое, што напісана ў статуце МВФ, і тое, што Беларусь з’яўляецца чальцом МВФ, плаціць унёскі і атрымлівае грошы, якія зарабіў фонд, або той санкцыйны рэжым і рэжым не-супрацы, які дзейнічае сёння адносна Беларусі».

Можа быць прынятае фармальнае рашэнне аб выдачы сродкаў, але магчыма, што грошы будуць прытрымлівацца да тых часоў, пакуль не будзе зменены санкцыйны рэжым, мяркуе Раманчук. Варыянтаў, як выдаткаваць і не аддаць грошы, шмат.

Ужо год беларускія эканамісты кажуць, што даваць Беларусі крэдыт не трэба, бо грошы пойдуць зусім не на тыя мэты, на якія іх даюць, кажа Раманчук. Супраць крэдыту МВФ для рэжыму Лукашэнкі выступаюць і Святлана Ціханоўская, і Павел Латушка, і іншыя палітыкі і актывісты. Аднак ёсць статут МВФ, і калі краіна застаецца чальцом арганізацыі ды няма рашэння аб пераводзе яе ў нейкі іншы рэжым супрацы з МВФ, то фармальна краіна можа атрымаць крэдыт, кажа Раманчук.

«Я думаю, што з высокай ступенню верагоднасці гэтыя грошы беларускі ўрад атрымае», – рэзюмуе Раманчук.

АА belsat.eu

Стужка навінаў