Як нафтабарон Лукашэнкі хаваецца ад санкцыяў. Расследаванне «Белсату»


У беларускага алігарха Мікалая Вараб’я могуць адабраць нафтапрадуктаправод ва Украіне. Сілавікі разбіраюцца, як стратэгічны аб’ект працягласцю 1,4 км апынуўся ў прыватных руках.

Пакуль ідзе следства, на маёмасць накладзены арышт. Аб гэтым распавядае Арцём Дэхцярэнка, спікер Службы бяспекі Украіны:

«Найвышэйшы антыкарупцыйны суд Украіны наклаў арышт на частку магістральнага нафтапрадуктаправоду «Самара – Заходні кірунак». Рашэнне прынялі на падставе доказаў, сабраных СБУ ў супрацы з іншымі праваахоўнымі органамі. Арыштаваная ўся маёмасць стратэгічнага аб’екту, улучна з інфраструктурай і збудаваннямі, якія размяшчаюцца ва Украіне. Гэтая маёмасць будзе перададзеная ад камерцыйнай структуры Нацагенцтву ў пытаннях выяўлення, вышуку і кіравання актывамі, атрыманымі ад карупцыйных і іншых злачынстваў. Службаю бяспекі Украіны і Нацыянальным антыкарупцыйным бюро праводзяцца мерапрыемствы для перадачы нафтапрадуктаправоду пад кантроль дзяржаўнага акцыянернага таварыства «Укртранснафта».

Графіка «Белсату»

Нафтапрадуктаправод «Самара – Заходні кірунак» ідзе праз заходнюю Украіну і належыць кампаніі «Прыкарпатзахадтранс». Ён выкарыстоўваецца для пампавання дызельнага паліва з Расеі і Беларусі ва Украіну і Еўропу. «Трубу» пабудавалі яшчэ за савецкім часам.

Пасля развалу саўка яна павінна была перайсці ва ўласнасць Украіны, але гэтага не адбылося. Доўгі час магістраль належала расейскай «Транснафце», а потым перайшла пад кантроль Віктара Медведчука і Мікалая Вараб’я. Гэта пацвердзіў Сяргей Куюн, дырэктар кансалтынгавай групы «А-95»:

«Гэта сапраўды такі шматпакутны аб’ект. Ён быў пабудаваны яшчэ за часоў Савецкага Саюзу. І, у адрозненне ад, напрыклад, нафтаправоду «Дружба», магістральных нафтаправодаў, якія перайшлі ва ўласнасць Украіны, – вось гэты нафтапрадуктаправод застаўся ва ўласнасці расейскай «Транснафты». Гэты працэс цягнуўся з 1995 года, збіраліся нейкія працоўныя групы, былі судовыя працэсы, але да 2015 г. гэта труба ўсё роўна заставалася ва ўласнасці «Транснафты». І, па сутнасці, адбыўся яе продаж кампаніі «ІТР International Trading Partners» з бенефіцыярам Анатолем Шэферам. Я не сустракаў людзей, якія б ведалі яго. Але ў размовах пачалі звязваць гэтае набыццё і пачатак актыўнай працы ў 2016 годзе гэтай магістралі з імем прарасейскага палітыка Віктара Медведчука. Гэта па сутнасці кіраўнік прарасейскага руху, праварасейскай фракцыі парламенту, лідар партыі «Опозиційна платформа – За життя», кум Пуціна».

Віктар Медвядчук і Уладзімір Пуцін падчас сустрэчы ў Нова-Агарове, 2020 год.
Фота: Аляксей Дружынін / ТАСС / Forum

Нацыяналізацыю нафтапрадуктаправоду эксперты лічаць стратэгіяй уладаў для ціску на лабіста расейскіх інтарэсаў ва Украіне Віктара Медведчука. Нядаўна ва Украіне спынілася трансляцыя трох тэлеканалаў, якія належаць ягонаму паплечніку Тарасу Козаку.

Меркаванні
Патаптацца па расейскім самалюбстве? А што – так было можна?!
2021.02.20 18:07

Купля гэтых каналаў ажыццяўлялася ў тым ліку праз вараб’ёўскі «Абсалюбанк». Ад гэтага ж банку Медвядчук атрымаў ганарар 2,3 млн грыўняў.

Аб сувязях Медведчука распавядае Сяргей Куюн, дырэктар кансалтынгавай групы «А-95»: «Няма, напрыклад, ні ў адной з кампаніяў, якія звязаныя з працай і пастаўкамі дызельнага паліва з Расеі па трубе і без трубы, праз «Роснефть» – нідзе няма Медведчука. Але, напрыклад, часта ўспамінаю, што папярэднічала куплі Варабʼём трубы – гэта некалькі візітаў Медведчука да Лукашэнкі. Ва Украіне таксама ў бізнес-колах, у палітычных колах разумеюць, што Мікалай Мікалаевіч такое рашэнне, напэўна, не прыняў бы без блаславення з боку прэзідэнта. У гэтым ёсць поўная такое разуменне, што такія праекты, завязаныя на палітыку і з інтарэсамі Расейскай Федэрацыі, усё ж такі не прыватная ініцыятыва».

«ПрикарпатЗападТранс» назвала дзеянні ўкраінскіх уладаў спробай незаконнага захопу прадпрыемства. Уласнікі зазначылі, што не парушаюць законаў і намераныя абараняць сваю маёмасць ад рэйдарскага захопу пад лозунгам «справядлівай бальшавіцкай» нацыяналізацыі. «ПрикарпатЗападТранс» пракаментаваў сітуацыю: «Шарыкаўскі» намер адабраць уласнасць у «дрэнных» прыватных уладальнікаў і аддаць «добрым» дзяржаўным кіраўнікам відавочны. Лозунг 1917 «адабраць і падзяліць» зноў набірае папулярнасць».

Паводле радыё «Свабода», транспартаванне нафтапрадуктаў па трубапровадзе спыненае 15 лютага. Але адсутнасць пампавання праз «ПрикарпатЗападТранс» не мусіць выклікаць дэстабілізацыі на ўкраінскім паліўным рынку, бо ён максімальна дыверсіфікаваны.

Частка нафтаправоду «Адэса – Броды».
Фота: RIA News

На гэты конт выказаўся Аляксандр Сірэнка, аналітык кампаніі UPECO: «Ужо было, калі не працаваў гэты нафтапрадуктаправод, ва Украіне нічога не адбылося. Вядома ж, мы заўважылі яго адсутнасць, але мы паўтара года – з 2014 да 2015 года – пражылі і, уласна, ва Украіне нічога такога глабальнага на рынку не адбылося. Нават наадварот, у нас адкрыліся новыя напрамкі. У нас па-іншаму пачалі глядзець на марскія пастаўкі. І, уласна, на іх і робіцца стаўка цяпер».

Пастаўкі дызельнага паліва – не адзіны бізнес Вараб’я ва Украіне. Ён пастаўляе нашым паўднёвым суседзям дарожны бітум. Паводле звестак «А-95», за мінулы год Нафтабітумны завод паставіў амаль 60 тыс. т бітуму. У параўнанні з 2019 годам пастаўкі выраслі на 74 %.

Доля кампаніі ў агульным спажыванні склала каля 7 %. Пра якасць беларускага бітуму распавядае Аляксандр Сірэнка, аналітык кампаніі UPECO: «Беларускі бітум добрай якасці. Нафтабітумны завод мае магчымасць дадаваць эмульсіі, якія ёсць у вытворчай наменклатуры. Гэтыя эмульсіі павышаюць якасць. Сказаць, што там нейкую дамінантную ролю маюць, складана, бо былі і іншыя абʼёмы з іншых заводаў, з іншых напрамкаў. У тым ліку і наўпрост з Мазыра – з Мазырскага НПЗ».

Фота: Reuters

Схема з растваральнікамі

У Беларусі адзін з ключавых актываў Мікалая Вараб’я – буйны нафтатрэйдар «Інтэрсэрвіс», што месціцца ў Наваполацку. Варабей стаў ягоным уладальнікам на пачатку 2000-х. «Інтэрсэрвіс» падазравалі ў бязмытных закупах расейскіх нафтапрадуктаў і перапродажы іх у краіны Еўразвязу пад выглядам растваральнікаў ды разбаўляльнікаў. Гэтая схема на мільярды долараў за год доўжылася паўтара года – з пачатку 2011-га да сярэдзіны 2012-га. Расейскія ўлады перапынілі яе праз некалькі месяцаў пасля таго, як журналісцкае расследаванне аб гэтай схеме абнародаваў беларускі партал Naviny.by і расейская «Новая газета».

Таксама, паводле Naviny.by, беларускія рээкспарцёры прадавалі расейскія нафтапрадукты на захад паводле істотна заніжаных коштаў, пакідаючы істотную частку прыбыткаў ад гэтай схемы за мяжой. Гэта пацвердзіла Таццяна Манёнак, эканамічная аглядальніца, экспертка ў энергетычнай сферы: «Фактычна гэта быў рээкспарт расейскіх нафтапрадуктаў. Удзельнічалі не толькі беларускія бізнесоўцы, але і расейскія, і казахскія – гэта быў бізнес на мяжы нейкіх заканадаўчых парушэнняў».

У 2012 годзе «Інтэрсэрвіс» набывае дзяржаўнае прадпрыемства «Вёска ЭмульБіт» за 4,5 млн долараў. Кампанія мяне назву на «Нафтабітумны завод». Зараз гэта вядучы вытворца бітумаў у Беларусі. Гэтая кампанія засвяцілася ў шэрых схемах з рээкспартам расейскіх нафтапрадуктаў ужо ў 2018-м годзе.

У адрозненне ад 2011-га і 2012-га гадоў, калі бензін і дызель рээкспартавалі з Беларусі пад выглядам хімічных прадуктаў, гэтым разам нафтапрадуктаў не хавалі, а проста выдавалі за вырабленыя ў Беларусі. Аб гэтым распавядае Таццяна Манёнак, эканамічная аглядальніца, экспертка ў энергетычнай сферы:

«Расея пра гэта ведала, і потым, фактычна з 2018 года, ужо ў канцы, было прынятае рашэнне ўсталяваць квоты на імпарт расейскіх нафтапрадуктаў, каб забараніць экспарт сублімаваных нафтапрадуктаў».

«Новая нафтавая кампанія»

У мінулым годзе вараб’ёўскі «Інтэрсэрвіс» стаў заснавальнікам «Новай нафтавай кампаніі». Паводле крыніцаў на рынку, кампаніі належыць 75 % акцыяў. Астатнія 25 % – Беларускай чыгунцы і Банку развіцця.

«Новая нафтавая кампанія» стала эксклюзіўным пастаўляльнікам нафтапрадуктаў з беларускіх заводаў. Раней гэтым займалася толькі дзяржаўная Беларуская нафтавая кампанія. На гандлі нафтапрадуктамі Беларусь зарабіла $ 2,7 млрд у 2020 годзе, а ў 2019 годзе – $ 5,2 млрд. Гэта пацвердзіў Аляксандр Заяц, эканамічны аглядальнік:

«Там была гісторыя, што БНК быў манапаліст. Было шмат крытыкі на іх адрас. І тут зʼявілася ідэя: давайце паглядзім яшчэ адну кампанію, каб БНК паказала сваю эфектыўнасць. Прынамсі, я такую гісторыю чуў. І тут зʼявілася прапанова стварыць ННК, паглядзець, хто з іх зможа лепш і больш эфектыўна прадаваць нафтапрадукты».

Новая нафтавая кампанія выстаўляе на продаж мазут з Мазырскага НПЗ і наваполацкага «Нафтану». Пастаўкі прапануюцца праз парты краінаў Балтыкі. У Рызе вараб’ёўскі партнёр Аляксей Чулец валодае тэрміналам «B.L.B. Baltijas Terminals». Чульцу таксама належыць эстонская фірма «NT Marine», якая валодае двума караблямі і прапаноўвае паслугі перавозу нафтапрадуктаў морам. Аб гэтым распавядае Аляксандр Заяц, эканамічны аглядальнік:

«Яны ж адгрузку бралі цёмных нафтапрадуктаў праз Латвію. Там у яго партнёр ёсць, эстонскі. І яны досыць добра гандлявалі яшчэ ў час «Інтэрсэрвісу» з Латвіяй. Там у іх тэрмінал свой ёсць».

Апрача актываў у нафтавай сферы Варабей валодае паляўнічай гаспадаркай «Чырвоны Бор», дрэваапрацоўчай кампаніяй «Інтэрфорэст», экспедытарам «БелКазТранс» і ўжо згаданым «Абсалютбанкам».

Ён таксама суўласнік кампаніі «Брэміна груп», якая будуе буйны лагістычны комплекс на мяжы з Расеяй. Пад гэты праект Лукашэнка стварыў у Аршанскім раёне падатковы афшор. Партнерыі Вараб’я ў лагістычным бізнесе – Аляксей Алексін і Аляксандр Зайцаў. Гэтая тройка цяпер лічыцца самымі ўплывовымі бізнесоўцамі Беларусі.

Санкцыі-2020

У снежні 2020 года Мікалай Варабей трапіў пад персанальныя санкцыі Еўразвязу з фармулёўкай за падтрыманне рэжыму Лукашэнкі. У паперах ЕЗ ён згадваецца як адзін з галоўных бізнесоўцаў з інтарэсамі ў нафтавай, банкаўскай і іншых сферах, а таксама як суўладальнік кампаніі «Брэміна груп», якая карыстаецца падатковымі ільготамі і іншай дапамогай уладаў Беларусі.

Пра ўвядзенне санкцыяў нам распавядае Вадзім Іосуб, старэйшы аналітык «Альпары Еўразія»:

«Санкцыі, хутчэй за ўсё, нават не ствараюць новых рэпутацыйных выдаткаў. Яны ўводзяцца ў адказ на ўжо існыя рэпутацыйныя выдаткі. У свеце ёсць прыклады, калі кампаніі з краін, якія санкцыі не ўводзілі, асцерагаюцца працаваць з прадпрыемствамі, супраць якіх увялі санкцыі трэція краіны».

Пасля ўвядзення еўрапейскіх санкцыяў Мікалай Варабей перапісаў свой базавы актыў на менеджараў. «Чырновы Бор» зараз належыць Ірыне Панкратавай, Вячаславу Атрахімовічу і Алесі Беражной. Гэта нам пацвердзіў Ігар Ільяш, журналіст-расследавальнік:

«Ён перапісаў свой базавы актыў, «Чырвоны бор», на які былі завязаныя ўсе астатнія. То бок на «Чырвоны бор» былі запісаныя кампаніи «Інтэрсэрвіс», буйны нафтатрэйдар, а на «Інтэрсэрвіс» запісаны і «Абсалют-банк», і Новая нафтавая кампанія, і Нафтабітумны завод. Фактычна, змяніўшы ўласнікаў адной кампаніі, ён змяніў уласнікаў усяго свайго бізнесу, асноўных актываў. Гэта зроблена для таго, каб выйсці з-пад заходніх санкцыяў».

Панкратава жыве ў Наваполацку і была індывідуальнай прадпрымальніцай. Атрахімовіч працуе галоўным бухгалтарам «Інтэрсэрвісу», а Алеся Беражная ўзначальвае гэтую кампанію.

Да кастрычніка 2020 года Беражная была ўласніцай расейскай кампаніі «Рэсурс Танкер», якую ў 2015 годзе заснаваў вараб’ёўскі «Чырвоны Бор». «Рэсурс Танкер» валодае двума нафтаперапрацоўчымі заводамі ў Маскоўскай і Свярдоўская вобласцях і займаецца продажам нафтапрадуктаў у ЗША, Кітай і Арабскія Эміраты. Зараз актыў належыць шэрагу іншых бізнесоўцаў, сярод якіх і Раўф Рафік Аглы Аліеў.

Раўф Рафік Аглы Аліеў мае беларускі пашпарт. Ён кіраваў растоўскай кампаніяй, якая ўваходзіць у склад карабельнага холдынгу «Palmali». Холдынг належыць турэцкаму прадпрымальніку Мубарызу Мансімаву. Доўгі час Мансімаў уваходзіў у дзясятку самых буйных бізнесоўцаў і меў добрыя стасункі з уладамі, але пасля трапіў у апалу за падтрыманне апазіцыі. Цяпер ягоны бізнес на мяжы банкруцтва. З холдынгам «Palmali» Мікалай Варабей звязаны таксама праз мальтыйскія кампаніі.

Расследaванні
Бізнес на Мальце, сямейныя актывы ў Аўстрыі і санкцыйны манеўр. Распавядаем пра алігарха Вараб’я
2020.12.24 07:00

Калі беларускія кампаніі Варабей перапісаў на сваіх менеджараў толькі цяпер, то аўстрыйскія актывы даўно належаць ягонай дачцэ Кацярыне. Яна скончыла прыватны амерыканскі ўніверсітэт у Вене і выйшла замуж за Яўгена Смушковіча – грамадзяніна Расеі, менеджара швейцарскага банку «Julius Baer». У Аўстрыі Кацярына Смушковіч валодае кампаніямі «Power Chemical Trading Gmbh» і «Devana Services GmbH». На тым жа венскім адрасе, дзе размяшчаецца офіс «Power Chemical Trading», зарэгістраваная кампанія «Eolinus Beteiligungsverwaltung». Менавіта яна, як паказала расследаванне парталу TUT.by, замаўляла бізнес-джэт, якім у сакавіку мінулага года быццам бы карыстаўся Віктар Лукашэнка. Але фармальна аўстрыйская фірма належыць Аляксею Лесянкову, які ўзначальвае даччыную кампанію «NT Marine» ў Расеі.

Профіль у linkedin

Мікалай Варабей – бадай адзіны прыватны пастаўляльнік нафтапрадуктаў у Беларусі. Паводле расследаванняў шэрагу СМІ, мае блізкія дзелавыя стасункі з сям’ёй Аляксандра Лукашэнкі. Пры гэтым ён спрабуе пазбегчы санкцыяў Еўразвязу, пераафармляючы свае актывы на супрацоўнікаў. Між тым ані ягоная дачка, ані фірмы, зарэгістраваныя на яе ў Аўстрыі, пад абмежаванні Бруселю пакуль не трапілі.

Поўны тэкст расследавання даступны ў фарматах pdf, mobi, epub.

belsat.eu

Стужка навінаў