У Беларусі павялічаць бюджэт пражыткавага мінімуму. Як гэта адабʼецца на кішэнях беларусаў?


Бюджэт пражыткавага мінімуму (БПМ) зменіцца з 1 лютага. Апошні раз змены ў яго ўносіліся ў лістападзе 2021 года. Як павышэнне паўплывае на беларусаў і асабліва на пенсіянераў ды бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей да трох гадоў?

Цяпер сярэдні памер пражыткавага мінімуму складае 296,55 рубля, ад 1 лютага будзе рост на 3 %. Новыя памеры БПМ будуць дзеяць з 1 лютага да 30 красавіка паводле пастановы № 4 Міністэрства працы ад 21 студзеня 2022 года.

Комаровский рынок, торговля
Камароўскі рынак. Менск, Беларусь. 26 кастрычніка 2021 года.
Фота: Белсат

Бюджэт пражыткавага мінімуму разлічваюць на розныя групы насельніцтва. Найбольшы ён для працаздольнага насельніцтва, 329,35 рубля, найменшы – для дзяцей да 3 гадоў, 187,04 рубля. Пенсіянеру, які не працуе, на меркаванне ўраду, мае хапаць 224,1 рубля. Цікава, што сёння на гэтыя грошы ў Беларусі можна набыць 18,5 кг свініны альбо 83 кг капусты. Рост цэнаў на апошнюю вельмі хваляю беларусаў: капуста за год у нашай краіне падаражэла на 180 %.

Якія выплаты павялічацца з павышэннем БПМ?

Павялічацца ў сярэднім на 8 % памеры дзяржаўных дапамог семʼям, якія выхоўваюць дзяцей да трох гадоў. Цікава, што з таго часу, як дапамога павышалася апошні раз, долар таксама падаражэў на 8 %, таму семʼі, якія лічаць свае прыбыткі ў доларавым эквіваленце, не адчуюць нічога.

Таксама вырастуць аднаразовыя выплаты на нараджэнне дзяцей, а таксама дапамога тым, хто выхоўвае дзяцей з інваліднасцю.

Вырастуць памеры мінімальных сацыяльных пенсіяў, а таксама некаторыя надбаўкі і даплаты. Напрыклад, мінімальныя працоўныя пенсіі, надбаўкі і павышэнні да пенсіяў, прадугледжаныя для асобных катэгорыяў пенсіянераў, даплаты пенсіянерам ва ўзросце 75 гадоў і старэйшым, якія атрымліваюць пенсіі ў органах працы, занятасці і сацыяльнай абароны, сацыяльныя пенсіі, дапамогі ў доглядзе інваліда I групы або асобы, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту.

Цэны растуць хутчэй, ніякай палёгкі людзі не адчуюць

«БПМ зацвярджаецца ўрадам кожныя тры месяцы. У аснову яго кладзецца кошт прадуктовага кошыка, якога павінна хапіць на пражыванне. Да гэтага кошыка дадаюцца яшчэ 83 % для набыцця нехарчовых тавараў і паслуг. Павышэнне БПМ павінна кампенсаваць інфляцыю. Да гэтага паказніка прывязаныя сацыяльныя пенсіі, дапамога семʼям, якія выхоўваюць дзяцей, і некаторыя іншыя віды дапамогі. Калі ўлічваць, што цэны на харчы растуць звычайна хутчэй за іншыя, можна зразумець, што ніякай палёгкі людзі, якія атрымліваюць тую ці іншую дапамогу, не адчуюць», – кажа ў размове з «Белсатам» эканаміст Леў Марголін.

Комаровский рынок, торговля
Камароўскі рынак. Менск, Беларусь. 26 кастрычніка 2021 года.
Фота: Белсат

Мы паразмаўлялі з некалькімі семʼямі пенсіянераў з розных рэгіёнаў Беларусі, і ўсе мусяць жыць у рэжыме строгай эканоміі, адмаўляючы сабе ў самых звычайных рэчах.

«240 рублёў – гэта толькі камуналка і лекі, на прадукты гэтага дакладна не хопіць. У мяне 44 гады стажу, пенсія – 520 рублёў, 200 долараў. Мы неяк жывем, але мы нічога не купляем: ні адзення, ні нейкіх дарагіх рэчаў, на ўсім ашчаджаем. Нікуды не ходзім і не ездзім, сядзім удома. А кошты растуць кожны дзень. Да чаго дайшло! Каб не было відаць павышэння коштаў, дык яны пачалі колькасць тавару змяншаць ва ўпакоўцы. Напрыклад, масла было 130 грамаў, а цяпер 110 амаль за гэты ж кошты», – адзначае былая настаўніца.

Другі суразмоўца «Белсату» быў вымушаны прадаць сваю машыну, бо былі патрэбныя грошы, і запраўляць аўта было вельмі дорага.

«У мяне раней была машына, дык я на сваю пенсію не мог дазволіць яе запраўляць. Таму і прадаў яе. Так, усе эканомяць. Немагчыма параўнаць, як жывуць пенсіянеры за мяжой і як у нас. Дык яшчэ за гэтую мяжу нас не выпускаюць, немагчыма пабачыць дзяцей і ўнукаў. Гэтае павышэнне нічога не зменіць: кошты растуць хутчэй», – кажа пенсіянер.

АС belsat.eu

Стужка навінаў