Мінэнерга абвяргае інфармацыю пра апраменьванне працаўнікоў БелАЭС


Міністэрства энергетыкі выступіла з заявай, у якой абвяргае інфармацыю пра магчымае апраменьванне працаўнікоў на атамнай электрастанцыі ў Астраўцы. Раней такую інфармацыю распаўсюдзіла «Еўрарадыё».

БелАЭС. 25 красавіка 2021 года. Астравецкі раён, Беларусь.
Фота: ВК / Белсат

Рэдакцыя «Еўрарадыё» распавядае, што ў сістэме электронных зваротаў у дзяржорганы, выявілі ліст БелАЭС з пазнакай «Заява – папярэджанне аб апрамяненні персаналу». У заяве паведамляецца, што відэа моманту апраменьвання людзей адпраўленае на электронную пошту belaes@belaes.by. Гэта афіцыйны кантактны мэйл адміністрацыі БелАЭС. Журналісты звярнуліся да прадстаўнікоў атамнай электрастанцыі і «НафтаХімДыягностыкі». Але адказу на зварот не атрымалі. Эксперты таксама не могуць каментаваць, паколькі ніякіх звестак няма.

У сваю чаргу Мінэнерга зняпраўджвае гэтую інфармацыю.

Чыноўнікі пераконваюць, што на станцыі створаныя шматузроўневыя сістэмы аўтаматычнай абароны, якія выключаюць магчымасць радыяцыйнага ўздзеяння. Таксама заклікаюць давяраць афіцыйнай інфармацыі.

Але з моманту ўводу ў эксплуатацыю першы энергаблок больш прастойваў на «планавых» рамонтах, чым працаваў. Да таго ж, як піша «Еўрарадыё», апраменьванне магло адбыцца ў прамежку ад 17 да 29 красавіка. Як раз 25 красавіка першы энергаблок раптоўна закрылі на чарговае «планавае» правяранне, якое працягвалася да 9 лістапада, хоць планавалася завяршыць працы да жніўня.

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў