Лізавета Шарамет: Гэта бясконцая ўдача і шчасце – быць дачкой Паўла Шарамета


Павел Шарамет.
Фота: 24smi.org

28 лістапада вядомаму журналісту Паўлу Шарамету споўнілася б 50 гадоў. 20 ліпеня 2016 года аўтамабіль, у якім ён ехаў на працу, быў узарваны ў самым цэнтры Кіева.

Даведка

Павел Шарамет працаваў у трох краінах – Беларусі, Расеі і Украіне. Пасля ягонага арышту за крытычныя матэрыялы ў 1997 годзе ён быў вымушаны зʼехаць у Расею. Пазней Шарамета пазбавілі беларускага грамадзянства. З 2012 года Павел жыў і працаваў у Кіеве: быў аўтарам і вядоўцам праграмы ў фармаце late-night-show «Супраць ночы з Паўлам Шараметам», вёў ранішняе шоў на ўкраінскім «Радыё Весці», публікаваўся ва «Украінскай праўдзе», а з 2014 год стаў выканаўчым дырэктарам выдання. Займаўся развіццём школы журналістыкі пры «Украінскай праўдзе», праводзіў майстар-класы па тэхніцы інтэрвʼю, спецрэпартажаў і дакументалістыкі.

Пасля гібелі Паўла Шарамета пахавалі на Паўночных могілках пад Менскам. Заказчыкі і выканаўцы яго забойства да гэтага часу не названыя.

У Паўла засталіся двое дарослых дзяцей – Мікалай і Лізавета. Яны жывуць у Маскве, абодва працуюць. Сёння разам з дачкой Шарамета мы ўзгадваем, якім ён быў.

Мы гутарым з Лізаветай Шарамет позна ўвечары, калі яна толькі вярнулася пасля выкладання заняткаў у прэстыжнай Вышэйшай школе эканомікі. Яна скончыла факультэт сацыялогіі, паступіла ў аспірантуру, і трэці год выкладае на кафедры, дзе раней вучылася сама. Яна ўзгадвае і кажа пра Паўла з асаблівай цеплынёй і гонарам.

– Мы ведаем Паўла Шарамета як прафесійнага журналіста і вельмі прынцыповага чалавека. А якім бацькам ён быў?

– Для мяне ён найперш тата, а не Павел Шарамет. Але тое, якім яго ведалі ў прафесіі, дастасавалася да яго асабістага жыцця. Ён запаўняў сабой прастору, быў яркім, гучным, бойкім, смелым, прынцыповым у некаторых момантах. І разам з тым – вельмі клапатлівым чалавекам, які любіў і заўсёды дапамагаў ва ўсім. Ён заўсёды імкнуўся надаваць шмат увагі сваім блізкім, у самых розных праявах, што здавалася іншым разам надзвычайным. Гэта патрабуе шмат высілкаў, асабліва ўлічваючы яго актыўную прафесійную дзейнасць.

– Прафесія журналіст – гэта камандзіроўкі, шмат працы, частая адсутнасць дома. Вы адчувалі гэта на сабе?

– Калі ўзгадаць, у якой гадзіне тата вяртаўся дахаты з працы, то можа скласціся ўражанне адсутнага бацькі. Але насамрэч гэта так не ўспрымалася. У мяне заўсёды было адчуванне таго, што тата ёсць. Ён кампенсаваў колькасць якасцю, ступенню сваёй прысутнасці ў нашым жыцці. Таму дэфіцыту ўвагі мы ніколі не адчувалі. Мы ездзілі разам адпачываць, праводзілі разам выходныя. У яго была такая надзвычайная здольнасць быць усюды. Тут галоўны момант не ў адсутнасці, а ў тым, што журналісцкая праца дастаткова стрэсавая, можа ствараць шмат напругі ў чалавеку, што часам можа адчуваць і сям’я. Ён вельмі стараўся ахаваць нас ад гэтага. Гэта можа не заўсёды ўдавалася так, як ён хацеў бы, але ў гэтым намаганні, у гэтых спробах было нешта вельмі важнае і каштоўнае.

– Ці распавядаў вам Павел пра Беларусь? Ці трымаў вас у кантэксце таго, што там адбываецца?

– Канешне. Працяглы час тата быў асноўнай крыніцай навінаў аб Беларусі. Мае бацькі абодва заўсёды актыўна сачылі за тым, што адбываецца ў Беларусі. Гэта заўсёды было вельмі важным.

Барыс Нямцоў і Павел Шарамет.
Фота: 24smi.org

– Павел быў заўсёды вельмі смелым, выказваў сваю пазіцыю, крытыкаваў улады. Вы за яго перажывалі з-за гэтага?

– Ніколі ніякай трывогі не было. У майго бацькі была яшчэ адна характэрная рыса: побач з ім я заўсёды адчувала максімальную бяспеку, і здавалася, што ўсе, хто знаходзяцца каля яго, у бяспецы проста ад яго прысутнасці. Ён здаваўся крыніцай бяспекі для ўсіх. Толькі аднойчы, калі загінуў яго блізкі сябар, Барыс Нямцоў, я пачула ад яго сына нешта накшталт «беражы свайго бацьку». І тады я на секунду задумалася аб гэтым, аб неабходнасці трывогі за яго, але мне гэта здалося даволі непраўдападобным. Я ніколі не ўспрымала ягоную рэзкасць як крыніцу рэальнай пагрозы. У сэнсе рэзкасці мы з бацькам даволі падобныя, таму я ніколі не лічыла, што гэта нейкая экстраардынарная рыса.

– А ёсць яшчэ нейкія агульныя рысы характару? Вонкава вы вельмі падобная на Паўла.

Мне не першы раз кажуць, што знешне я падобная на бацьку, і гэта самае прыемнае, што я чую ў сваім жыцці. Мне казалі, што нават паходкі ў нас падобныя. У нас ідэнтычныя дзіцячыя фотаздымкі. Я не пазнавала бацьку і думала, што гэта мяне маленькую трымаюць нейкія невядомыя людзі. Аднойчы запытала – а што гэта за невядомы мужчына мяне трымае? Аказалася, гэта дзядуля трымаў майго маленькага тату.

Лізавета Шарамет.
Фота: Вышэйшая школа эканомікі / hse.ru

Але і ўнутрана ў нас шмат агульных рысаў. Я ў вялікай ступені менавіта татава дачка. Апроч рэзкасці і прамалінейнасці, гэта яшчэ і вельмі неабыякавае стаўленне да таго, што адбываецца, да людзей, падзей. Заўсёды неспакойныя сэрца і душа – і ў таты, і ў мяне.

Адзначу яшчэ старанне паклапаціцца, дапамагчы, не заўсёды паспяховыя спробы, але заўсёды шчырыя. У мяне ёсць любімая гісторыя, якая ілюструе гэтую рысу. Мой бацька заўсёды шчыра жадаў рабіць штосьці прыемнае для іншых, не заўсёды разумеючы, як гэта рабіць. Я нейкі час піла абястлушчанае малако. Аднойчы я прыйшла дадому, і там стаяла пяць пачкаў безлактознага малака. Бацька памятаў, што я люблю нейкае дзіўнае малако, але не памятаў, якое менавіта, і купіў шмат, каб мне было прыемна.

Павел Шарамет у дзіцячым садку, 1974 год. Фота з архіву Людмілы Станіславаўны Шарамет, мамы Паўла

– Якія каштоўнасці вы ад яго перанялі?

– Каштоўнасць свабоды, любві і праўды. Тое, што грала важную ролю ў ягоным жыцці. Мне хочацца верыць, што я пераняла гэтыя каштоўнасці і зрабіла іх для сябе фундаментальнымі.

– Павел быў чалавекам, які бясконца любіў жыццё і сваю прафесію…

– Так, калі ты чымсьці займаешся, штосьці робіш, мусіш рабіць гэта паўнавартасна, любіць сваю справу, аддавацца ёй. Ці, у іншым выпадку, не рабіць гэта зусім. Ён пражываў кожную секунду, нібыта нават крышку спяшаўся з усім, што рабіў. Ён нібыта баяўся штосьці не паспець.

– Як гэта – быць дачкой Шарамета?

– Гэта бясконцая ўдача і шчасце. Мой бацька – Павел Шарамет, выдатная асоба ў многіх сэнсах. Гэта апроч таго, што ў мяне выдатная мама, выдатныя бабулі і дзядулі, якія таксама не выпадкова ў гэтай камбінацыі апынуліся.

У майго бацькі ёсць цудоўныя сябры, з якімі, дзякуючы тату, я знаёмая і мела магчымасць камунікаваць. Бацька ў пэўны момант пачаў браць мяне на паўпрафесіянальныя сустрэчы, дзе былі не толькі сябры, але і калегі. Нам з братам удалося пазнаёміцца з вялікай колькасцю разумных, таленавітых, цудоўных людзей. Гэта канешне вялікае шчасце. І канешне, мы заўсёды мелі магчымасць камунікаваць са сваім бацькам, які быў надзвычай цікавай асобай.

Фота з архіву Людмілы Станіславаўны Шарамет, мамы Паўла

Але праблемы ў школе ў мяне ўсё ж былі. Часам я чула дзіўныя каментары ў свой бок. Але гэта хутчэй смешна, чым змястоўна. Элемент публічнасці, канешне, своеасаблівы. Для мяне гэта мой бацька, а ты яго нібыта дзеліш з усім светам, бо ён Павел Шарамет. Але ў пэўны момант ты вучышся на гэта глядзець прасцей.

– Вам не хацелася стаць журналістам, як і ваш бацька? І як Павел наогул ставіўся да таго, які шлях для сябе вы выберыце?

– Мне шкада, што мой бацька не ведае мяне такой, якая я ёсць зараз. Бо шмат у чым гэта дзякуючы яму. Апошнія некалькі гадоў былі прынцыповымі для майго самавызначэння з пункту гледжання прафесіі. Калі я вырашала, з чым звязаць сваё жыццё, на якую спецыяльнасць паступаць, я думала шмат пра што, у тым ліку і пра журналістыку. Бацька казаў, што пісаць мяне заўсёды навучаць, варта атрымаць іншую спецыяльнасць. Я прымярала розныя ролі, ад актрысы да адваката, і для мяне заўсёды знаходзілі людзей з гэтых сфераў, якія маглі пракансультаваць па ўсіх пытаннях. Але ў мяне не было дакладнага ўяўлення, чым я хачу займацца, куды мне ісці. І я аднойчы прыйшла да бацькі і папрасіла парады. Бацька адказна падышоў да гэтага пытання. Ён паразмаўляў з Яўгенам Грыгоравічам Ясіным (расейскі эканаміст, дзяржаўны і грамадскі дзеяч, доктар эканамічных навук, прафесар. Міністр эканомікі Расейскай Федэрацыі (1994-1997). Навуковы кіраўнік Вышэйшай школы эканомікі – заўв. аўт.). Той сказаў, што сацыялогія – навука будучыні, і варта паспрабаваць сябе ў гэтай сферы. Я тады не адразу зразумела, што хацела б звязаць з гэтай дзейнасцю сваё жыццё. Зараз я гэта ў сабе адчуваю, мне спатрэбілася некалькі гадоў, каб гэта зразумець, увайсці ў смак.

Мой бацька любіў выкладаць. У яго быў такі досвед: ён праводзіў заняткі, звязаныя з журналістыкай, і атрымліваў каласальнае задавальненне ад гэтага. Мне хочацца думаць, што маё выкладанне ва ўніверсітэце добра стасуецца з захапленнем майго бацькі. Я атрымліваю ад выкладання каласальнае задавальненне – так жа, як і тата. Здаецца, бабуля казала нават, што бацьку варта было б заняцца выкладаннем як асноўным родам дзейнасці.

Pomnik Pawła Szeremeta odsłonięty w 4. rocznicę zamachu w Kijowie, zdj.: Serg Glovny / Zuma Press / Forum
Жанчына прынесла кветкі да помніка Паўлу Шарамету ў Кіеве.
Фота: Serg Glovny / Zuma Press / Forum

– Расследаванне забойства Паўла да гэтай пары так і не дало вынікаў. Наколькі для вас важна ведаць праўду?

– У розны час я па-рознаму адказвала для сябе на гэтае пытанне. Майму бацьку сёння было б 50 гадоў. Ён пражыў амаль 45. За сваё жыццё ён быццам зрабіў шмат важнага і добрага для вялікай колькасці людзей. Яго забілі. З афіцыйным расследаваннем шмат незразумелага. І калі справа не раскрываецца, такое адчуванне, што тата як быццам не заслужыў таго, каб яго смерць была растлумачана. Гэта няправільна і несправядліва ў адносінах да яго. Для мяне асабіста – гэта не верне мне майго бацьку. Ён больш не зойдзе ў гэты пакой, не пагутарыць са мной. Але з пункту гледжання справядлівасці ў адносінах да яго – важна, каб гэтая справа была раскрытая.

СП belsat.eu

Стужка навінаў