Экс-прэзідэнт Украіны: «Закуп электраэнергіі ў Беларусі – гэта пастка»


Былы прэзідэнт Украіны, лідар партыі «Еўрапейская салідарнасць» Пятро Парашэнка раскрытыкаваў рашэнне ўкраінскіх уладаў купляць электраэнергію ў Беларусі.

Пятро Парашэнка падкрэсліў, што закуп электраэнергіі ў Беларусі зʼяўляецца пасткай, накіраванай на вяртанне Украіны ў залежнасць ад расейскіх энерганосьбітаў.

«Пабачыце, Беларусь перастане нам пастаўляць электраэнергію пры тэмпературы мінус 15-20, каб прама цяпер, насадзіўшы нас на іголку, нанесці ўдар, каб было яшчэ больш балюча», – сказаў палітык у эфіры тэлеканалу «Прямий».

Нагадаем, з траўня па кастрычнік ва Украіне дзейнічала забарона на набыццё электраэнергіі з Беларусі. У лістападзе забарона працягнута не была.

6 лістапада Міністэрства энергетыкі Беларусі заявіла, што Беларусь аднавіла пастаўкі электраэнергіі ва Украіну, якія, як адзначалася, будуць ажыццяўляцца на працягу месяца. 18 лістапада ўкраінскія медыі паведамілі, што Украіна спыніла пастаўкі электраэнергіі з Беларусі. 21 лістапада Мінэнерга зноў заявіла пра аднаўленне паставак ва Украіну.

26 лістапада прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас прэс-канферэнцыі даў зразумець, што закуп электраэнергіі з Беларусі – гэта вымушаны захад, бо ў краіне не хапае электрычнасці. «А як інакш? Што павінна рабіць дзяржава?» – задаў ён рытарычнае пытанне.

РР belsat.eu

Стужка навінаў