Падазраванага ў масавым забойстве ў ЗША знайшлі мёртвым. Імаверна, ён учыніў самагубства


На трэція содні пасля страляніны ў амерыканскім штаце Мэйн было знойдзенае цела падазраванага – 40-гадовага вайсковага рэзервіста Робэрта Карда. Імаверна, ён учыніў суіцыд, пішуць амерыканскія медыя. У выніку страляніны 25 кастрычніка загінулі, паводле ўдакладненых звестак, 18 асобаў.

Падазраваны ў масавым забойстве ў штаце Мэйн, ЗША. 25 кастрычніка 2023 года.
Фота: Androscoggin County Sheriff’s Office / Facebook

Цела мужчыны знайшлі ў ваколіцах гораду Льюістан недалёка ад цэнтру перапрацоўкі адкідаў, адкуль яго нядаўна звольнілі, перадае CNN. Паводле папярэдняй інфармацыі 40-гадовы вайсковы рэзервіст, інструктар у стральбе Робэрт Кард скончыў жыццё самагубствам.

Расследаванне працягваецца, матывы зламысніка яшчэ не высветленыя. Ён нічога не напісаў пра гэта ў перадсмяротным лісце, знойдзеным у ягоным доме. У цыдулцы, як паведамляе The Associated Press, мужчына звяртаўся да свайго сына.

Зброю, ужытую падчас нападу, Кард набыў легальна за некалькі дзён да таго, як яго палажылі ў псіхіятрычную лякарню, кажуць крыніцы. Улетку мужчыну накіравалі на абследаванне, калі ён на вайсковай базе, дзе праходзіў трэнаванні, прызнаўся, што «чуў галасы» і думаў «нанесці шкоду іншым жаўнерам».

25 кастрычніка Робэрт Кард учыніў страляніну ў боўлінгу і бары. Загінулі 18 асобаў (адразу паведамлялася пра 22 ахвяры), 13 былі параненыя. Злачынства без перабольшвання шакавала штат Мэйн, дзе за ўвесь мінулы год адбылося толькі 29 забойстваў, адзначае The Associated Press.

Hавiны
Не менш за 22 асобы сталі ахвярамі страляніны ў ЗША. Падазраванага яшчэ не затрымалі
2023.10.26 08:49

СК belsat.eu

Стужка навінаў