Віктар Бабарыка застаўся без адвакатаў: пазбавілі ліцэнзіі ягонага апошняга абаронцу Яўгена Пыльчанку


28 кастрычніка ўвечары прайшло паседжанне дысцыплінарнай камісіі Менскай гарадской калегіі адвакатаў, на якім разглядалася справа апошняга адваката Віктара Бабарыкі Яўгена Пыльчанкі. Камісія прыняла рашэнне выключыць Пыльчанку з адвакатуры – нібыта за сістэматычныя парушэнні заканадаўства аб адвакатуры, паведамляе «Радыё Свабода».

Адвакат Яўген Пыльчанка. Менск, Беларусь.
Фота: babariko.vision

Раней, 19 кастрычніка, паводле загаду міністра юстыцыі ў дачыненні да Яўгена Пыльчанкі была распачатая дысцыплінарная вытворчасць, і яго адхілілі ад працы.

Асноўных прэтэнзіяў у камісіі, паводле самога Пыльчанкі, было дзве.

«Першая – нібыта я выказваў рэплікі, заўвагі падчас працэсу над Віктарам Бабарыкам. І ў судовых спрэчках даў ацэнку выступленням іншых адвакатаў. То бок за тое самае, за што выключылі Дзмітрыя Лаеўскага, – кажа адвакат. – А другое – за тое, што я абараняў адначасова Віктара Бабарыку і Святлану Купрэеву, сяброўку ягонай сям’і. І нібыта ў іх быў канфлікт інтарэсаў. Насамрэч пра канфлікт інтарэсаў я ніколі ня ведаў, і няма ніводнага дакументу, які пра гэта сведчыў бы. КДБ даслаў ліст, што ёсць канфлікт інтарэсаў – без абгрунтаванняў і прадстаўлення дакументаў. І дысцыплінарная камісія, натуральна, паверыла КДБ, а ня мне. І вырашыла, што я парушыў прафесійную этыку».

Адвакатам Яўген Пыльчанка працуе з 2012 году, з 2018 – у адвакацкім бюро «Лаеўскі і партнёры».

Пыльчанка абараняў экс-банкіра Віктара Бабарыку, сяброўку сям’і Бабарыкаў Святлану Купрэеву, свайго калегу адваката Максіма Знака.

Цяпер у Віктара Бабарыкі няма ніводнага з шасцярых адвакатаў. Максім Знак асуджаны на 10 гадоў, Ілля Салей з’ехаў з Беларусі, Аляксандра Пыльчанку пазбавілі ліцэнзіі яшчэ больш за год таму, Дзмітрыя Лаеўскага – у ліпені 2021 году, Наталлю Мацкевіч адхілілі ад працы 13 кастрычніка, а 25 кастрычніка выключылі з калегіі. І вось цяпер пазбаўлены ліцэнзіі апошні адвакат Бабарыкі Яўген Пыльчанка.

ГГ, belsat.eu

 

Стужка навінаў