МЗС Польшчы пракаментавала выцек консульскага ліста сілавікам у Магілёве


Сяргею Мярненку з Воршы давялося пакінуць Беларусь пасля таго, як супрацоўнікі беларускіх спецслужбаў прыгразілі яму крымінальным артыкулам за «здраду дзяржаве», калі той папрасіў польскую гуманітарную візу.

Сілавікі атрымалі доступ да інфармацыі з візавага цэнтру «VFS Global» («Visa Facilitation Services Global») у Магілёве. Кампанія прапануе аўтсорсінг і тэхналагічныя паслугі ўрадам і дыпламатычным місіям па ўсім свеце.

Візавы сэрвісны цэнтр у Магілёве.
Фота: Яндекс

Міністэрства замежных справаў Польшчы ў сваю чаргу заявіла, што не давала візаваму цэнтру ў Магілёве згоды перадаваць уладам Беларусі якія-кольвек звесткі пра Сяргея Мярненку.

Таксама МЗС Польшчы нагадала, што заявы на атрыманне візы, пададзеныя праз Візавы цэнтр, ёсць часткай консульскага архіву. Гэта азначае, што яны абароненыя Венскаю канвенцыяй аб консульскіх стасунках 1963 года і двухбаковай консульскай канвенцыяй паміж Польшчай і Беларуссю ад 2 сакавіка 1992 года.

Hавiны
Актывісту прыгразілі «дзяржаўнай здрадай» за зварот па польскую гуманітарную візу. Ён усё адно з’ехаў
2021.10.18 11:34

Нагадаем, што праз пераслед за сваю актывісцкую дзейнасць Сяргей Мярненка быў вымушаны з’ехаць з краіны і звязаўся з беларусамі ў Польшчы, якія паабяцалі дапамагчы з працай і дакументамі. А затым звярнуўся ў польскі візавы цэнтр у Магілёве і папрасіў гуманітарную візу. Аднак пасля гэтага сілавікі выклікалі яго ў Аршанскі ГАУС і паказалі раздрукоўку ліста консулу з просьбаю пра візу.

Міліцыянты папярэдзілі актывіста, што гэты зварот можа стаць падставаю для крымінальнага пераследу паводле арт. 356 КК («Здрада радзіме»), нібыта ён «выдаў звесткі чужому консулу». Самога Мярненку здымалі на камеру, пагражалі дручком і кастэтам, казалі, што гэта яго чакае, калі ён адмовіцца распавядаць пра ліст на відэакамеру.

Пасля гэтага мужчына быў вымушаны ўцякаць з краіны: з Воршы актывіст у той жа дзень паехаў цягніком у Маскву, а там сеў у самалёт да Варшавы. Цяпер Сяргей у Польшчы.

Артыкулы
«Дубінка і камера на стале». Актывіст, абвінавачаны ў дзяржаўнай здрадзе за зварот да консула, распавёў пра ўцёкі з Беларусі
2021.10.20 11:03

belsat.eu

Стужка навінаў