Кіеў ідзе на каранцін з 1 лістапада


У сталіцы Украіны з 1 лістапада ўводзяцца строгія антыковідныя абмежаванні, бо паводле колькасці захворванняў на COVID-19 горад дасягнуў паказнікаў чырвонай зоны. Пра гэта заявіў мэр Кіева Віталь Клічко падчас тэрміновага онлайн-брыфінгу.

З панядзелка 1 лістапада наведваць наступныя ўстановы можна будзе толькі з адмоўным ПЛР-тэстам ці сертыфікатам пра вакцынацыю: гатэлі, установы харчавання, сацыяльнай абароны, спартовыя залы, фітнес-цэнтры, управы працы і пенсійнага фонду, гандлёва-забаўляльныя цэнтры.

Таксама толькі з тэстам ці сертыфікатам можна будзе хадзіць на працу. Без гэтых дакументаў нельга будзе праводзіць і наведваць масавых імпрэзаў.

Дзеці і падлеткі змогуць хадзіць у гандлёва-забаўляльныя цэнтры толькі з бацькамі, якія прышчапіліся альбо маюць адмоўны ПЛР-тэст.

1 лістапада сканчаюцца вакацыі, і школьнікі пераходзяць на дыстанцыйнае навучанне. Гэта датычыць усіх навучэнцаў. У такім рэжыме школы будуць працаваць да паляпшэння эпідэмічнай сітуацыі ў горадзе.

Дзіцячыя садкі працягнуць працаваць, аднак з выкананнем правілаў чырвонай зоны і пры ўмове вакцынацыі персаналу на 100 %.

Грамадскі транспарт працягне працу, аднак доступ у яго будзе толькі для пасажыраў, якія маюць сертыфікаты пра вакцынацыю ці адмоўны плр-тэст. Правяраць гэтыя дакументы будуць выбарачна адмысловыя групы праваахоўнікаў.

«Мы ўводзім гэтыя строгія абмежаванні, бо няма іншых варыянтаў, каб захаваць здароўе і жыццё людзей, – кажа Клічко. – Каб не дапусціць калапсу медычнай сістэмы, якая можа не вытрываць такога наплыву хворых. Таму я яшчэ раз звяртаюся да ўсіх: вакцынуйцеся. Абараніце сябе і блізкіх. Толькі так мы можам спыніць хуткі распаўсюд агрэсіўнага віруса. Не слухайце пужалак і, мякка кажучы, неразумнай прапаганды. Выконвайце правілы. Вакцынуйцеся. Беражыце сябе».

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў