«Мабілізацыя крымскіх татараў – гэта гібрыдны генацыд». Інтэрв’ю з Нэдымам Усэінавым


Паводле незалежных расейскіх медыяў і арганізацыяў, «частковая мабілізацыя», абвешчаная Уладзімірам Пуціным, накіраваная ў першую чаргу супраць народаў, заваяваных Расеяй. Пра разбуральную палітыку Крамля ў дачыненні нацыянальных меншасцяў, умовы распаду імперыі і шлях вяртання Крыму ва Украіну мы паразмаўлялі з крымскім татарынам, палітолагам з Варшаўскага ўніверсітэту Нэдымам Усэінавым.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Праваслаўны святар праводзіць службу для рэзервістаў падчас цырымоніі адпраўкі на вайсковыя базы ў Севастопалі. 27 верасня 2022 года.
Фота: Alexey Pavlishak / Reuters / Forum

– Ці закранула абвешчаная Уладзімірам Пуціным мабілізацыя жыхароў Крыму, які Расея лічыць сваім, у тым ліку крымскіх татараў?

– Так, гэтая нібыта частковая мабілізацыя ў Крыме закранула перш за ўсё крымскіх татараў. Паводле правераных звестак, якія мы маем (выцеку з правераных намі базаў Мінабароны Расеі), вынікае, што ў Крыме прапарцыйна найбольшую колькасць выклікаў у прызыўныя камісіі атрымалі крымскія татары. Паводле розных звестак, татары складаюць ад 80 да 90 адсоткаў тых, хто атрымаў мабілізацыйныя пасведчанні.

Даведка
Нэдым Усэінаў, крымскататарскі палітолаг, прадстаўнік кафедры еўрапейскага ісламу Варшаўскага ўніверсітэту і Сусветнага кангрэсу крымскіх татараў у Польшчы

Гэта вельмі трывожна, бо выклікала вялікую хвалю ад’езду людзей, якія не жадаюць ваяваць са сваймі суайчыннікамі. З іншага боку, мабілізацыя ў Крыме – гэта парушэнне Венскай канвенцыі, якая абараняе насельніцтва тэрыторыяў, акупаваных іншай дзяржавай, а Крым, паводле міжнароднага права, прызнаны такой тэрыторыяй.

Тое ж самае будзе пры мабілізацыі ў Луганскай, Данецкай, Запарожскай і Харкаўскай вобласцях. Калі Расея лічыць іх сваімі, яна не будзе чакаць, пакуль яе экспансію прызнаюць іншыя краіны.

– Менавіта. Мабілізацыя ахапіла ўжо гэтак званую Данецкую і Луганскую народныя рэспублікі. Праблема для расейцаў, аднак, у тым, што мабілізацыя там вядзецца як мінімум з лютага 2022 года, калі Расея поўнамаштабна ўварвалася ва Украіну. Прызыў там праводзіўся ў выглядзе аблаваў на мужчынаў прызыўнога ўзросту. Так што больш там мабілізаваць няма каго, бо большая частка мужчынаў папоўніла арміі бандыцкіх рэспублік. Таму ніякіх паведамленняў пра мабілізацыю адтуль пакуль не чуваць.

Такая ж прыхаваная мабілізацыя ідзе ў Запарожскай і Херсонскай вобласцях. Вось толькі расейцам там яе цяжка праводзіць, бо яны самі прызнаюць, што мінімум 50 адсоткаў жыхароў маюць антырасейскія настроі, а значыць, гэта не вартыя іхнага даверу людзі.

Але цяпер я чую, што нават гэты крытэрый ужо не дзейнічае, то бок яны спрабуюць забраць у войска ўсіх, бо хочуць не стварыць баяздольную армію, а назбіраць «гарматнага мяса». Расея жадае перакрыць недахоп якасці колькасцю.

Каментар
Расейцы пабеглі, а ці не пабягуць цяпер беларусы? Паглядзелі сітуацыю на межах і ў білетных касах
2022.09.21 21:22

Зноў жа, можна сказаць, што для Расеі колькасць – гэта якасць сама па сабе. Але які сэнс уключаць крымскіх татараў у расейскае войска, калі большасць з іх лічыць сябе ўкраінцамі і маюць рэзка антырасейскія настроі? Ці не баяцца расейцы дэзерцірства і варожых дзеянняў татараў?

– Ёсць некалькі прычынаў. Я б не лічыў цяперашнюю карумпаваную Расею дзяржавай, здольнай планаваць сваю дзейнасць на такім прасунутым узроўні. Запушчаны пэўны мабілізацыйны механізм, дзе няма месца падзелу навабранцаў на тых, хто хоча ваяваць і хто не хоча. Расейцы не маюць такіх арганізатарскіх здольнасцяў.

Па-першае, колькасць ахвотных удзельнічаць у вайне мізэрная, гэта жахлівая ганьба для Расеі. Па-другое, гэта выклікала б яшчэ большую хвалю пратэстаў з боку тых, хто не павінен быць прызваны. Па-трэцяе, у расейскім войску ёсць дзве рэчаіснасці: адна на паперы, а другая рэальная.

Прызнаваць, што армія існуе толькі на паперы, занадта рызыкоўна для расейскіх камандзіраў, якія баяцца Уладзіміра Пуціна і ягонай рэакцыі. Ён усё яшчэ дастаткова магутны, каб расправіцца з імі. Таму яго працягваюць пераконваць, што расейская армія баяздольная, што з арміяй усё ў парадку. Але гэта толькі дзякуючы справаздачам і статыстыцы, якія яны выклалі на стол. Такім чынам, яны хлусяць Пуціну, і ён робіць больш памылак. На мой погляд, менавіта таму мабілізацыя праводзіцца так, як ёсць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Севастопаль, 27 верасня 2022 года.
Фота: Alexey Pavlishak / Reuters / Forum

Па-чацвёртае, расейцы не лічацца з чалавечымі стратамі. Тым больш што на перадавую ў вялікай колькасці кінутыя прадстаўнікі нацыянальных меншасцей Расеі. Асабліва з нерасейскіх вобласцяў і рэспублік.

Пуцін спрабуе адным крокам развязаць некалькі задачаў. З аднаго боку, ён хоча пазбавіцца небяспечных для ягонага рэжыму грамадзянаў нерасейскага паходжання, якія маглі б распачаць рух у сваіх рэспубліках, калі ў Расеі пачнуцца хваляванні і цэнтрабежныя рухі. З другога боку, гэта павялічыць адсотак расейцаў у Расейскай Федэрацыі. Гэта звязана з шавінізмам і расізмам расейскай эліты, што застаецца часткай цяперашняй крамлёўскай ідэалогіі.

Hавiны
У Расеі праходзяць новыя акцыі пратэсту супраць мабілізацыі
2022.09.24 14:57

Можа скласціся ўражанне, што гэтая армія ўжо не расейская, а армія народаў Расеі. Мы бачым, што мабілізацыя выклікае першыя бунты не толькі ў этнічна расейскіх рэгіёнах, але і ў нацыянальных рэспубліках Расеі. Некаторыя эксперты нават кажуць, што цэнтрабежныя працэсы ўжо пачаліся, і што Расея пачала распадацца. Пытанне ў тым, ці не паскорыць мабілізацыя нацыянальных меншасцяў гэты працэс яшчэ больш?

– Пуцін спадзяецца паменшыць долю нацыянальных меншасцяў Расеі ў насельніцтве шляхам іх знішчэння падчас вайны. Ён адпраўляе туды людзей непадрыхтаваных і бяззбройных, ведаючы, што робіць з іх гарматнае мяса, якое будзе «ўтылізаванае» ўкраінскай артылерыяй да таго, як дойдзе да лініі фронту.

У той жа час Пуцін рызыкуе бунтам рэгіёнаў. Маштаб і хуткасць цэнтрабежных працэсаў у такіх рэспубліках, як Дагестан, наўпрост залежыць ад поспеху Збройных сілаў Украіны ў наступных аперацыях. Калі яны зноў скампраметуюць расейскую армію, як пад Харкавам, Пуцін павінен зразумець, што чарговая эскалацыя правалілася. Тады ў яго будзе ўсё менш і менш інструментаў на выбар – з ядравай зброяй напрыканцы.

Hавiны
У Дагестане на акцыях супраць мабілізацыі пачаліся страляніна і бойкі з паліцыяй
2022.09.26 20:10

Аднак украінцаў гэтыя страшылкі не спыняць. Я думаю, што ў бліжэйшыя дні мы пачуем добрыя навіны з мяжы Луганскай і Данецкай вобласцяў, з Ліману, бо ўкраінцы наступаюць, яны атачаюць горад і ў бліжэйшымі днямі, магчыма, зноў адваююць даволі вялікую тэрыторыю.

– Што тады будуць рабіць расейцы?

– Цяжка прадказаць. З аднаго боку, мы бачым поўны правал у мабілізацыі. З іншага боку, калі на фронт будуць прыбываць непадрыхтаваныя салдаты, страты Расеі яшчэ больш вырастуць. Я лічу, што выбухнуць салдацкія бунты, і гэта будзе сурʼёзнай праблемай для камандавання. Але паглядзім, як на гэта адрэагуе Крэмль.

– Як поспехі ЗСУ ўплываюць на настроі ў Крыме?

– На паўвостраве пануе паніка, выкліканая мабілізацыяй. Мы ўжо маем справу з амаль масавым сыходам крымскіх татараў, які, калі Украіна не верне Крыму, стане чарговай трагедыяй для нацыі. Татары не змогуць вярнуцца ў Крым і раз’едуцца па розных краінах, а нас цяпер там і так мала.

З іншага боку, татары вераць у Збройныя сілы Украіны. Яны спадзяюцца, што пасля таго, як месяц таму на паўвостраве падарвалі вайсковыя абʼекты, будуць новыя атакі на вайсковую інфраструктуру. Гэта прывядзе да яшчэ большых уцёкаў і панікі расейскіх калабарацыяністаў і, у канчатковым выніку, вяртання Крыма Украіне. Пры гэтым разлічваюць на гэта не толькі татары, але і ўкраінцы, і расейцы, якія захавалі вернасць Украіне.

Аналітыка
Атака на авіябазу ў Крыме: чым нанеслі ўдар і што гэта значыць
2022.08.11 08:30

То бок украінскія атакі ў Крыме мясцовае насельніцтва лічыць прымальнымі?

– Не толькі лічыць, але прымае з энтузіязмам і надзеяй.

– То бок вы лічыце, што Украіна верне Крым? І калі так, то якім чынам?

– Вярнуць Крым можна толькі ваенным шляхам. Гэта не абавязкова азначае, што баявыя дзеянні перанясуцца на паўвостраў, і ўкраінская армія выцісне адтуль расейскую. Да гэтага хіба не дойдзе.

Параза Расеі ў гэтай вайне стане шанцам вярнуць Крым. Канчатковая параза, якую расейскім уладам давядзецца прызнаць. Напрыклад, адхіліўшы Пуціна ад улады або зайшоўшы так далёка, каб пераканаць Захад увесці яшчэ большыя санкцыі, перадаць Украіне больш магутную зброю, дзякуючы якой яна верне кантроль над усімі тэрыторыямі, страчанымі пасля 24 лютага. Гэта выкліча ў Расеі лавіну пратэстаў праз незадаволенасць палітыкай Пуціна, асабліва сярод радыкальных элементаў, на якіх трымаецца рэжым. Тады можа ўзнікнуць сітуацыя, калі Пуціна зжарэ ўласны рэжым.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Севастопаль, 27 верасня 2022 года.
Фота: Alexey Pavlishak / Reuters / Forum

Іншы сцэнар – развіццё цэнтрабежных працэсаў у Расеі, якія аслабяць Крэмль, і ў яго не будзе сілаў і магчымасцяў абараніць Крым і захаваць над ім кантроль.

– Пры такім раскладзе Крым у выніку паўстання вяртаецца ва ўлонне Украіны?

– Так. Калі для гэтага ўзнікнуць умовы, можа адбыцца паўстанне. Пры гэтым не толькі з волі крымскіх татараў, але і іншых праўкраінскіх сілаў. Аднак мы не ведаем, калі гэта адбудзецца, бо ўсё залежыць ад сітуацыі на фронце і ад таго, як будзе паводзіць сябе палітычнае кіраўніцтва і армія Украіны.

– Вы ведаеце, колькі крымскіх татараў цяпер жыве на паўвостраве і колькі іх можа быць мабілізавана?

– Татараў у Крыме цяпер жыве каля 300–350 тысяч, яны складаюць 10–15 адсоткаў насельніцтва. З пачатку акупацыі ў 2014 годзе Масква правяла вельмі значныя дэмаграфічныя змены, заахвоціўшы сотні тысяч расейцаў пасяліцца ў Крыме. Гэта парушыла існы этнічны баланс, відавочна, на шкоду крымскім татарам.

Цяперашняя мабілізацыя, якая закранула пераважна татарскую меншасць, можа прывесці да дэмаграфічнай трагедыі. Татараў там ужо вельмі мала, і калі значная колькасць мужчынаў загіне на вайне, будучыня нацыі будзе фатальнай.

Вусы Скарыны
Крым – гісторыя супрацьстаяння
2022.05.17 20:30

– Толькі ці могуць расейцы разлічваць на лаяльнасць татараў, мабілізуючы іх сілай? Ці не будзе так, што яны пры першай магчымасці пяройдуць на бок Украіны?

– Вельмі імаверна, што так здарыцца. Аднак мы занепакоеныя тым, што такой магчымасці ў іх не будзе. Гэтая вайна – гэта перш за ўсё артылерыйскія абстрэлы. Калі мабілізаваных татараў адправіць на лінію фронту, яны стануць гарматным мясам без шанцаў на выжыванне.

Варта чакаць дэзерцірства, магчыма, нават бунтаў і згону тэхнікі, бо татары не лічаць сябе расецамі і паміраць за Расею не маюць намеру. Праблема ў тым, што большасць не атрымае такой магчымасці.

Вядома, расейцы паспрабуюць выкарыстаць нас у прапагандысцкіх мэтах. У сацсетках ужо ёсць запісы і відэа нібыта крымскіх татараў, якія ганарацца тым, што яны ў шэрагах расейскай арміі. Значыць, сярод нас таксама ёсць здраднікі і калабаранты. Маючы сродкі прапаганды, расейцы паспрабуюць з іх дапамогай пераканаць, што татары перайшлі на бок Расеі, што няпраўда.

– Дык растлумачце, калі ласка, нашым чытачам, чаму татары верныя ўкраінскай дзяржаве, і ці зрабіла Расея нешта, каб іх пераканаць?

– Да канца XVIII стагоддзя крымскія татары мелі сваю дзяржаву – Крымскае ханства, і на паўвостраве складалі большасць. З часу першай анексіі Кацярынай Вялікай і да пачатку ХХ стагоддзя яны не толькі страцілі сваю дзяржаўнасць на карысць Расеі, але і іх насельніцтва скарацілася прыкладна да 25 адсоткаў ад жыхароў Крыму – аднак не за кошт павелічэння колькасці расейцаў, а за кошт генацыднай палітыкі Расейскай імперыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Севастопаль, 27 верасня 2022 года.
Фота: AFP / East News

Падобным было становішча крымскіх татараў у СССР: сталінскія рэпрэсіі, забойства крымскататарскай палітычнай эліты, потым дэпартацыя ў 1944 годзе, у выніку якой усе татары былі вывезеныя ў Сярэднюю Азію.

Толькі падчас перабудовы 1980-х і пасля распаду СССР у 1990-х татарам удалося вярнуцца на свой паўвостраў. Аднак у 2014 годзе Крым зноў быў захоплены Расеяй, якая працягвае палітыку генацыду ў дачыненні нашага народу. Генацыду ў гібрыдным сэнсе, бо ён больш не забівае адкрыта тысячамі. Аднак сваймі дзеяннямі Расея адабрала ў татараў іх правы, прывяла да масавай эміграцыі, а цяпер і да вынішчэння – незаконна мабілізуючы татараў для ўдзелу ў сваёй вайне.

– То як бы вы назвалі мабілізацыю крымскіх татараў у расейскае войска?

– Гэта адна з формаў генацыду, хоць і не ў класічным сэнсе гэтага слова, якое абазначае масавае знішчэнне, як Галакост і іншыя злачынствы Другой сусветнай вайны. Цяперашняя мабілізацыя татараў – гэта гібрыдная форма генацыду, расцягнутая ў часе. Ён не мае класічнай формы, але эфекты падобныя. Скарачэнне татарскага насельніцтва ў Крыме з больш чым мільёна ў канцы XVIII стагоддзя да 300 тысяч цяпер – гэта вынік палітыкі генацыду Расеі.

Гутарыў Пётр Яворскі belsat.eu

Стужка навінаў