Змены ў беларускім грамадстве шакавалі рэжым Лукашэнкі. Інтэрв’ю з Андрэем Вардамацкім


Масаваная прапаганда не здольная змяніць галоўнай каштоўнасці беларусаў. У чым сакрэт рэвалюцыі, што адбылася ў нашай свядомасці за апошнія гады? Якія тры галоўныя пачуцці кіруюць намі? У чым глыбінныя прычыны масавых пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе? Ці здольны Лукашэнка вярнуць падтрыманне, якое меў раней? Якім чынам вайна аб’яднала беларусаў? Інтэрв’ю Сяргея Пелясы з сацыёлагам, прафесарам Андрэем Вардамацкім, навуковым кіраўніком Беларускай аналітычнай майстэрні.

Паводле вашых сацыялагічных даследаванняў, якія былі прычыны масавых мірных пратэстаў, якія некаторыя называюць паўстаннем ці спробаю рэвалюцыі ў 2020 годзе?

Кожная сацыяльная з’ява мае шырокі комплекс розных прычынаў. Мы засяродзімся на найважнейшых. Я зачытаю кавалак нашай справаздачы, якую мы рабілі, калі адбываліся падзеі і калі яны скончыліся. Усе прычыны можна падзяліць на тактычныя прычыны моманту і доўгатэрміновыя стратэгічныя прычыны. Прычыны моманту звязаныя з ковідам, нястачаю інфармацыі ды недастатковаю рэакцыяй з боку дзяржавы. У сусветным даследаванні ковіду Беларусь заняла некалькі адмоўных чэмпіёнскіх месцаў.

Ковід і пандэмія паўплывалі на пратэсныя паводзіны беларусаў?

Так. Гэта падштурхнула да імклівага будавання гарызантальных сувязяў у грамадстве. Таксама эканамічнае самаадчуванне адыграла сваю ролю. Асаблівасці электаральнай матэматыкі і тое, што адбылося на вуліцы. Ковід быў бікфордавым шнуром, эканамічнае самаадчуванне – порахам, а электаральныя з’явы – агнём. Гэтыя тры прычыны склаліся і адбыўся кумулятыўны эфект. Мы ў 2020 годзе пісалі, што адбываецца нешта надзвычайнае, ідзе палітызацыя грамадства.

Падчас вашай прэзентацыі я сустрэў фармулёўку «каштоўнасны рывок». Што гэта такое?

Менавіта гэта і ёсць глыбінная, сістэмная доўгатэрміновая прычына таго, што адбылося ў 2020-ым. Адбыўся зрух у бок каштоўнасці самарэалізацыі і самавыяўлення. Эмпірычна гэта было зафіксавана ў сусветным даследаванні каштоўнасцяў. Там было шмат індыкатараў. Калі скампанаваць, там будуць дзве восі. Першая – традыцыйныя каштоўнасці і свецкія каштоўнасці. Але для нас найважнейшая гарызантальная вось – самавыражэння ці самавыжывання. На графіках ёсць чатыры гарызантальныя лініі – звесткі за 1996 год, 1998 год, 2010–2014 гады. І мы бачым, што ад трэцяга вымярэння, якое адбывалася ў 2014-м да 2020-га, адбыўся скачок у пазіцыі самавыяўлення. Адбылося пераструктураванне каштоўнаснай іерархіі беларусаў у кірунку самавызначэння.

«Каштоўнасны рывок» беларусаў. Выява: слайд з даследавання

У чым прычына? Я бачу 2014 год. Ясна, што гэта Рэвалюцыя годнасці ва Украіне, пачатак гібрыднай агрэсіі. Ёсць іншыя ўнутраныя прычыны, змена пакаленняў.

Я кажу пра ўнутраныя прычыны. Гэты каштоўнасны рывок – абагульненне. Насамрэч былі частковыя прычыны як падмурак. Першае, пра што можна гаварыць, – узрост адукацыйнага ўзроўню насельніцтва. Ён за 10 гадоў павялічыўся ўдвая. Я маю на ўвазе людзей, якія маюць вышэйшую адукацыю, і яна паднялася прыкладна ад 14,5 % да 26 %. Гэта якасная змена. Сфармаваўся клас людзей з вышэйшай адукацыяй. Калі рабіць параўнанне, то такога кшталту рэчы адбываліся ў краінах, якія пераступалі барʼер 25 %. Гэтак было ў Польшчы, ва Украіне. Калі абагульніць эканамічныя прычыны, агульная вага прыватных прадпрыемстваў значна павялічылася.

Змянялася структура эканомікі.

Змянялася структура эканомікі, а чалавек, які працуе ў прыватнай частцы эканомікі, – гэта іншы чалавек паводле паводзінаў і мыслення. У практычным сэнсе гэта азначае зʼяўленне новай іерархіі патрэбаў. Па-першае, патрэба браць удзел у працэсе прыняцця палітычных рашэнняў. Гэта тое, чаго раней не было. Раней людзі імкнуліся дэлегаваць верхнім эшалонам улады. Калі чалавек падымаецца па пірамідзе Маслава, то патрэба браць удзел у працэсе прыняцця палітычных рашэнняў робіцца псіхалагічнаю патрэбнасцю.

Аналітыка
«Трэба гуляць па правілах, і тады можна жыць». Як змянілася Беларусь за тры гады пасля пратэстаў?
2023.08.09 08:00

Ці можна спрошчана сказаць, што беларусы наеліся, зрэалізавалі базавыя патрэбы і запатрабавалі палітычных правоў?

Гэта натуральны працэс эвалюцыі фармавання патрэбаў усяго вышэйшага ўзроўню. Ніжэйшыя ўзроўні – ежа, выжыванне, дах над галавой. Я гаварыў пра адукацыю, змену структуры эканомікі, але і матэрыяльны ўзровень падняўся. Зʼявіліся сацыяльныя групы людзей, якія мелі някепскі ўзровень даходаў. Людзі выйшлі на вуліцу не па каўбасу. Выйшлі не бедныя людзі. Бяднейшыя людзі былі далей ад гэтых падзеяў.

Кульмінацыяй гэтага працэсу, які працягваўся шмат гадоў у беларускім грамадстве, былі пратэсты трохгадовай даўніны. Мінула тры гады. Ці адбыліся за гэтыя тры гады нейкія важныя змены ў грамадстве? Тыя пачуцці застаюцца актуальнымі?

Я казаў пра іерархію каштоўнасцяў, што гэта галоўная прычына. Сэнс у тым, што калі такая структура сфармавалася, то не распадаецца. Яна існуе і працягвае існаваць. Яна не можа зрэалізавацца ў канкрэтных паводзінах, у палітычных дзеяннях, але думка, свядомасць сфармавалася, як інертная, цяжкавагавая структура, і яна існуе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. «Вароты Менску» каля чыгуначнага вакзалу ў Менску, Беларусь. 22 чэрвеня 2023 года.
Фота: Белсат

З боку рэжыму Лукашэнкі: з гэтым можна змагацца? Гэта можа прынесці нейкі карысны эфект? Ці можа Лукашэнка ўзмацніць свае пазіцыі ў выніку рэпрэсіяў? Яны ўсцяж вышукваюць тых, хто супраць яго. А гэта фактычна ўсё грамадства ці большасць грамадства.

Я некалькі разоў паўтараў, што гэта моцная структура – каштоўнасная іерархія. Можа хутка змяніцца рэйтынг той ці іншай персаналіі. Можа змяніцца стаўленне да той ці іншай сацыяльнай інстытуцыі. Каштоўнасць, калі яна сфармавалася, працягвае існаваць. У гэтым сэнсе яе не бярэ нават масаваная прапаганда. У паводзінах гэта не праяўляецца, але інтэнцыі ёсць.

Чым кіруюцца беларусы ў сваіх рашэннях у жыцці?

Пералік гэтых пачуццяў – надзея, страх, гнеў. Што датычыць надзеі: калі людзей пытаюць, якое галоўнае пачуццё вы адчуваеце, калі думаеце пра наступны год, то пасля 2020-га галоўнае пачуццё – надзея. Яно крыху перакрочвае палову (53 %). Але тут галоўнае, што менавіта такая лічба была на мяжы 2021 і 2022 года. Цяпер гэтая сітуацыя захавалася.

Галоўныя пачуцці беларусаў. Выява: слайд з даследавання Беларускай аналітычнай майстэрні

Можна сказаць, што беларусы не губляюць надзеі, нягледзячы на змрочныя тры гады?

Гаворка не пра палітычную сферу, а надзею ўвогуле на лепшае жыццё. Гэта абагульненне. Надзея як абагульненая эмоцыя займае той самы адсотак, як і раней. Гэта фантастычная зʼява. Што датычыць страху і гневу, гэтыя рэчы ёсць, і кожны пра гэта ведае. Ідзе пульсацыя: на адным баку кантынууму – страх, які натуральна прысутнічае, але прысутнічае і схаваны гнеў. Гэта два пункты на краях кантынууму, якія хістаюцца, курсуюць паміж сабою. Пульсацыя гэтых полюсаў і ёсць галоўны змест эмацыйнага, сацыяльна-псіхалагічнага фону жыцця грамадства.

Я правільна зразумеў, што развіццё вышэйшай адукацыі ў Беларусі і развіццё прадпрымальніцтва змянілі структуру ў беларускім грамадстве? Яно стала больш развітым, адукаваным, індывідуалістычным. Яно пачало патрабаваць палітычных правоў. Гэта вылілася ў рэвалюцыю. Якое беларускае грамадства цяпер?

Гэта пачуццё неабходнасці інфармацыі, якая прапануе разнастайныя пункты гледжання. Гэта сталася фізічнаю патрэбаю. Калі вярнуцца да псіхалагічнага партрэту пратэстаў, то выявілася, што там не было патрэбы, каб палітычны лідар фізічна прысутнічаў побач з пратэстоўцамі. Гэта самаарганізацыя. Гэта пераход на глыбінна псіхалагічны ўзровень, калі чалавеку трэба браць удзел у прыняцці рашэнняў. Патрэбны сам факт параўнання розных пунктаў гледжання.

Беларуская рэвалюцыя ўсё ж прайграла. Грамадству не ўдалося, нягледзячы на дэманстрацыю жадання браць удзел у палітычным працэсе, гэтага дамагчыся. Няма гэтых правоў у беларусаў. Гэта ўсё сышло пад лёд і ёсць у замарожаным стане. Як доўга гэты стан можа працягвацца? Ці можа ў штосьці выліцца?

Інструментарый сучасных сацыяльных навук яшчэ не дастатковы, каб рабіць такія матэматычныя мадэлі. Тут і цяпер я магу прывесці спіс на тысячу розных трыгераў, кожны з якіх можа быць апошняю кропляй.

Аналітыка
Андрэй Вардамацкі: У Беларусі спыніўся рост прарасейскай арыентацыі
2023.07.14 10:55

Размаўляў Сяргей Пеляса belsat.eu

Стужка навінаў