Блогер Лаўрынас Рагельскіс «славуты» сваімі правакацыямі на акцыях беларусаў, таксама ён часты госць на БТ. У Літве яго лічаць куратарам прарасейскіх публікацыяў.
У Літве распачаўся суд над прарасейскім блогерам Лаўрынасам Рагельскісам, якога вінавацяць у распальванні варожасці супраць беларусаў, піша «Delfi». На першым паседжанні блогер заявіў, што не паспеў знайсці адваката, таму суд перанёс паседжанне на 26 верасня.
Рагельскіс, паводле звестак следства, у кастрычніку 2020 года «здымаў свае крыўлянні» і кпіны з беларусаў, якія пратэставалі перад амбасадай Беларусі ў Літве, спаганіў мемарыял у памяць аб беларусах, забітых рэжымам Лукашэнкі.
На судзе Рагельскіс назваў сябе беларусам і заявіў, што не разумее літоўскай мовы, «лепей разумее па-расейску». Гэта здзівіла пракурора: у пратаколах расследавання пазначана, што блогер разумее літоўскую мову, перакладчыка ён не прасіў. Пасля паседжання Рагельскіс размаўляў па-літоўску, адзначылі журналісты.
Лаўрынас Рагельскіс хадзіў на акцыі беларусаў у Літве і правакаваў удзельнікаў і пасля 2020 года. Таксама ён часта даваў каментары дзяржаўнай беларускай тэлевізіі. Сярод іншага ён распавядаў «СБ. Беларусь сегодня» ў жніўні 2021 года, што яму спалілі машыну за ягоныя антыўрадавыя пратэсты.
Ён прапагандуе прарасейскія і антызаходнія погляды, ладзіць правакацыі на беларускіх і ўкраінскіх акцыях, а таксама распавядае пра «таемную мафію», якая кіруе чалавецтвам. Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы мяркуе, што блогер – куратар выдання антызаходніх і прарасейскіх артыкулаў на літоўскай мове.
Алесь Наваборскі belsat.eu