Вітаўтас Ландсбергіс: Любую накіраванасць да свабоды мы падтрымаем, але беларусы самі павінны сказаць «не»


Беларусы заўсёды могуць звярнуцца за падтрымкай да Літвы, але толькі яны самі могуць здабыць сабе свабоду, заявіў у эксклюзіўным інтэрв’ю «Белсату» першы кіраўнік Літоўскай Рэспублікі пасля аднаўлення незалежнасці Вітаўтас Ландсбергіс.  

Цалкам інтэрвʼю глядзіце тут:

Палітык лічыць, што беларусам яшчэ не надакучыла адчуваць сабя ахвярамі рэжыму і ён выказвае спадзяванні, што гэта не назаўсёды:

«Мільёны людзей  ў няволі, без правоў, без гарантыі на тое, што сёння-заўтра над імі не учыняць якое-небудзь самавольства. Няволя. Калі-небудзь яны ўздымуцца. Але, што мы можам зрабіць? Даць нейкую гарантыю, што мы падтрымаем. Канешне, падтрымаем. Любую накіраванасць да свабоды, да дэмакратыі, да еўрапейскай цывілізацыі мы падтрымаем, і па магчымасці, напэўна, і зараз падтрывліваем».

Але, падкрэслівае Вітаўтас Ландсбергіс, здабыць сабе свабоду могуць тоькі самі беларусы, «калі скажуць «не, хопіць, мы не хочам быць зняволенымі гэтага рэжыма».

«Магчыма, калі пуцінскі рэжым лопне ў Маскве, то закалебліцца і лукашэнкаўскі рэжым у Менску, па ўсёй верагоднасці. Магчыма, нават і адначасова. У мяне няма дакладных звестак, наколькі моцныя сілы апазіцыі ў Беларусі. Моцныя – у сэнсе рэальнага і нават узброенага супраціву. Мы ведаем пра полк Каліноўскага і батальёны, такія аб’яднанні, якія змагаюцца на баку свабоды, супраць тыраніі. А гэта тыранія, яны ж – двойня, Пуцін і Лукашэнка. Толькі адзін лічыць сябе імператарам, а другі – сатрапам, якому Беларусь аддадзена на откуп, каб рабаваць нібы правіць самастойна, але калі маскоўскі правіцель захоча, ён яго заменіць, хаць наўрад ёсць на каго змяніць», – разважае палітык.

Першы кіраўнік незалежнай Літвы Вітаўтас Ландсбергіс на развітанні са Станіславам Шушкевічам. Вільня, Літва. 6 траўня 2022 года.
Фота: HR / Белсат

Ён не верыць ў тое, што Беларусь можа вызваліцца, пакуль Уладзімір Пуцін трымае уладу ў Расеі:«таму што у Пуціна ёсць безлітасная сіл», але дапускае такую магчымасць,

«калі мільёны людзей пойдуць на турмы Лукашэнкі, патрабуючы адкрыць і вызваліць тых, каго афіцыйна называюць палітвязнямі, – усё гэта будзе знесена. Наўрад ці гэта можа быць знесена паступова, хоць такія пасылы і зрухі ў самой Расеі перыядычна чутныя, што і там ёсць сілы супраціву дыктатарскаму рэжыму. Гэта надзея і для беларусаў».

Але і самыя беларусы павінныя гартаваць у сабе жаданне пастаяць за сваю свабоду, кажа палітык і чарговы раз падкрэслівае, што літоўцы і наш народ заўсёды былі братэрскімі з часоў Кастуся Каліноўскага, таму на падтрымку Літвы нам заўсёды можна разлічваць.

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў