Кіраўнік МЗС Літвы заклікае да больш жорсткіх санкцыяў у дачыненні Беларусі


Пасля таго, як Еўразвяз зацвердзіў новыя санкцыі супраць Беларусі, міністр замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс заявіў, што іх трэба было прыняць ужо даўно, і заклікаў не спыняцца на гэтым.

Габрыелюс Ландсбергіс.
Фота: Reuters

«Пасля гадавога перапынку былі зацверджаныя новыя санкцыі супраць Беларусі – адбылося тое, што даўно павінна было адбыцца. Беларусь падтрымлівае расейскую агрэсію ва Украіне, сітуацыя з правамі чалавека надалей пагаршаецца, а тэрыторыя Беларусі выкарыстоўваецца для абыходу санкцыяў супраць Расеі», – заявіў міністр у чацвер 27 ліпеня.

Ландсбергіс пацвердзіў, што новы пакет уводзіць новыя абмежаванні на тавары падвойнага прызначэння, авіяцыйныя запчасткі – з ягоных словаў, гэта дапаможа перадухіліць «з’яўленне такіх тавараў на полі бою», а таксама змагацца з абыходам санкцыяў супраць Расеі праз Беларусь.

«Аднак мы не можам сядзець, склаўшы рукі, – астатняя частка санкцыйнага пакету павінна быць прынятая неадкладна. Спадзяюся, нам не прыйдзецца зноў чакаць гэтак жа доўга», – падкрэсліў Ландсбергіс.

У сераду 26 ліпеня краіны – чальцы Еўразвязу дамовіліся зрабіць больш жорсткімі санкцыі супраць Беларусі за дапамогу Расеі ў працягу яе поўнамаштабнай вайны ва Украіне і за задушэнне беларускай апазіцыі. Краіны ЕЗ ад пачатку года спрачаюцца аб больш жорсткіх санкцыях супраць Беларусі, каб прывесці іх у адпаведнасць з мерамі, якія прымаюцца ў дачыненні Расеі.

Новыя санкцыі ўносяць у чорны спіс больш беларускіх чыноўнікаў і ў асноўным накіраваныя на абмежаванне выкарыстання тэхнікі двайнога прызначэння, якую можна ўжываць на полі бою, а таксама на спыненне экспарту авіяцыйных запчастак у Беларусь.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў