У гатэлях, на рынку, у парку Сула… і ў прычэпе фуры. Чытачы «Белсату» – пра тое, дзе бачылі мігрантаў


«Белсат» папрасіў чытачоў расказаць, ці бачылі яны людзей, падобных да тых, якія незаконна мінаюць мяжу з Літвой і радзей з Польшчай. Адна гісторыя была асабліва незвычайная.

Ілюстрацыйнае фота. Мігранты ў лагеры ўцекачоў. Капчаміесціс, Літва. 19 ліпеня 2021 года.
Фота: ІА / Белсат

Беларусы не раз паведамлялі, што апошнім часам бачылі групы замежнікаў, не падобных да студэнтаў ці турыстаў, а таксама ў месцах, не тыповых для паўднёвых турыстаў у Беларусі.

Чытач, які працуе ў нацыянальным аэрапорце «Менск», кажа: апошнім часам сапраўды стала прылятаць надзвычай шмат арабаў – і яны прылятаюць «Боінгамі 747», якія перавозяць сотні пасажыраў.

Гатэль «Спадарожнік» у Менску. 18 ліпеня 2019 года.
Фота: Homoatrox via Wikimedia, CC BY-SA 3.0

Адзін чытач расказвае, што частыя госці менскага гатэлю «Спадарожнік» цяпер – людзі арабскага выгляду, цэлыя сем’і з дзецьмі, якія жывуць пару дзён і пакідаюць гатэль арганізаванымі групамі. Чытач кажа, яны не займаюцца нечым асаблівым, а проста сядзяць і чакаюць – у холе, двары, проста на зямлі. Наракае, што «кураць, плююць, кідаюць смецце проста пад ногі».

Другі чытач нядаўна бачыў групы людзей арабскага выгляду, шмат аўтобусаў і мікрааўтобусаў каля гатэлю «Юбілейная».

Трэці чытач бачыў групу людзей арабскага выгляду ў менскім гатэлі «Вікторыя Алімп»: некалькі дзясяткаў мужчынаў маладога і сярэдняга веку. Іх потым арганізавана звёз аўтобус «накшталт турыстычнага». Той жа чытач часта бачыў кампаніі людзей, падобных да мігрантаў, вакол плошчы Перамогі і ў парку Горкага.

Рэпартаж
«Мы бачылі тое ж самае падчас вялікага міграцыйнага крызісу». Рэпартаж з літоўска-беларускай мяжы
2021.07.22 19:59

Яшчэ адзін чытач бачыў каля 30 замежнікаў на менскім гандлёвым цэнтры «Экспабел»: кажа, нічога не куплялі, проста сядзелі на лаўках і чакалі.

Чытачка расказвае, што тры тыдні таму вазіла дзяцей у парк гісторыі – сядзібу Сула, што ў Стаўбцоўскім раёне. Каля абеду там з’явілася «вялікая група людзей з арабскай гаворкай і ў адпаведным убранні», такой колькасці турыстаў з Блізкага Усходу яна здзівілася. Пазней яна пабачыла, што іх прывёз цэлы вялізны аўтобус.

Дальнабойнік знайшоў мігрантаў у сваім прычэпе

Звычайна мігранты з арабскіх і афрыканскіх краінаў пераходзяць беларуска-літоўскую мяжу пешкі. Літоўскія памежнікі сцвярджаюць, што іхныя беларускія калегі ніяк не рэагуюць на гэта, а самі мігранты расказваюць, што на беларускім баку інструктуюць людзі ў камуфляжнай форме. У арганізацыі гэтай плыні нелегальнай міграцыі Літва падазрае рэжым Аляксандра Лукашэнкі.

Як мігранты дабіраюцца ад аэрапорту да мяжы, невядома дакладна. Некаторыя мігранты кажуць літоўскім памежнікам, што іх давозяць аўтамабілямі ці аўтобусамі невядомыя людзі, некаторыя дабіраюцца да мяжы самастойна.

Работніца транспартавай кампаніі Вольга расказала «Белсату» пра незвычайны выпадак: мігранты забраліся ў прычэп фуры да кіроўцы, які іх перавозіць не збіраўся.

Ілютрацыйнае фота. Прычэп з тэнтам.
Фота: pxhere.com, CC0

Паводле Вольгі, фура выязджала з Менскага раёну ў бок Польшчы, мігранты падселі недзе па дарозе. Кіроўца ўжо падчас руху пачуў шум у грузавой прасторы, спыніўся. Прычэп быў тэнтаваны, тэнт «зашываўся» дратамі, але частка была адкрытая. Кіроўца зазірнуў – пабачыў людзей і адразу зацягнуў дрот тэнту, каб тыя не ўцяклі. Казаў, што аднаму «пасажыру» так зашчаміў пальцы.

Затым кіроўца адразу выклікаў міліцыю і патэлефанаваў у базу. Міліцыя прыехала хутка, пераказвае Вольга, і мігрантам у прычэпе не здзівілася – «проста забрала іх, і ўсё». Пратаколу не складалі, кіроўцу ні ў чым не падазравалі, з ім і з кампаніяй потым не звязваліся.

Ілюстрацыйнае фота. Траса М6 (Менск – Горадня – мяжа з Польшчаю).
Фота: belgiprodor.by

Людзі не маглі забрацца ў прычэп на базе або да таго, перакананая Вольга: груз быў зборны, незапячатаны кантэйнер, база іх не прапусціла б – «такім нашая кампанія не займаецца», і кампанія не «лаяльная дзейнаму рэжыму». Да таго ж, кампанія строга ставіцца да перавозаў, сур’ёзна сочыць за тым, каб кіроўцы заадно не вазілі тавараў «для сябе» на перапродаж. Таксама кіроўцаў кампаніі не лавілі на кантрабандзе цыгарэтаў.

Жанчына перакананая, што людзі забраліся ў прычэп па дарозе, але дзівіцца: ад базы да Польшчы фура едзе не так шмат часу.

АА belsat.eu

 

Стужка навінаў