«Гэта, так бы мовіць, праявы новай дэмакратыі». У Генпракуратуры распавялі пра пагрозы чайлдфры


Спікерка Генпракуратуры Беларусі Анжаліка Курчак абвесціла чайлдфры пагрозаю «нацыянальнай бяспецы і нашай дэмаграфічнай палітыцы» ды «праяваю новай дэмакратыі». Так яна сказала ў эфіры «НТВ Беларусь», не забыўшыся і пра аднаполыя шлюбы.

Анжаліка Курчак.
Фота: belta.by

Афіцыйная прадстаўніца Генпракуратуры Анжаліка Курчак растлумачыла, чаму цяперашнія ўлады хочуць караць за «прапаганду чайлдфры». Яна ўпэўненая, што такія погляды пагражаюць нацыянальнай бяспецы і навязаныя «новай дэмакратыяй»:

«Усе гэтыя плыні чайлдфры – гэта больш, так бы мовіць, праявы, так бы мовіць, новай дэмакратыі. І мы разумеем, што на сённяшні дзень актыўна трывае масіраваная атака на ўсіх інфармацыйных рэсурсах адносна прапаганды тых ці іншых каштоўнасцяў, што перашкаджаюць развіццю сямейных стасункаў, што накіраваныя на аднаполыя шлюбы. І ўсё гэта ў сваю чаргу ўяўляе пагрозу нашай нацыянальнай бяспецы, пагрозу нашай дэмаграфічнай палітыцы».

Курчак упэўненая, што жаданне людзей не станавіцца бацькамі можна навязаць «прапагандаю».

«Калі сапраўды гэта будзе прапагандавацца, калі сапраўды гэта будзе распаўсюджвацца, такія дзеянні, вядома, мусяць спыняцца», – заявіла спікерка Генпракуратуры.

Яна пахвалілася прызнаннем «экстрэмісцкімі матэрыяламі» некалькіх Telegram-каналаў і акаўнтаў у сацсетках, прысвечаных чайлдфры, нягледзячы на тое, што пакуль адказнасці за гэта не прадугледжана:

«Пракурор не стаіць у баку, нягледзячы на адсутнасць якой-кольвек адказнасці, ёсць іншыя механізмы і рычагі ўплыву, для таго, каб, так бы мовіць, не распаўсюджваліся вось гэтыя ўсе негатыўныя ідэі ў нашым грамадстве».

Hавiны
У Беларусі плануюць увесці адміністратыўную адказнасць за прапаганду ЛГБТ і чайлдфры
2023.06.19 17:46

Адначасова прадстаўніца Генпракуратуры анансавала ўхваленне адказнасці для бацькоў, калі іхнае дзіця стане ахвяраю злачынства або загіне. Гэты «прабел у заканадаўстве» плануецца прыбраць.

«Калі дзеці сталі ахвярамі гвалту, калі дзеці сталі трапляць пад уплыў якога-кольвек неспрыяльнага ўздзеяння, загінулі альбо ім нанесеная іншая нейкая фізічная і маральная шкода, бацькі ў гэтым выпадку ў нас не падлягаюць ніякай адказнасці».

Акрамя таго, чакаецца павышэнне ўзросту дзяцей, да якога бацькі могуць быць прыцягнутыя да адказнасці за неналежнае выхаванне:

«Цяпер бацькі ў нас адказваюць за неналежнае выхаванне толькі да дасягнення дзецьмі 14 гадоў. Таму плануецца пашырыць межы дыспазіцыі артыкулаў, каб бацькі адказвалі за сваіх дзяцей, за іх паводзіны да дасягнення паўналецця».

Анжаліка Курчак таксама распавяла пра планы пашырыць магчымасці надавання насельніцтву сексалагічнай дапамогі. Улады чакаюць, што асобы, якія «адчуваюць адхіленні ў нармалёвых паводзінах», добраахвотна пойдуць да дзяржаўных адмыслоўцаў.

«Калі той ці іншы чалавек адчувае ў сабе нейкія прыкметы, магчыма, нейкага адхілення ў нармалёвых паводзінах, у адчуваннях у сексуальнай сферы, ён можа на ўмовах ананімнасці звярнуцца да адмыслоўца. Гэта будзе накіравана на тое, каб папярэдзіць развіццё паталагічных нейкіх там з’яў, праяў».

Аналітыка
Педафілы ў Беларусі не перавядуцца? Чаму расце колькасць няпоўнагадовых пацярпелых
2023.03.18 10:00

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў