У Польшчу з Беларусі за шэсць гадзін. Ёсць варыянты не стаяць у чэргах на мяжы


Хутка травеньскія святы і шмат выходных, а тым часам на выездзе з Беларусі ў Польшчу працягваюць збірацца вялізныя чэргі з аўтамабіляў і аўтобусаў. Чакаць даводзіцца дзясяткі гадзінаў. Паглядзелі, якія ёсць іншыя варыянты трапіць у Польшчу, акрамя адзінага працоўнага пункту пропуску на мяжы, і колькі гэта будзе каштаваць.

пограничный пункт, Тересполь-Брест, памежны пункт, «Тэрэспаль – Берасце», польско-беларусская граница, беларуска-польская мяжа, Польшча, Польша, Беларусь
Памежны пераход «Тэрэспаль – Берасце» з польскага боку. Тэрэспаль, Польшча. 9 красавіка 2024 года.
Фота: Міра Ляселішская / Белсат

Да Вільні, а там 15 еўраў – і вы праз гадзіну ў Варшаве

Аўтобус Менск – Варшава можа каштаваць да Br 200 у залежнасці ад часу, калі трэба браць квіток, і перавозніка. Можна знайсці варыянты і за Br 90. «Менсктранс» рэкамендуе на такія рэйсы закладваць каля 10 гадзінаў чакання на мяжы. Паводле «Экалайнсу», аўтобус, які мае прыбыць з Менску ў Варшаву 26 красавіка а 8:55, прыбыў толькі а 17:15. Выходзіць, спазненне больш як на 8 гадзінаў.

Калі няма жадання стаяць на мяжы, але і на паездку шмат траціць не хочацца, можна ўехаць у Польшчу праз Літву, дзе чэргаў звычайна няма альбо яны не такія вялікія. Напрыклад, той жа «Экалайнс» прапануе рэйсы Менск – Вільня – Варшава. Каштуе гэта Br 200–230. Праўда, з Вільні аўтобус можа ехаць у Беласток і толькі потым у Варшаву. Час у дарозе складае 16–19 гадзінаў або 24 гадзіны 25 хвілінаў. Затое ў Літву апошнімі днямі аўтобусы прыходзілі без спазненняў або з невялікімі затрымкамі. Калі вам весялей ехаць, а не стаяць у чэргах, то гэта нядрэнны варыянт.

Ёсць больш хуткі і выгодны спосаб – узяць квіток да Коўна. Гэта будзе каштаваць Br 140–150. Час у дарозе – каля 7 гадзінаў. А з Коўна ў Варшаву можна прыляцець за гадзіну, патраціўшы € 15 (без багажу). Галоўнае – падабраць час прыбыцця і вылету.

Самалёт Коўна – Варшава.
Крыніца: ryanair.com

Паводле такой жа схемы можна ехаць праз Латвію, дзе таксама звычайна няма чэргаў на мяжы. Трэба даехаць да Рыгі і потым даляцець да Варшавы. Праўда, гэта будзе даражэй. Мабыць, ёсць сэнс выбіраць такі шлях, калі вам хочацца паглядзець Рыгу ці ў вас ёсць справы там. Квіток з Менску каштуе Br 180–190. Час у дарозе – ад 9 гадзінаў да 13 гадзінаў 30 хвілінаў. Самалёт з Рыгі ў Варшаву ў залежнасці ад даты можна знайсці за € 13–43 (без багажу). Час у палёце – 1 гадзіна 20 хвілінаў.

Рэпартаж
«Вы ж разумееце, закрытыя ўсе межы». Беларусы едуць з Польшчы па 17 гадзінаў
2024.03.29 14:39

6 гадзінаў праз расейска-польскую мяжу

Ёсць больш дарагія, але цікавыя варыянты. Можна паляцець з Менску ў Калінінград. Цэны на палёт змяняюцца ў залежнасці ад датаў і колькасці вольных месцаў. На 26 траўня мы знайшлі самы танны за Br 368. Ляцець – 2 гадзіны 40 хвілінаў. А з Калінінграду ў Гданьск можна прыехаць за 170 злотых – каля € 40. Час у дарозе – ад 2 гадзінаў 50 хвілін да 3 гадзінаў 30 хвілінаў. Атрымліваецца, што ўсё падарожжа зойме 6–7 гадзін. Пры гэтым трэба ўлічваць, што ў аэрапорт трэба прыбыць загадзя і перасадка ў аўтобус можа заняць гадзіны.

Самалёт Менск – Калінінград.
Крыніца: belavia.by

Гэты варыянт пасуе тым, каму цікава паглядзець на мяжу Польшчы з Расеяй і тым, хто ехаў у Варшаву дзеля аэрапорту, бо ў Гданьску таксама ёсць аэрапорт. Напрыклад, вылецець можна хоць у Вялікую Брытанію – патрэбная толькі віза, ад € 15 да € 100 (без багажу) і 2 гадзіны 15 хвілінаў.

Квіткі ў Вялікую Брытанію з Гданьску.
Крыніца: ryanair.com

Калі ўлічыць, што некаторыя плацяць за тое, каб перасесці ў аўтобус бліжэй да мяжы з Польшчаю € 40, то пераплата ў выпадку палёту ў Калінінград будзе не надта вялікая. Аднак папярэдне лепш праверыць, ці ёсць чэргі на мяжы Польшчы і Расеі.

Ёсць яшчэ шэраг варыянтаў з прылётам у Польшчу праз краіны, у якія лётае «Белавія». Напрыклад, праз Грузію, Турцыю, ААЭ. Праўда, атрымліваецца вельмі дорага.

Цэны на палёты моцна залежаць ад датаў. На адзін з рэйсаў «Белавіі» ў Тбілісі набыць квіток можна за Br 927. Ляцець 3 гадзіны 40 хвілінаў. З Тбілісі ў Варшаву квіткі ёсць, як за $ 250, гэтак і за $ 650. Час у дарозе – 3 гадзіны 55 хвілінаў. Такі варыянт можа пасаваць, калі вам трэба менавіта ў Польшчу. Калі не, то прасцей вылецець з Тбілісі адразу ў іншую краіну.

Рэальна зрабіць трошкі таннейшым маршрут праз Грузію, калі абраць Кутаісі. Квіток з Менску туды знаходзім на травень за Br 788. Палёт – 3 гадзіны 55 хвілінаў. А з Кутаісі ў Варшаву – за € 264. Ляцець 3 гадзіны 40 хвілінаў.

Кошты на рэйс Менск – Кутаісі.
Крыніца: belavia.by

Яшчэ адзін з варыянтаў – Стамбул. Квіток з Менску на травень знайшлі за Br 1034. Час – 5 гадзінаў 30 хвілінаў. Паляцець са Стамбулу ў Варшаву можна за $ 200–500 за 2 гадзіны 25 хвілінаў. Што праўда, з перасадкамі ў дарозе можна прабыць і больш за содні.

Кошты на пералёты з Менску ў Варшаву праз Стамбул.
Крыніца: aviasales.by

Праз Дубаі кошты атрымліваюцца зусім шалёныя і паводле часу зусім не хутка.

Кошты на пералёты з Менску ў Варшаву праз Дубаі і Стамбул.
Крыніца: aviasales.by
Hавiны
«Белавія» прыдумала свае чорныя спісы. Хто можа туды трапіць
2024.01.21 10:11

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў