Станіслава Шушкевіча выпісалі з лякарні


Першага кіраўніка незалежнай Беларусі, 87-гадовага Станіслава Шушкевіча, выпісалі з лякарні. Ён трапіў у рэанімацыю некалькі дзён таму праз ускладненні, што ўзніклі пасля перанесенага каронавіруса.

Станіслаў Шушкевіч

«Муж яшчэ даволі слабы, як кажуць, ляжачы хворы. Цяпер яму патрэбная сацыяльная рэабілітацыя. Хаця, безумоўна, пасля бальніцы ягоны стан палепшыўся», – распавяла жонка Ірына «Народнай Волі».

Паводле словаў жонкі, Станіслаў Шушкевіч баяўся захварэць на каронавірус і летась, калі было цёпла, увесь час сядзеў на лецішчы. Пасля таго, як прыехаў у Менск, таксама на вуліцу практычна не выходзіў. «Нават не ведаю, дзе ён мог падчапіць гэтую хваробу», – дзеліцца Ірына.

«Напрыканцы лютага захварэў на каронавірус. Была тэмпература, прыйшоў лекар. Пазней стала горш, выклікалі «хуткую», забралі ў бальніцу.

Потым муж вярнуўся дадому, а прыкладна тыдзень таму зноў стаў дрэнна сябе адчуваць – тэмпература, вялікая слабасць, нічога не еў. І ў мінулы панядзелак я вырашыла ізноў вызваць «хуткую». Адразу паклалі ў рэанімацыю, хаця не падключалі да апарату штучнай вентыляцыі лёгкіх. Цяпер, дзякуй Богу, ізноў дома, будзем спадзявацца на лепшае», – кажа жонка пра стан Шушкевіча.

Станіслаў Шушкевіч нарадзіўся ў 1934 годзе ў сям’і беларускіх літаратараў Станіслава Шушкевіча і Гэлены Раманоўскай.

Быў дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га і 13-га скліканняў, а ў 1991–1994 гадах узначальваў яго, фактычна выконваў ролю першага кіраўніка незалежнай Беларусі. 8 снежня 1991 года быў адным з падпісантаў Белавежскага пагаднення, якое паставіла кропку ў існаванні СССР.

Аналітыка
«Я магу гэтым толькі ганарыцца». 30 гадоў таму ў Беларусі ліквідавалі СССР
2021.12.08 10:05

АД belsat.eu

Стужка навінаў