За чырвона-чорны шалік – здзекі і прысуд 15 содняў


Суд Савецкага раёну.
Фота: ТК / Белсат

35-гадовага Ягора Цыгвінцава затрымалі разам з жонкаю 25 сакавіка. Яны шпацыравалі па вуліцы Прытыцкага, калі спыніўся бус і выбеглі невядомыя, каб іх затрымаць, паведамляе «Вясна».

Прычына – адзенне «палітычных» колераў. Ягор быў апрануты ў бела-чорную куртку і чырвона-чорны шалік, а жонка была ў чырвонай куртцы і белым шаліку. У бусе Ягора папрасілі паказаць, што ляжыць у ягоным заплечніку.

Пры аглядзе мужчына спытаў, ці будзе пратакол. У адказ яму зацягнулі рукі сцяжкай, спыталі, ці зручна, і зацягнулі яшчэ мацней. Пасля гэтага Ягор пытанняў больш не задаваў.

У Фрунзенскім РУУС пры апісанні рэчаў у ягоным заплечніку знайшлі дзве бутэлькі вады, печыва і блок цыгарэтаў. Адзін з участковых выклікнуў: «Ну вось, у іх запасы!» Гэта прыцягнула ўвагу работнікаў РУУС, таму мужчыну папрасілі разблакаваць тэлефон, але ён адмовіўся. Ягора вывелі з актавай залы, дзе ўтрымлівалі ўсіх затрыманых, і завялі ў склеп, дзе пачалі збіваць.

На судзе мужчына заявіў, што «два працаўнікі ў цывільным нанеслі шэраг цялесных пашкоджанняў». У выніку Ягору ўсё ж давялося разблакаваць тэлефон.

Таксама ў РУУС Цыгвінцаву не патлумачылі ягоных правоў, адмовілі ў адвакаце.

На судзе сталі вядомыя і абставіны прымусу падпісаць пратакол паводле арт. 24.23 КаАП. Ягор хацеў дасканала азнаёміцца з пратаколамі, дапаўняў і задаваў шмат пытанняў, але трое работнікаў РУУС хацелі паскорыць гэты працэс. Працаўнікі сталі вакол Ягора, а адзін з іх на вачах жонкі ціснуў локцем на руку, пакуль мужчына не падпісаў пратаколу, згодна з якім ён «узяў удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве на праспекце Пушкіна».

Справы Цыгвінава не было ў раскладзе суда. Заслухаўшы ўсе паказанні, суддзя Марына Фёдарава 26 сакавіка пастанавіла прысудзіць мужчыну 15 содняў арышту.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў