У Беларусі перадумалі абавязваць гаспадароў чыпаваць сабак і катоў


Палата прадстаўнікоў ухваліла законапраект «Аб адказным абыходжанні з жывёлаю». Да другога чытання ў дакумент унеслі некалькі зменаў, напрыклад, прыбралі норму аб абавязковым чыпаванні гаспадарамі сваіх гадаванцаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Дэпутаты канчаткова ўхвалілі законапраект «Аб адказным абыходжанні з жывёлаю». Да другога чытання ў дакумент унеслі некалькі зменаў.

У першай рэдакцыі было пазначана, што гаспадары абавязаныя чыпаваць сваіх гадаванцаў, цяпер гэта можна будзе зрабіць на ўласнае жаданне.

«З увагі на шматлікія просьбы грамадзянаў, асабліва ў сельскай мясцовасці, законапраектам прапанавана замацаваць не абавязанне, а права ўласніка на чыпаванне свайго гадаванца. Пры гэтым прадугледжваецца абавязак для заводчыкаў і гадавальнікаў чыпаваць прыплод да продажу», – паведамляе тэлеграм-канал Палаты прадстаўнікоў.

Акрамя таго, у законапраекце асобна прапісалі забарону на наведванне з жывёлінамі-кампаньёнамі харчовых крамаў. Першая рэдакцыя і без таго не дазваляла прыходзіць з гадаванцамі ў любыя крамы, акрамя заалагічных.

Таксама заканадаўцы забаранілі продаж жывёлінаў няпоўнагадовым асобам.

Агляд
«Ката забілі? Вы сур’ёзна?!» Як у Беларусі забіваюць жывёлінаў і як за гэта караюць
2024.01.28 12:00

Каб памылкова не ўмярцвіць гадаванца з сімптомамі, уласцівымі заразным захворванням, дыягназ перад эўтаназіяй мусіць ставіць ветэрынар. Ён павінен знайсці хваробу з адмысловага пераліку, пазначана ў законапраекце.

У дакуменце таксама замацавалі, што «ягонае дзеянне не распаўсюджваецца на адносіны ў галіне абыходжання з бадзяжнымі катамі і беспароднымі сабакамі, якія знаходзяцца ў паляўнічых угоддзях».

Разбор
Цуды гумовых законаў. У Беларусі могуць забараніць прыходзіць з сабакам куды заўгодна
2023.12.01 09:29

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў