«Ва ўмовах жорсткіх рэпрэсіяў». Еўразвяз пракаментаваў «рэферэндум» у Беларусі


Еўразвяз лічыць, што канстытуцыйны «рэферэндум» у Беларусі прайшоў ва ўмовах паўсюдных парушэнняў правоў чалавека і жорсткіх рэпрэсій супраць усіх слаёў беларускага грамадства. Пра гэта гаворыцца ў заяве вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ па замежных справах і палітыцы бяспекі Жузэпа Бурэля.

«Прастора для сапраўднага грамадскага абмеркавання цалкам закрытая, шырока выкарыстоўваецца наўмысная дэзынфармацыя. Акрамя таго, вялізная колькасць беларускіх грамадзян была вымушаная пакінуць краіну», – гаворыцца ў заяве.

Жузэп Бурэль лічыць, што гэта не тыя ўмовы, якія неабходныя для дэмакратычнага працэсу перагляду Канстытуцыі.

«Больш за тое, мы былі сведкамі масавых фальсіфікацыяў на мінулых прэзідэнцкіх выбарах, і нішто не паказвае на паляпшэнне выбарчай сістэмы», – дадаў ён.

Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі нагадаў пра прамежкавую справаздачу Венецыянскай камісіі, у якой гаворыцца пра тое, што прапанаваныя змены ў Канстытуцыю «даюць Лукашэнку дадатковыя інструменты для далейшага ўмацавання сваёй улады».

«Акрамя таго, яшчэ адной трывожнай акалічнасцю з’яўляецца выдаленне спасылкі ў артыкуле 18 на няядравы статус Беларусі. ЕЗ самым рашучым чынам асуджае дачыненне Беларусі да агрэсіі супраць Украіны, якая працягваецца, і мы будзем рабіць захады ў дачыненні тых у Беларусі, хто супрацоўнічае з расейскай ваеннай агрэсіяй супраць Украіны», – гаворыцца ў заяве Бурэля.

Зазначаецца, што ЕЗ працягне актыўную падтрымку пабудовы незалежнай, суверэннай і дэмакратычнай Беларусі.

У Беларусі 27 лютага прайшоў так званы «рэферэндум» па зменах у Канстытуцыю. У бюлетэні было толькі адно пытанне: «Ці прымаеце Вы змены і дапаўненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь?» Варыянтаў адказу было два: за і супраць.

Паводле папярэдніх звестак ЦВК, за змены ў Канстытуцыю нібыта выказаліся 82,86% выбарцаў. У дзень «рэферэндуму» у Беларусі затрымалі каля 800 чалавек, у тым ліку – на выбарчых участках.

Hавiны
Міліцыянты ў дзень «рэферэндуму» схапілі 800 чалавек
2022.02.28 11:12

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў