«Паляниця» – гэта шыбалет. Што гэта такое і да чаго тут Шчучыншчына


Ідэі прасіць штосьці накшталт «скажи паляниця» – больш за тры тысячы гадоў. І гэтая ідэя дапамагае ўкраінцам лавіць дыверсантаў.

Тыповая ўкраінская паляниця, якая прадаецца за 20 грыўняў у сетцы крамаў «Novus».
Фота: Zakaz.ua

Што такое шыбалет

«Шыбалет» (שִׁבֹּלֶת) – гэта слова на іўрыце, якое азначае ‘колас’ – частку расліны, што змяшчае збожжа; радзей значыць ‘плынь’. Слова згадваецца ў габрэйскай Бібліі як своеасаблівы пароль, каб вызначыць ефраімлянаў, з якімі вялі вайну галаадцы: ефраімляне не маглі вымавіць першы гук [ш] – выходзіла [с]. І за гэта гінулі. Кажуць, праз «шыбалет» забілі 42 тысячы чалавек.

Гэтай гісторыі больш за тры тысячы гадоў, і за гэты час у розных народаў з’явіліся свае шыбалеты: «Schild en vriend» у сіцылійцаў пры змаганні з французамі ў пачатку 1300-х гадоў, «soczewica, koło, miele, młyn» у палякаў супраць немцаў у 1300-х, «ciciri» ў сіцылійцаў супраць французаў у канцы 1400-х, «Francisco» ў калумбійцаў супраць іспанцаў у 1800-х, «yksi» ў фінаў супраць расейцаў у 1900-х, «flash – thunder– welcome» у амерыканцаў супраць немцаў у 1944-м…

У якасці шыбалета можа быць і простае імя ці тапонім, як, напрыклад, назва польскага гораду Szczebrzeszyn. Падобную з’яву выкарысталі аўтары польскай камедыі «Як я распачаў Другую сусветную вайну» 1970 года («Jak rozpętałem drugą wojnę światową»): галоўны герой троліў нацыстаў тым, што назваўся як Grzegorz Brzęczyszczykiewicz з вёскі Chrząszczyżewoszyce.

Слова «шыбалет» пазней атрымала і больш шырокія значэнні – нейкая ўнікальная для народу характарыстыка паводзінаў ці рыса выгляду, састарэлы забабон, нейкая прынцыповая для чалавека справа.

Чаму паляниця – не останівка

Паляниця – хлеб з пшанічнай мукі ў форме сплюснутай паўсферы з надрэзам, які робіцца перад выпяканнем. Слова вымаўляецца як [паляны́ця], але некаторыя ўкраінцы замест [ы] вымаўляюць нават гук, сярэдні між [ы], [э] і гукам [ə] (шва – гук, які ў балгарскай мове пазначаецца літарай Ъ). Націск менавіта на гэты гук [ы].

Яшчэ нядаўна гэта было жартам: калі ўкраінец просіць замежніка сказаць слова «паляниця», тыя не могуць правільна вымавіць – і так «паляцца». Да пачатку вайны на Данбасе гэты жарт быў нароўні з анекдотам: «Діду, а де тут останівка?» – «Зупинка там, а ти, москалику, вже приїхав».

Але адна справа – запомніць, што прыпынак – гэта не «останівка», а зусім іншая – вымавіць неўласцівае сваёй мове спалучэнне гукаў [ыця]. Расейцам можа замінаць і тое, што слова пішацца праз И – у расейскай гэта [і], а ва ўкраінскай [ы].

Для беларусаў гэты ўкраінскі шыбалет можа працаваць не настолькі эфектыўна, але супраць беларусаў украінцы маглі б ужываць словы з мяккімі гукамі [д’] і [т’], якіх у беларускай мове (і нават расейскай мове беларусаў) няма: «дітячий» беларус не можа вымавіць інакш як «дзіцячый».

Гэта працуе

Легенды кажуць, што ўкраінцы карысталіся сваім шыбалетам яшчэ ў час Украінскай Народнай Рэспублікі. Быццам бы дапамагаў шыбалет і ў час вайны на Данбасе, якая распачалася ў 2014-м. Але з нападам Расеі на Украіну ў 2022-м слова-пароль стала сапраўды сур’ёзным інструментам у выяўленні дыверсантаў.

Асцярожна, відэа ніжэй – жорсткія, з мацюкамі.

Выявілася, што расейцы не могуць правільна вымавіць назву мястэчка Гастомэль (па-украінску [Гостомэль]), у якім захапілі аэрапорт.

Беларусая паляниця – Шчучыншчына? Ёсць нават лепшы варыянт!

У байнэце прапаноўвалі таксама пытаць меркаваных іншаземцаў, што такое «жырандоля». Але гэта не настолькі ўдалы варыянт: не так цяжка запомніць, што значыць слова, і амаль няцяжка перастаць смяяцца з лінгвістычнага шоку. І «шуфлядка», і «ссабойка» тут не дапамогуць.

Які беларускі шыбалет найлепшы? Спыталі эксперта: мовазнаўцу Вінцука Вячорку, вядоўцу моўнага раздзелу радыё «Свабода». Ён кажа, што беларуская мова наогул найлепшы спосаб распазнавання «свой – чужы», бо нават тыя беларусы, якія не карыстаюцца беларускаю моваю штодня, пасіўна ёю валодаюць.

«Ёсць шыбалет, які я прыводжу як прыклад дасканалага натуральнага валодання беларускай фанетыкай: «дзвюма». Форма жаночага роду: напрыклад, «дзвюма сёстрамі», – прапануе Вячорка.

Мовазнаўца згадвае, што ў якасці беларускага шыбалету пашырыўся прасцейшы варыянт: «Шчучыншчына». Назву мясцовасці пад Шчучынам Горадзенскай вобласці восенню 2020 года «праславіла» спявачка Алена Жалудок з парадыйнай песняй. Слова стала папулярным якраз у час нацыянальнага ўздыму, даволі нядаўна.

«А слоўныя шыбалеты – гэта назвы беларускіх месяцаў. Працягніце: студзень, люты… – прапаноўвае мовазнаўца. – У канкрэтных гарадах – неафіцыйныя назвы раёнаў, як у Менску Серабранка ці Малінаўка, у Берасці Граеўка і гэтак далей – на варожых мапах іх няма».

Алесь Наваборскі belsat.eu

 

Стужка навінаў