Святлана Ціханоўская: Рэжым Лукашэнкі ўпадзе яшчэ сёлета


Святлана Ціханоўская ў інтэрв’ю нямецкаму штотыднёвіку «Bild am Sonntag» заявіла, што Аляксандр Лукашэнка будзе вымушаны сысці ўжо бліжэйшымі месяцамі. Пра гэта паведамляе «DW».

На думку Ціханоўскай, да адстаўкі Лукашэнкі непазбежна прывядзе нарастальны ціск на рэжым з боку ЕЗ і ЗША.

«Ціск будзе расці з кожным днём і аднойчы стане для Лукашэнкі празмерным, тады ён сыдзе, – заявіла Ціханоўская. – Рэжым Лукашэнкі ўпадзе яшчэ сёлета. Думаю, увесну ён сыдзе».

У сваю чаргу Павел Латушка заклікае Захад дамагацца поўнай эканамічнай ізаляцыі Беларусі. «Мы гатовыя трываць санкцыі шэсць або дванаццаць месяцаў, калі пасля гэтага сітуацыя палепшыцца», – адзначыў апазіцыянер у размове з журналістамі нямецкай штотыднёвай газеты «Welt am Sonntag».

З пункту гледзішча Латушкі, Еўразвяз мусіць прыпыніць усе эканамічныя стасункі з Беларуссю, каб апарат рэжыму Лукашэнкі не мог атрымліваць сродкаў на міжнародных фінансавых рынках. Пры гэтым апазіцыянер, як і Святлана Ціханоўская, упэўнены ў тым, што «вызначальная бітва» паміж пратэстоўцамі і цяперашнімі ўладамі разгорнецца ўжо ўвесну.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў