27-ы дзень пратэстаў у Беларусі. Галоўнае


Belsat.eu падводзіць вынікі 27-га дня пратэстаў у краіне.

Жаночы марш на праспекце Незалежнасці ў Менску, 4 верасня. Фота – belsat.eu

Пратэсты і затрыманні

4 верасня ў Менску адбыўся шэраг лакальных акцыяў пратэсту ў розных кропках гораду.

Акцыя салідарнасці каля МДЛУ. Фота -belsat.eu

Днём міліцыянты ў будынку МДЛУ затрымалі пяць чалавек падчас студэнцкай акцыі (навучэнцы спявалі «Марсэльезу»). Жорсткія дзеянні сілавікоў на тэрыторыі ўніверсітэту выклікала хваляванні сярод студэнтаў МДЛУ і іншых ВНУ (у прыватнасці, у БДУІР і БДМУ). Каля 150 чалавек зладзілі акцыю салідарнасці ля галоўнага ўваходу ў лінгвістычны ўніверсітэт, на сустрэчы з кіраўніцтвам МДЛУ студэнты крычалі «Ганьба» і «Жыве Беларусь». Рэктар МДЛУ Наталля Баранава была вымушана ўвечары распаўсюдзіць адмысловы відэазварот, дзе назвала сённяшнія падзеі «беспрэцэдэнтнымі».

Акцыя салідарнасці каля МДЛУ, 4 верасня. Фота – belsat.eu

Прайшла чарговая акцыя айцішнікаў каля Парку высокіх тэхналогіяў, а таксама жаночая акцыя салідарнасці на Камароўскім рынку. Пасля гэтага каля тысячы жанчын прайшліся шэсцем па праспекце да плошчы Незалежнасці, скандуючы «Караева пад суд» і «Лукашэнка ў аўтазак».

Жаночы марш на праспекце Незалежнасці ў Менску, 4 верасня. Фота – belsat.eu
Жаночы марш на праспекце Незалежнасці ў Менску, 4 верасня. Фота – belsat.eu

Увечары акцыі салідарнасці праходзілі ў Малінаўцы, Шабанах, Лошыцы, Серабранцы, Грушаўцы Новай Баравой, Степянцы, каля ст. метро «Міхалова» і ст. метро «Пушкінская». У Берасці людзі ўшанавалі памяць забітага пратэстоўца Генадзя Шутава.

Увесь дзень сілавікі праводзілі кропкавыя затрыманні – у тым ліку ў ПВТ, на праспекце Пераможцаў і на Кастрычніцкай плошчы. Акрамя таго, у межах крымінальнай справы затрымалі блогера Паўла Спірына – яго вінавацяць у «распальванні варожасці».

Выступ Ціханоўскай на слуханнях у Радзе Бяспекі ААН

Святлана Ціханоўская
Святлана Ціханоўская галасуе ў Менску. 9 жніўня 2020 года.
Фота: Аляксандр Васюковіч / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Святлана Ціханоўская праз відэасувязь выступіла з дакладам на слуханнях у Радзе Бяспекі ААН. Яна заявіла, што рэжым Лукашэнкі «маральна збанкрутаваны», «юрыдычна сумнеўны» і не можа больш прадстаўляць Беларусь.

Ціханоўская заклікала ААН асудзіць гвалт з боку сілавікоў, склікаць спецыяльную сесію Рады ААН у пытаннях правоў чалавека для абмеркавання сітуацыі ў Беларусі і накіраваць у Беларусь міжнародную маніторынгавую місію.

Паводле Ціханоўскай, супраца з рэжымам Лукашэнкі ў гэты момант азначае падтрымку гвалту і грубага парушэння правоў чалавека. Яна лічыць, што міжнародная супольнасць мусіць выкарыстаць усе механізмы для спынення гвалту, у тым ліку санкцыі супраць асобаў, адказных за злачынствы.

Hавiны
Святлана Ціханоўская выступіла на слуханнях у Радзе Бяспекі ААН
2020.09.04 19:14

Суд над журналістамі

Мікіта Недаверкаў
Журналіст «Камсамольскай праўды ў Беларусі» Мікіта Недаверкаў пасля выхаду з ізалятару на вуліцы Акрэсціна, дзе ён правёў трое сутак.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Пасля трох содняў за кратамі на свабоду выйшлі шэсць журналістаў, затрыманых 1 верасня.

Нагадаем, журналісты TUT.by Аляксей Суднікаў і Надзея Калініна, карэспандэнты «Комсомольской правды в Беларуси» Сяргей Шчогалеў, Мікіта Недаверкаў і Марыя Эльяшэвіч, а таксама журналіст БелаПАН Андрэй Шаўлюга былі затрыманыя 1 верасня падчас студэнцкіх акцыяў пратэсту. На іх склалі пратакол паводле арт. 23.34 КаАП («удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве») і пакінулі на ноч у РУУС Кастрычніцкага раёну.

Затрыманыя журналісты на акцыі студэнтаў выконвалі свае прафесійныя абавязкі, яны былі пазначаныя сінімі камізэлькамі з надпісам «Прэса» (загалоўнымі літарамі) на спіне. Аднак міліцыянты сцвярджалі, што рэпарцёры нібыта заклікалі студэнтаў да пратэстаў і «нават каардынавалі дзеянні натоўпу». 2 верасня суд вярнуў пратаколы журналістаў у міліцыю на дапрацоўку. У той жа вечар затрыманых адправілі ў ЦІП на Акрэсціна, дзе яны правялі дзве наступныя ночы.

Журналісты на Акрэсціна
Журналісты Святаслаў Зоркі, Аляксей Суднікаў, Андрэй Шаўлюга, Мікіта Недоверкаў і Марыя Эляшэвіч пасля вызвалення з ізалятара на Акрэсціна, дзе яны правялі трое сутак.
Фота: Ірына Ареховская / Belsat.eu

4 верасня суд прызнаў усіх затрыманых журналістаў вінаватымі ў адміністратыўным правапарушэнні і прызначыў ім аднолькавае пакаранне: 3 содняў арышту кожнаму. На той момант журналісты і так ужо знаходзіліся за кратамі амаль трое содняў, таму ў другой палове дня 4 верасня ўсіх вызвалілі.

Hавiны
Журналісты выходзяць з ІЧУ. СТРЫМ
2020.09.04 18:23

«Радыёперахоп размовы Варшавы і Берліну»

Тэлеканал ОНТ і «Пул Первого» апублікавалі запіс размовы невядомых людзей, якую ўлады выдаюць за «радыёперахоп перамоваў Варшавы і Берліну».

Нагадаем, 3 верасня Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са прэм’ер-міністрам Расеі Міхаілам Мішусціным заявіў, што беларуская выведка нібыта перахапілі перамовы Варшавы і Берліна, з якіх вынікае, што Аляксей Навальны не быў атручаны.

На апублікаваным 4 верасня запісу двое невядомых размаўляюць на ангельскай мове. Не тлумачыцца, хто гэтыя людзі. Але галасы кажуць, што не важна, ці сапраўды Навальнага атруцілі, бо «ідзе вайна», а «на вайне ўсе метады добрыя». Нібыта мэта гісторыі з атручваннем Навальнага – адбіць «ахвоту Пуціну сунуць нос у справы Беларусі». Што тычацца Лукашэнкі, то невядомыя галасы называюць яго «крэпкім арэшкам» і заяўляюць, што «чыноўнікі і вайскоўцы верныя прэзідэнту».

Запіс ужо выклікала хвалю жартаў і мэмаў у сацсетках..

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў