news
Аналітыка
«Рэжым азвярэла шукае новыя спосабы ціску на людзей». Рэпрэсіі ў Беларусі ў 2023 годзе
Цягам года амаль не было дзён без затрыманняў і судоў праз палітычныя матывы.
27.12.202307:57

Палітычны пераслед у Беларусі ў 2023-м, праз тры гады пасля пратэстаў 2020-га, не спыніўся, а толькі ўзмацніўся. Мы штодня робім агляд рэпрэсіяў і бачым, што сёлета амаль не было такіх дзён, калі б нікога не затрымлівалі ці не судзілі паводле палітычных матываў. Гэты год адзначыўся вялізнымі турэмнымі тэрмінамі, ціскам на сваякоў палітычных вязняў і тых, хто ўцёк ад пераследу за мяжу, законамі ды ўказамі, якія ствараюць сур’ёзныя праблемы ўцекачам ад рэжыму. Сабралі асноўныя лічбы наконт рэпрэсіяў у 2023 годзе, а таксама запыталіся ў праваабаронцы пра тэндэнцыі палітычнага тэрору і чаго чакаць.

Выява мае ілюстрацыйны характар. Калаж: Аліса Ганчар / Белсат

Найбольш палітзняволеных – у жаночай калоніі

На канец снежня 2023 года ў Беларусі – 1483 палітычныя вязні, такі лік прыводзіць праваабарончы цэнтр «Вясна». Паводле праваабарончай арганізацыі DissidentBy – 1650, з іх 179 жанчын і 6 няпоўнагадовых. Таксама «DissidentBy» прыводзіць звесткі, што 19 чалавек былі скіраваныя на прымусовае лекаванне. 928 чалавек часткова ці цалкам адбылі тэрміны пакарання. Агулам крымінальны пераслед паводле палітычных матываў быў зафіксаваны ў дачыненні 5508 чалавек на 22 снежня 2023 года. «Вясна» кажа пра 5523 чалавекі, якія сутыкнуліся з палітычна матываваным крымінальным пераследам (у гэтую колькасць уваходзяць і тыя, хто не быў затрыманы) з траўня 2020 года.

«Палітычныя» на сёння ёсць амаль ува ўсіх пенітэнцыярных установах Беларусі. Найбольш – 124 чалавекі – утрымліваецца ў жаночай Папраўчай калоніі № 4 у Гомлі. На другім месцы – Папраўчая калонія №15 у Магілёве, там 123 палітычныя вязні. Больш за 100 палітзняволеных – у ПК № 3 у Віцьбе каля Віцебску (111 чалавек), у ПК № 1 у Наваполацку (105 чалавек), у ПК № 2 у Бабруйску (101 чалавек). У СІЗА найбольш «палітычных» у Менску на Валадарцы – 49 чалавек. Найменш палітзняволеных – па 2 чалавекі – у Калоніі № 13 у Глыбокім, у РНПЦ псіхічнага здароўя ў Менску, у ПУАТ № 47 у Мсціславе, у ПУАТ № 10 у Віцебску і ў ПУАТ № 51 у Менску.

Катаванні за кратамі

Паводле праваабаронцаў, палітзняволеныя ўва ўсіх установах пазбаўлення волі ўсцяж зазнаюць асабліва высокія рэжымныя патрабаванні, жорсткае абыходжанне. Ім адвольна і выбарачна прызначаюць пакаранні ў дысцыплінарным парадку, некаторым рэгулярна падаўжаюць тэрмін пазбаўлення волі падчас ці пасля адбыцця пакарання паводле прысуду. Артыкул 411 Крымінальнага кодэксу («Непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі») выкарыстоўваецца, каб зрабіць тэрмін адбывання бясконцым, як у выпадку з Палінаю Шарэндаю-Панасюк, якой двойчы падаўжалі тэрмін на год менавіта паводле гэтага артыкулу.

Hавiны
«Зняволенне становіцца бясконцым». Паліна Шарэнда-Панасюк за кратамі ўжо 1000 дзён
2023.09.30 11:03

У якасці пакарання ўжываецца змяшчэнне ў штрафны ізалятар (ШІЗА) за нязначныя правіннасці. Напрыклад, у лістападзе стала вядома пра ўжыванне такога спосабу ціску да Максіма Зіневіча, Алены Лазарчык і Ігара Аліневіча. Пасля неаднаразовых змяшчэнняў у штрафны ізалятар больш строгая захада – перавод у памяшканне камернага тыпу – была ўжытая да Ігара Аліневіча, Аляксандра Францкевіча, Вікторыі Кульшы, Паўла Вінаградава і да праваабаронцы, лаўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага. Вялікую колькасць палітычных вязняў пераводзяць на турэмны рэжым: 22 снежня стала вядома пра такую захаду ў дачыненні Паўла Вінаградава.

Працягваецца супрацьпраўная практыка запісу публічных выбачэнняў («пакаянных» відэа).

Інкамунікада

У 2023 годзе палітычныя вязні ды іхныя сваякі сутыкнуліся з такою з’явай, як інкамунікада, калі зняволеных пазбаўляюць любой сувязі з вонкавым светам, блакуюць ліставанне, не дазваляюцца тэлефанаванні і сустрэчы.

Па-ранейшаму няма дакладных звестак пра лёс знаных апазіцыйных палітыкаў, якіх улады трымаюць у строгай ізаляцыі, у звязку з чым ад іх не паступае карэспандэнцыі, яны пазбаўленыя права на тэлефонныя перамовы і спатканні, у тым ліку з адвакатамі. Родныя не маюць інфармацыі пра стан іхнага здароўя. Марыю Калеснікаву, Мікалая Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку і некаторых іншых палітычных вязняў цягам некалькіх месяцаў утрымліваюць інкамунікада. Таксама практычна ўсе палітзняволеныя істотна абмежаваныя ў ліставанні і спатканнях з роднымі ды адвакатамі.

Агляд
Не толькі Бабарыка, Статкевіч і Ціханоўскі: пра мноства палітвязняў даўно няма звестак
2023.11.22 11:12

Сёлета ў лістападзе ў Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў трапіла Facebook-група «Письма солидарности Беларусь 2020», у якой людзі дзяліліся досведам ліставання з палітычнымі вязнямі.

Пагаршэнне здароўя і выпадкі смерці ў месцах пазбаўлення волі

У няволі палітычныя вязні сутыкаюцца з пагаршэннем здароўя. Гэта звязана як з ненаданнем або няякасным ці нясвоечасовым наданнем медычнай дапамогі, гэтак і проста з дрэннымі ўмовамі ўтрымання.

Аб’ектыў
Віктар Бабарыка трапіў у больніцу
2023.04.27 22:34

У ноч на 25 красавіка 2023 года былога кандыдата на пасаду прэзідэнта Беларусі – палітзняволенага Віктара Бабарыку – даставілі ў гарадскі шпіталь з Наваполацкай калоніі № 1, дзе ён адбывае 14-гадовы тэрмін пакарання. У лякарні яго пратрымалі некалькі дзён і, імаверна, вярнулі ў калонію. Пазней стала вядома, што палітычнага вязня перавялі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ), паведамлялася, што доўгі час узімку Бабарыка ўтрымліваўся ў штрафным ізалятары. Праваабаронцам «Вясны» ўдалося атрымаць падрабязнасці інцыдэнту. Віктар Бабарыка быў дастаўлены ў хірургічнае аддзяленне Наваполацкай гарадской больніцы моцна збітым, яго лекавалі пад кантролем спецслужбаў.

У лістападзе з’явілася інфармацыя аб праблемах са здароўем у Таццяны Канеўскай, Рыгора Кастусёва, Алы Зуевай і Аляксандра Любенчука. За кратамі ўтрымліваюцца палітычныя вязні з анкалагічнымі хваробамі.

Hавiны
«Практычна не было шанцаў на ўратаванне». Сталі вядомыя абставіны смерці Алеся Пушкіна
2023.07.12 11:52

У 2023 годзе ў зняволенні праз нясвоечасовае наданне медычнай дапамогі памерлі мастак Алесь Пушкін і Мікалай Клімовіч.

Аб’ектыў
У віцебскай калоніі памёр палітвязень
2023.05.08 23:24

Рэпрэсіі ў дачыненні дзяцей

З пачатку пратэстаў у Беларусі тысячы дзяцей адчулі на сабе рэпрэсіі ў звязку з затрыманнем і крымінальным пераследам бацькоў, а дзясяткі апынуліся за кратамі. На 29 лістапада 2023 года ў краіне налічваліся дзясяцера палітвязняў, якія сустрэлі 18-годдзе за кратамі ці якія цяпер няпоўнагадовыя: Мікіта Залатароў, Сяргей Гацкевіч, Эдуард Кудынюк, Максім Імхавік, Іван Пацяйчук, Дзяніс Хазей, Аляксандр Вінярскі, Павел Піскун, Алег Дабрыднёў, Мікіта Бруй.

Hавiны
Дзеці за кратамі і пераслед сямей ваяроў. Рэпрэсіі 20 лістапада
2023.11.20 23:29

Парушэнне правоў людзей слова

Згодна са звесткамі БАЖ, на дзень 22 снежня ў месцах пазбаўлення волі застаюцца 32 журналісты і работнікі медыяў.

Паводле Беларускага ПЭНу, на дзень 15 снежня 2023 года людзей слова ў няволі не менш за 32, дзеячаў культуры ў няволі не менш за 148.

Кожны тыдзень Міністэрства інфармацыі абнаўляе Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Сёлета дабраліся нават да твораў класікаў і вершаў ХІХ стагоддзя: гэтак, экстрэмісцкімі былі прызнаныя спачатку верш «Гутарка старога дзеда», аўтарства якога прыпісваюць Вінцэнту Дунін-Марцінкевічу, а потым і цэлы збор твораў класіка.

МУС у сваю чаргу папаўняе Спіс асобаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці, а КДБ – «тэрарыстычны спіс». Усяго ў Беларусі – 3595 грамадзянаў, якія нібыта маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.

Пераслед за антываенную пазіцыю

Як асобны від рэпрэсіяў праваабаронцы вылучаюць пераслед за падтрыманне Украіны і антываенную пазіцыю.

ГУБАЗіК працягвае пераследаваць сваякоў беларусаў, якія ваююць на баку Украіны: сілавікі прымусілі бацьку прадстаўніка палка Каліноўскага Паўла Кухты запісаць зварот да сына з просьбаю вярнуцца ў Беларусь і «адседзець столькі, колькі трэба». Адпаведнае відэа з’явілася ў праўладным Telegram-канале 20 лістапада.

Сілавікі апублікавалі «пакаяннае» відэа з Ігарам Соладавым, сузаснавальнікам фірмы гарадскіх маршрутных перавозаў. На камеру ён сказаў, што быў затрыманы за каментары ў Telegram-каналах пра беларускіх і расейскіх вайскоўцаў, паведаміў «Grodno_grab».

Выява мае ілюстрацыйны характар. Калаж: Аліса Ганчар / Белсат

Магілёўскі абласны суд 22 лістапада разгледзеў крымінальную справу супраць Аляксандра Бараноўскага, якога абвінавацілі ў фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 арт. 361-2 КК) і ўдзеле на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні ці ўзброеным канфлікце (ч. 2 арт. 361-3 КК). Пакаранне – пазбаўленні волі тэрмінам 5 гадоў у папраўчай калоніі.

Баранавіцкая пракуратура пачала крымінальныя справы супраць заснавальніцы Саюзу маці Беларусі і ейнага мужа паводле фактаў стварэння ды кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваннем, публічнай абразы Лукашэнкі і паклёпу на яго, а таксама спрыяння экстрэмісцкай дзейнасці. КДБ прызнаў Саюз маці Беларусі экстрэмісцкім фармаваннем 29 верасня. Арганізацыя вядомая выступамі супраць расейскай ваеннай агрэсіі ў дачыненні Украіны, беларускай дапамогі гэтай агрэсіі, мілітарызацыі школьнікаў.

«Галоўная асаблівасць палітычнага тэрору ў Беларусі – яго перманентнасць»

Паводле праваабаронцы «DissidentBy» Марыны Касінеравай, галоўная асаблівасць палітычнага тэрору, які разгарнуўся ў Беларусі, – яго перманентнасць. Нягледзячы на час, які прайшоў са жніўня 2020 года, сітуацыя з правамі чалавека ў нашай краіне толькі пагаршаецца:

«Людзям няясна, як такія жорсткасць і садызм з боку ўладаў могуць працягвацца столькі часу, аднак у межах гістарычнага працэсу тое, што адбываецца, лагічнае і паслядоўнае, яно азначае крах старых каштоўнасцяў і сутаргавыя спробы дыктатуры працягнуць уласнае існаванне. Магчыма, менавіта неразуменне гэтага факту прымушае людзей забыцца пра тое, што каток рэпрэсіяў будзе працягваць набіраць абароты, праз што беларусы аслабляюць захады ўласнай бяспекі як у інтэрнэце, гэтак і офлайн».

Агляд
На выпадак, калі сабраліся па пашпарт на радзіму: за што затрымліваюць беларусаў, якія вярнуліся з-за мяжы
2023.09.19 17:49

Марына Касінерава звяртае ўвагу, што за гэты год вядома шмат прыкладаў, калі асобы, якія бралі ўдзел у пратэстах, аднак вярталіся ў Беларусь, думаючы, што пра іх забылі. Але падобныя выпадкі канчаюцца толькі папаўненнем спісу палітычных вязняў:

«Мы таксама назіраем, як рэжым азвярэла шукае новыя спосабы ціску на людзей, пераследуючы сваякоў актывістаў і палітычных дзеячаў. Прыклад такога масавага палітычнага тэрору – аблава на блізкіх сябраў Каардынацыйнай рады ці затрыманне сваякоў тых, хто за мяжою, ваяроў палка Каліноўскага ці публічных актывістаў».

«Самы цёмны час якраз перад світанкам»

Розныя новыя пастановы і законы, што выдаюцца ўладамі, маюць на мэце перарэзаць «тыя нітачкі салідарнасці, якія арганізацыі і фонды працягваюць да палітвязняў ды іхных сем’яў». Акрамя таго, тых, хто ўжо трапіўся ў пастку рэжыму, ізалююць ад грамадства, як, напрыклад, Віктара Бабарыку ці Мікалая Статкевіча, пазбаўляючы іх усіх правоў, гарантаваных законам, зазначае праваабаронца «DissidentBy»:

«Казаць пра ўсе вычварэнствы рэжыму Лукашэнкі можна доўга і грунтоўна ды пры гэтым не пакрыць усіх злачынстваў супраць свабоды і чалавецтва. Аднак не трэба забывацца, што мы таксама не сядзім на месцы. Арганізацыі ды ініцыятывы дапамогі, фонды – усе мы прадуктыўна і старанна працуем штодня дзеля таго, каб захаваць і пашырыць плынь дапамогі, якую атрымліваюць рэпрэсаваныя ды іхныя сем’і. Мы ствараем новыя сувязі і ўмацоўваем тыя дачыненні паміж людзьмі і структурамі, што ўжо існуюць і якія не толькі выконваюць сваю практычную задачу, але і з’яўляюцца фундаментам для будучага развіцця здаровага, свабоднага і дэмакратычнага грамадства. Самы цёмны час якраз перад світанкам».

Ганна Ганчар belsat.eu