У віцебскай калоніі памёр палітвязень


Смерць Мікалая Клімовіча – чарговы доказ, што ўлады грэбуюць жыццём і правамі людзей. Гэта таксама дэманструе відавочнае ігнараванне абавязкаў Беларусі, звязаных з міжнародным правам, і заклікаў міжнароднай супольнасці спыніць бессэнсоўныя рэпрэсіі. У Еўразвязе адрэагавалі на смерць палітвязня Мікалая Клімовіча, які ўтрымліваўся ў віцебскай калоніі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Памёр праз два тыдні пасля пераводу ў калонію. Пра смерць палітычнага вязня Мікалая Клімовіча ў калоніі «Віцьба» паведаміў праваабарончы цэнтр «Вясна». Актывісту з Пінску і блогеру быў шэсцьдзесят адзін год.

У палітычным жыцці краіны Мікалай Клімовіч браў актыўны ўдзел з 1994 года, калі стаў сябрам Партыі БНФ. Быў удзельнікам шэрагу праваабарончых і палітычных ініцыятываў. Клімовіч уваходзіў у ініцыятыўную групу для стварэння арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву». А ў 2009 годзе ён пачаў весці блог на платформе «Жывы журнал» пад псеўданімам Мікалай Верасень.

«Гэта быў сціплы чалавек, ціхі такі. Але абсалютна прабеларускі, сапраўдны патрыёт нашай краіны і патрыёт Пінску, сваёй малой Радзімы. Вельмі шмат пісаў пра Пінск», – распавядае ўраджэнец Пінску, намеснік дырэктара «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі.

У ліпені 2020 года мужчыну прымусова змясцілі ў псіхіятрычны дыспансер, адкуль выпусцілі толькі пасля прэзідэнцкіх выбараў. У справе аб масавых пратэстах у Пінску Клімовіча выклікалі на допыт у пракуратуру. Летась у траўні Мікалай Клімовіч перанёс інсульт. У снежні за антываенныя допісы ў сацсетках мужчыну затрымаў ГУБАЗіК. Сілавікі не звярнулі ўвагі на стан здароўя Клімовіча і змясцілі яго ў ізалятар. Адтуль мужчыну на наступны дзень забрала хуткая.

У выніку супраць Мікалая Клімовіча распачалі дзве справы: адміністратыўную за лайк пад карыкатураю на Пуціна і крымінальную. Таксама за лайк пад карыкатураю, але ўжо на Лукашэнку. Да суда ён быў на волі.

«Любое турэмнае зняволенне для мяне – гэта смерць, бо я мушу быць пад сталым наглядам доктара, прымаць вялікую колькасць моцных лекаў. Я магу не вытрымаць нават месяца», – сказаў у сваім апошнім слове ў судзе Мікалай Клімовіч.

Абедзве справы разглядаў пінскі суддзя Андрэй Бычыла. 28 лютага, не зважаючы на стан здароўя Мікалая Клімовіча, ён пакараў палітвязня годам калоніі. Мужчыну арыштавалі адразу пасля агучвання прысуду. У зняволенні Мікалай Клімовіч пражыў усяго два месяцы.

«Адно тое, што пасля затрымання ён быў гаспіталізаваны – ужо нагода не прысуджаць яму тэрмін у калоніі. Суддзя ведаў пра праблемы са здароўем Мікалая Клімовіча. Таму тут размова не пра нейкую памылку ці парушэнне, а пра чарговае злачынства ў дачыненні палітвязняў», – мяркуе юрыст ПЦ «Вясна» Павел Сапелка.

Цела вязня аддадуць ягоным родным толькі пасля 10-га траўня.

Трагедыя Мікалая Клімовіча – не першы выпадак заўчаснай смерці палітвязня за апошнія некалькі гадоў. У кастрычніку 2021 года, захварэўшы на Акрэсціна на ковід, памерла 57-гадовая Алена Амеліна. Летась 5 студзеня скончыў жыццё самагубствам Дзмітрый Дудойць, які адбываў у Магілёве два гады гэтак званай «хіміі».

Але найгучнейшым выпадкам стала смерць 21 траўня 2021 года актывіста Вітольда Ашурка ў шклоўскай калоніі № 17. Дэталі трагедыі невядомыя дагэтуль. Улады заяўляюць, што ў асуджанага на пяць гадоў мужчыны раптоўна спынілася сэрца. Родныя вязня сумняюцца ў гэтай версіі. На відэа, якое паказалі сілавікі, Ашурак выглядаў знясіленым, але ніякай дапамогі ад адміністрацыі не атрымаў. Калі родным аддалі цела палітвязня, ягоная галава была практычна цалкам забінтаваная.

«Фізічны гвалт у дачыненні палітвязняў – гэта, на жаль, не выключэнне. Аб гэтым кажуць тыя, хто выходзіць з турмаў, паведамляюць і тыя, хто цяпер за кратамі. У нас няма нейкай інфармацыі, што гвалт ужываўся супраць Мікалая Клімовіча, але агулам такая з’ява прысутнічае», – дадае Павел Сапелка.

Да 21 траўня, дня смерці Вітольда Ашурка, беларускія праваабаронцы прымеркавалі Дзень беларускага палітвязня.

Ягор Кірылаў, «Белсат»