«Гэта смерць цэлай прафесіі». Судмедэкспертка – пра ўцёкі з Беларусі і ціск міліцыянтаў


Надзея Гурманчук працавала судмедэксперткай, але праз сваю грамадзянскую пазіцыю перажыла содні, «размовы» ў КДБ, а потым была змушаная з’ехаць з Беларусі. Цяпер жанчына пачынае жыццё наноў у Польшчы. Надзея распавяла «Белсату» пра ўмовы працы ў Беларусі, чысткі ў прафесіі ды планы на будучыню.

Надзея Гурманчук.
Фота: ЯМ / Белсат

«Я вельмі люблю сваю прафесію»

Судмедэксперткаю Надзея Гурманчук працавала амаль 12 гадоў. Прыйшла ў прафесію ў 2009 годзе, а звязала жыццё з судмедэкспертызаю яшчэ падчас навучання ў медычным універсітэце: «Мне пашчасціла наведаць студэнцкі гурток па судовай медыцыне, і выкладчык так цікава ды захапляльна пра ўсё распавядаў, што было немагчыма не палюбіць гэтай прафесіі».

Надзеі была цікавая тайна смерці, прычыны яе надыходу, пашкоджанні. Не страшыла і доўгае рыхтаванне – 6 гадоў медычнага ўніверсітэту і амаль год стажавання. Прычым для прафесіі не дастаткова толькі ведаў, патрэбны і пэўны талент, каб засвоіць тонкасці.

«Я вельмі люблю прафесію і не шкадую, што абрала яе. Шкада толькі, што цяпер знішчаюць спецыяльнасць. Найразумнейшых адмыслоўцаў, літаральна свяцілаў судовай медыцыны звальняюць праз «нядобранадзейнасць», а маладыя спецыялісты сыходзяць, не вытрымліваючы падыходаў сістэмы».

Татальны кантроль і бясконцыя нарматыўныя акты

Надзея кажа, што судмедэксперты працуюць у цяжкіх і небяспечных для здароўя ўмовах: штодня сутыкаюцца з патэнцыйнымі інфекцыямі ў нябожчыкаў, фармалінам. Таму маюць скарочаны працоўны дзень. Заробкі былі сярэднія, апошнім часам жанчына зарабляла каля Br 1500.

Надзея падкрэслівае: праблемы ў судмедэкспертаў пачаліся задоўга да леташніх выбараў – яшчэ ў 2013 годзе, а цяпер проста набралі абароты. Усё пераўтварылася ў працу паводле інструкцыяў. Калі раней з прафесіі ішлі на пенсію, то цяпер найчасцейшая прычына – ціск.

Фота: ЯМ / Белсат

«Цяпер на стаж бяруць нават студэнтаў медычна-прафілактычнага факультэту, што раней было недапушчальна! І яны пытаюць: «Як вы адрозніваеце органы?» Узровень відавочны!» – абураецца Надзея.

Вялікія змены адбыліся ў 2013 годзе, калі судмедэкспертамі пачалі кіраваць сілавікі. Спачатку падавалася, нібыта нічога не зменіцца, толькі структура. Але ў выніку пачаўся татальны кантроль над усімі экспертызамі, пачалі дамагацца не якасці, але колькасці і хуткасці, сталі караць за памылкі. Змены закранулі і асабістае жыццё судмедэкспертаў.

«Мы не вайскоўцы або міліцыянты, але патрабаванні да нас былі такія ж: мы мусілі даваць справаздачы, калі выязджалі з Беларусі, не маглі браць ніякага ўдзелу ў палітычным і сацыяльным жыцці. Напрыклад, маглі звольніць за спробу балатавацца ў дэпутаты або нават за карціны, якія паказваліся на выставах у Еўразвязе! Нас пазбаўлялі прэміяў за любое правапарушэнне. Бескантрольная плынь нарматыўных дакументаў, процьма загадаў і даручэнняў, што абсалютна не адпавядае сферы… Усё гэта прывяло да таго, што судмедэксперты сталі проста выканальнікамі міліцэйскіх загадаў!» – адзначае Надзея.

Жанчына лічыць, што гэтая рэформа была памылкаю, якая ў выніку прыводзіць да гібелі цэлай сферы:

«Выглядае на тое, што рэформу прынялі і прадумалі менавіта так, каб усё было пад каўпаком міліцэйскай дзяржавы».

Актыўная грамадзянская пазіцыя – звальненне

Натуральна, пасля выбараў 2020 года сітуацыя толькі пагоршылася. Надзея кажа, што заўсёды была за дэмакратычную Беларусь. З першых жа дзён яна брала ўдзел у маршах, дапамагала пацярпелым, у ейным аўтамабілі заўсёды быў набор для першай дапамогі. Дарэчы, цела Аляксандра Тарайкоўскага даследавалі ў аддзеле, дзе працавала Надзея:

«Плынь збітых і скалечаных людзей, якая бясконца ішла ў шпіталі і да нас на судмедэкспертызу, не магла пакінуць абыякавымі. Я з калегамі не раз выходзіла ў ланцугі салідарнасці каля БДМУ. І працягвала працаваць, бо разумела: фіксуючы пашкоджанні і даследуючы трупы нявінна забітых, мы зробім значна болей. Але не хаваю, што часам хацела кінуць працу, каб болей не стасавацца і не глядзець у вочы людзям, якія робяць такое са сваім народам».

Фота: ЯМ / Белсат

Таксама ледзь не адразу пасля выбараў былі адмененыя платныя экспертызы, якія можна было рабіць без прызначэння міліцыі:

«На высновы экспертаў наконт пашкоджанняў пасля пратэсту маё кіраўніцтва ніяк не ўплывала, але ніхто не завёў ніводнай крымінальнай справы праз збіццё пратэстоўцаў. Дзе ў выніку аказаліся экспертызы, я не ведаю».

Таксама пасля выбараў актыўна пачаліся чысткі: звальнялі людзей, якіх заўважылі на здымках з пратэстаў, тых, хто даваў інтэрв’ю. Прычым на некаторых даносілі калегі. Наступны крок – звальненне людзей, якія падпісваліся «не за тых» кандыдатаў. Нават высвятлялі ўдзельнікаў маршаў праз білінг!

Надзея ніколі не хавала палітычных поглядаў, таму таксама сталася ахвяраю звальнення. Жанчыну затрымалі 30 жніўня 2021 года па абвінавачванні ў пасобніцтве тэрарызму і стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання.

«Пасля доўгіх допытаў і пагрозаў у КДБ, катаванняў, здзекаў і перабывання на Акрэсціна паводле прыдуманай адміністратыўнай справы я зразумела, што ў краіне адбываецца звышбеззаконне, усе дзеянні накіраваныя на знішчэнне свайго народу», – прызнаецца жанчына.

Апошняю кропляю стала забойства Андрэя Зельцара.

«Сітуацыя была вельмі падобная да нашай, таму мы з мужам пастанавілі ўцякаць», – кажа Надзея.

Аналітыка
«Справа Зельцара»: дзве смерці, катаванні і заклік да тэрору. Што стала вядома за месяц
2021.10.28 16:00

Сям’я афармляла дакументы і атрымоўвала польскія гуманітарныя візы ва ўмовах максімальнай сакрэтнасці: жылі за горадам і не карысталіся мабільнымі тэлефонамі. Ужо 8 кастрычніка яны былі ў Польшчы:

«Краіну я выбірала, зыходзячы з блізкасці славянскага духу і мовы. Хацелася зменшыць траўмаванасць не толькі сабе, але і дзіцяці».

Як праходзіць адаптацыя

Пакуль жыццё ў Польшчы даецца Надзеі з пэўнымі складанасцямі. Прызнаецца, што вельмі сумуе па родных мясцінах і блізкіх. Дачка жанчыны таксама сутыкаецца з праблемамі: моўны бар’ер, нястача сяброў.

Фота: ЯМ / Белсат

«Але мы справімся!»

Надзея не здаецца: актыўна вучыць польскую, плануе пацвердзіць свой дыплом і працаваць паводле любімай спецыяльнасці:

«Я планую пераняць адсюль усё найлепшае, каб потым працаваць у Новай Беларусі!»

Падтрымаць Надзею Гурманчук можна праз фонд BYSOL. Надзеі неабходныя сродкі для легалізацыі на новым месцы пасля пераезду з Беларусі.

Гісторыі
«Амаль месяц ад брата няма звестак, невядома, дзе ён». Размова з сястрою затрыманага ў «справе Зельцара»
2021.11.07 01:40
Артыкулы
Да шасці гадоў турмы за каментар. Размова з жонкаю жыхара Наваградку, затрыманага за «спрыянне экстрэмізму»
2021.10.22 08:30

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Стужка навінаў