Літва правядзе вучэнні ў закрыцці межаў з Беларуссю


У Літве плануюць зарганізаваць рэгіянальныя вучэнні, падчас якіх будзе адпрацоўвацца алгарытм закрыцця межаў з Беларуссю. Пра гэта заявіла міністарка ўнутраных справаў Літвы Агне Білатайце, паведамляе «LRT».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: State Border Guard Service / Lithuania / Twitter

«Гэтыя крытэры ўжо распрацаваныя, мы пацвердзілі, што нават плануем правесці пэўныя вучэнні нашых ведамстваў», – заявіла Білатайце пасля сустрэчы кіраўнікоў МУС Літвы, Латвіі, Эстоніі, Украіны, Фінляндыі, Польшчы і Нарвегіі.

«Сёння абмяркоўваўся больш агульны кантэкст магчымых сітуацыяў, і сёння мы сапраўды пацвердзілі, што той фармат, які быў у Варшаве, і нашыя сумесныя дзеянні – гэта вельмі сур’ёзны сігнал найперш для Беларусі, і яны гэта сапраўды адчулі, што мы сапраўды, вельмі сурʼёзна гатовыя дзеяць разам, скаардынавана», – адзначыла Агне Білатайце.

Паводле міністаркі, літоўскія ўлады падчас такіх рэгіянальных вучэнняў правераць, як можа працаваць алгарытм закрыцця межаў з Беларуссю.

Нагадаем: у канцы жніўня міністры ўнутраных справаў Літвы, Латвіі і Польшчы дамовіліся, што межы з Беларуссю могуць быць закрытыя ў выпадку ўзброенага інцыдэнту – тады на тэрыторыі Беларусі была вялікая колькасць баевікоў ПВК Вагнэра, або пры прарыве нелегальных мігрантаў.

Бакі таксама дамовіліся ўвесці падобныя крытэры рэагавання на магчымыя пагрозы на мяжы.

Літва ўжо закрыла два з шасці пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю. Аднак, нават калі зачыняцца ўсе пункты, гуманітарны калідор для асобаў, якія ўцякаюць ад рэжыму ў Беларусі, мае застацца.

Hавiны
У мігрантаў, якія незаконна пераходзяць беларуска-польскую мяжу, знаходзяць свежыя расейскія візы
2023.10.27 12:08

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў