Арцемій Троіцкі: «Ксенія Сабчак — не ахвяра рэпрэсій. Яна авантурыстка і ў вышэйшай ступені сквапная асоба»


Журналіст і музычны крытык Арцемій Троіцкі падзяліўся з «Белсатам» сваім меркаваннем пра крымінальную справу супраць журналісткі Ксеніі Сабчак.

Ксенія Сабчак у Крамлі на сустрэчы экс-кандыдатаў у прэзідэнты ў 2018 годзе з Уладзімірам Пуціным.
Фота: Mikhail Metzel / TASS / Forum

– Сабчак пераследуюць па палітычных матывах?

– Мяркую, што гэта справа не настолькі сур’ёзная, як гэта можа падавацца. Ксенія Сабчак цалкам у сваёй талерцы знаходзіцца ў цяперашняй расейскай кіруючай эліце. Яна неаднаразова дапамагала Пуціну ў бруднаватых і мокрых справах. Так што ў мяне няма сумневу, што ўсё для яе скончыцца добра.

Натуральна, сітуацыя ў Расеі цяпер крызісная: ідзе грызня паміж рознымі кланамі, суполкамі сяброў Пуціна. Усе імкнуцца адзін аднаго падседзець. Ксенія Сабчак у гэтай тусоўцы — цалкам свой чалавек. Яна актыўна ўдзельнічае ва ўсёй гэтай дзейнасці. Я б наогул не надаваў гэтай гісторыі з крымінальнай справай нейкай сур’ёзнай палітычнай афарбоўкі і не ўяўляў бы Ксенію Сабчак у якасці ахвяры рэпрэсій.

Ксенія Сабчак, у першую чаргу, авантурыстка. Здольная, актыўная, даволі смелая авантурыстка. І пры гэтым у вышэйшай ступені сквапная асоба. Думаю, што сквапнасць і неасцярожнасць, а, можа быць, нейкія дурныя дзеянні маладых людзей, якія яе атачаюць — гэта ўсё прывяло да таго, што яна «наехала» не на тых людзей. Гэта значыць, яна думала, што зможа выбавіць нейкія мільёны ў замежнай валюце, а замест гэтага нарвалася на контратаку. Вось і ўся гісторыя. І, як мне здаецца, не варта з яе рабіць далёка ідучы палітычны кейс.

– Ёсць канспіралагічныя тэорыі аб тым, што гэта Крэмль справакаваў Сабчак пакінуць Расею. Каб з прыгожай біяграфіяй пераследу яна змагла ўкараніцца ў расейскую апазіцыю за мяжой ды зліць пратэстныя настроі. Ці магчыма гэта?

– Гэта абсалютна дурная выдумка, якая лішні раз даказвае, што канспіралогія — доля дурняў. У расейскіх эмігранцкіх колах Ксенія Сабчак абсалютна таксічная. Яе не любіць ніхто. Усе ведаюць ёй цану, усе ведаюць, што гэта выключна цынічная кабетка. І для любога палітыка, для любой палітычнай арганізацыі прысутнасць Ксеніі Сабчак і альянс з ёй — гэта справа самагубчая. Так што ні левыя, ні правыя, ні каспараўцы (я дрэнна разбіраюся ў гатунках расейскай апазіцыі) — ніхто з ёй справы мець не будзе. Таму лічыць Ксенію Сабчак засланым казачком, я мяркую, у вышэйшай ступені наіўна.

– А ці можна лічыць справу супраць Сабчак атакай на незалежныя СМІ ў Расеі? Бо ў яе телеграм-каналаў «Осторожно, новости» і «Кровавая барыня» шмат падпісчыкаў.

– Лічыць рэсурсы Ксеніі Сабчак апошнім цэнтрам незалежнай журналістыкі — гэта вельмі смешна. Маюцца зусім іншыя артыкулы, каб уводзіць рэпрэсіі супраць незалежнай журналістыкі. Гэта, натуральна, «дыскрэдытацыя» расейскага войска, антываеннае выступленне, абраза пачуццяў патрыётаў і вернікаў.

Ні ў чым такім СМІ Ксеніі Сабчак замяшаныя не былі. Гэта, хутчэй, жаўтлявыя медыя. І тая справа, з нагоды якой супрацоўнікаў Сабчак прыхапілі, не мае ніякага дачынення да палітыкі наогул. Гэта чысты бізнэс, чыстая камерцыя. І я ў дадзеным выпадку схільны хутчэй давяраць Следчаму камітэту ў тым, што гаворка тут ідзе аб вымагальніцтве, а зусім не аб палітычным працэсе.

– Скончылася ці ў Расіі час, калі можна было сядзець на двух крэслах?

– Пасля таго як Расея напала на Украіну, да ўсіх публічных людзей у дзверы пагрукаліся і сказалі: “А ну, выбірайце, вы з “пятай калонай” ці са сваёй імперска-патрыятычнай радзімай”. І, адпаведна, усім давялося выбіраць. Таму вялікая колькасць людзей або з’ехалі, або красамоўна і грунтоўна замаўчала. Ну, а некаторыя ператварыліся ў прыслужнікаў цяперашняга рэжыму. Так што тут пазіцыя «і нашым, і вашым», якая была характэрная для Ксеніі, больш не працуе. Цяпер трэба быць толькі «нашым» або «вашым», прычым пазіцыю дзяржавы трэба падтрымліваць ва ўсім і з максімальнай стараннасцю, інакш можна застацца без «кармушкі».

belsat.eu

Стужка навінаў