У Беларусі зарэгістравалі кубінскую вакцыну ад COVID-19. Ці варта яе калоць?


Кубінскую праграму вытворчасці ўласных вакцынаў называюць «экстраардынарна паспяховай», але іхныя вакцыны яшчэ не ўхваліла Сусветная арганізацыя здароўя (WHO). 

Вакцына «Soberana Plus». Выява: Instituto Finlay de Vacunas

У Беларусі зарэгістраваная кубінская вакцына «Soberana Plus» – так званая бустэрная доза вакцыны «Soberana 02» (ісп. «Суверэнная 02») супраць вірусу SARS-CoV2, які выклікае хваробу COVID-19, паведаміла 27 ліпеня Міністэрства аховы здароўя Беларусі. Навіна з’явілася ў той жа дзень, як паведамленне аб тым, што ў Расеі сканчаецца вакцына «Спутник Лайт» – першы кампанент двухкампанентнай «Спутник V», які ўжывалі ў Беларусі для рэвакцынацыі.

Кубінская вакцына адносіцца да тыпу кан’югаваных: у ёй камбінаваны слабы антыген і моцны антыген-носьбіт. Гэта самая вядомая вакцына такога тыпу ад каронавірусу – вакцыны «Pfizer», «Moderna», «Спутнік» і астатнія распаўсюджаныя працуюць іначай.

Hавiны
Мінздароўя прызнала: у Беларусь прыйшоў новы падштам каронавіруса
2022.07.15 18:38

«Soberana 02» (або FINLAY-FR-2, або «PastoCovac») пакуль не прызнаная Сусветнай арганізацыяй здароўя, як і расейскі «Спутнік». Яе выкарыстоўваюць пакуль толькі на Кубе (там яна ўхваленая для дарослых і дзяцей ад трох гадоў), у Венесуэле, Нікарагуа і Іране. Клінічныя выпрабаванні паказваюць вельмі добрыя вынікі, эфектыўнасць звыш 95 % супраць шпіталізацыі і смерці пасля трох дозаў.

Тое, што Куба распрацавала аж пяць вакцынаў супраць ковіду і вакцынавала 90 % насельніцтва, называюць «экстраардынарным поспехам», ды і Куба агулам славіцца даволі добрай сістэмай аховы здароўя, як па мерках Лацінскай Амерыкі.

Ёсць дзве праблемы:

  1. Выпрабаванні кубінскіх вакцынаў праводзіліся ў асноўным летась, калі ў свеце панавалі іншыя штамы каронавірусу. Наколькі яна эфектыўная супраць новых штамаў і падштамаў, невядома. Аднак імаверна, што такая абарона лепшая за ніякую.
  2. Куба – не дэмакратычная і не свабодная краіна, у рэйтынгах свабоды прэсы яна пастаянна на апошніх месцах (напрыклад, «Рэпарцёры без межаў» ставяць яе на 173 месца са 180, калі Беларусь ставяць толькі на 153-е). Вакцыну «Soberana 02» ужываюць толькі ў падобных недэмакратычных краінах. Адпаведна, звесткі пра небяспеку вакцыны, калі такія ёсць, могуць не прарывацца за «заслоны».

Ды выбар у беларусаў невялікі. У Беларусі ўжываецца толькі непрызнаная WHO расейская вакцына «Спутник V» (яна, падобна, эфектыўная) і кітайскія вакцыны, эфектыўнасць якіх пад сумневам. Быў час, ужывалі нават расейскі «КовиВак», эфектыўнасць якога занадта нізкая і часам адмоўная. Па прызнаныя WHO вакцыны давядзецца ехаць за мяжу.

Калі лепшых варыянтаў няма, то «Soberana» прынамсі раней выглядала эфектыўнай, наўрад ці яна шкодная. Але нават пасля вакцынацыі найлепшай вакцынай варта насіць маскі і трымаць сацыяльную дыстанцыю.

Hавiны
Праўда і міфы пра COVID-19. У 404 словах і шасці вялікіх разборах
2021.11.03 08:31

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў