«Тут 9 гадоў майго жыцця». Беларуска, якая даследуе расейскія злачынствы, вымушаная з’ехаць з Украіны


Пасля выбараў 2020 года шмат беларусаў вымушана было пакінуць родную краіну праз рэпрэсіўную палітыку. Хтосьці з’ехаў яшчэ раней – пасля Майдану. Для шмат каго Украіна сталася другім домам. Аднак праз падтрыманне ўрадам Беларусі расейскай агрэсіі шмат хто з палітычных эмігрантаў цяпер не можа легальна заставацца ў гэтай краіне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Разбураныя дамы ў Марыупалю, Украіна. 6 красавіка 2022 года.
Фота: Сяргей Бабылёў /TASS / Forum

Ірына (на просьбу гераіні імя змененае), праваабаронца.

Ірына пражыла ва Украіне некалькі гадоў.

«Тут, ва Украіне, я брала ўдзел у акцыях пратэсту на Майдане. У тым ліку была падчас расстрэлаў на вуліцы Інстытуцкай. Пасля засталася ў Кіеве, працавала ў грамадскім сектары, у шэрагу праваабарончых арганізацыяў, дакументавала расейскія ваенныя злачынствы на Данбасе і Крыме, перадавала іх у міжнародныя арганізацыі. У 2020 годзе, калі былі акцыі пратэсту, ездзіла ў Беларусь. Пасля пачала атрымоўваць «прывітанне» ад беларускіх спецслужбаў. Мая сям’я таксама стала адчуваць пагрозу», – распавядае жанчына «Белсату».

Калі пачалася вайна, Ірына была ў Польшчы. У траўні яна паехала ва Украіну. Праблемы праз беларускі пашпарт пачаліся ўжо на мяжы:

«Мяне трымалі тры гадзіны, але, як я даведалася, гэта яшчэ няшмат. На руках мела ўсе паперы, што я праваабаронца. Самае абсурднае, што я спецыялізуюся менавіта ў пытанні Украіны, мы фіксуем катаванні і знікненні асобаў, да якіх датычныя расейскія вайскоўцы. У мяне таксама ёсць міжнародныя пасведчанні. Аднак мяне ўсе адно знялі з аўтобуса. Да таго ж я маю часовы від на жыхарства. Я папярэдзіла, што калі мяне не пусцяць, то я паведамлю пра гэта ў праваабарончыя арганізацыі ды медыі. Не ведаю, з кім яны раіліся і што дакладна спрацавала, але іхнае стаўленне змянілася, і праз 3 гадзіны яны мяне ветліва прапусцілі. Але на гэтым прыгоды не скончыліся».

Ірына звярнулася ў прыватную кампанію, каб зрабіць страхоўку:

«Я вольна размаўляю на ўкраінскай мове. Таму спачатку не было ніякіх праблемаў, але калі я дастала беларускі пашпарт, яны сказалі, што ім трэба нешта ўдакладніць. У выніку мне зрабілі гэтую страхоўку, але я запаўняла нейкую анкету. Паднялі ўсю маю фінансавую дзейнасць за апошні год, «гуглілі» мяне, шукалі мяне ў сацыяльных сетках, перапісвалі інфармацыю, да якой страхоўка не мае ніякага дачынення. Пыталі пра рэгістрацыю ва Украіне, падатковы код. Добра, што ўсе гэтыя дакументы былі ў мяне з сабой. І сказалі, што калі б іх не было, то мне страхоўку не зрабілі б. Гэта дзіўна, бо гэта міжнародная прыватная кампанія. Я зразумела, што без украінскага пасведчання немагчыма атрымаць нават паслугі ў недзяржаўных установах».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мужчына спіць у Беларускім доме, чакаючы ад’езду ва Украіну, каб далучыцца да батальёну імя Кастуся Каліноўскага. Варшава, Польшча. 15 сакавіка 2022 года.
Фота: Raul Moreno / Zuma Press / Forum

У Кіеве Ірына вырашыла падоўжыць свой від на жыхарства:

«Я звярнулася ў пашпартны стол, яны спыталі пра грамадзянства. Калі пачулі, што я беларуска, сказалі ісці ў міграцыйную службу. Тады я спрабавала падаць дакументы там, мне адказалі, што з беларускім пашпартам нічога не дадуць, нават каб не хадзіла туды. Пазней я даведалася ад сваіх сяброў, што часта яны проста зацягваюць тэрміны, кажуць, што ў іх не працуе камп’ютар ці нешта яшчэ, а потым кажуць, што ўжо позна.

Для мяне крытычны гэты від на жыхарства, бо тут 9 гадоў майго жыцця. Тут банкаўскія рахункі, якія разблакаваць без гэтага дакументу будзе амаль немагчыма, ёсць нейкая нерухомасць. Таксама ва Украіне засталіся блізкія мне людзі, некаторыя родзічы, сябры… Таму для мяне вельмі важна мець магчымасць прыязджаць».

Жанчына плануе звярнуцца да праваабаронцаў:

«Я напісала ў «Free Belarus Center», таксама буду звяртацца ва ўкраінскія арганізацыі…Але, на жаль, нават самі мясцовыя праваабаронцы кажуць, што з пачаткам вайны СБУ амаль не адказвае на пісьмовыя запыты».

Праваабаронца плануе вярнуцца ў Польшчу і дыстанцыйна развязваць праблему: пісаць скаргі, агучваць у медыях.

Андрэй, працуе ў ІТ-сферы.

Андрэй з’ехаў з Беларусі ў жніўні 2020 года, бо працаваў у IT-кампаніі: адлучэнне інтэрнэту падчас пратэстаў перашкаджала ягонай дзейнасці.

«Я пажыў у Кіеве і зразумеў, што не хачу жыць у Беларусі, мне падабаецца Украіна. Канчаткова я пераехаў у 2021 годзе. Да таго ж, тут я сустрэў дзяўчыну, якая гэтаю зімою сталася маёй жонкай», – распавёў Андрэй «Белсату».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Мужчына меў часовы від на жыхарства ва Украіне:

«Маё пасведчанне павінна было скончыцца ў пачатку чэрвеня. Але, як мы разумеем, праз вайну яго ніхто своечасова не разгледзеў. Пачытаўшы тое, што пісалі беларусы ў чатах, я нават не спрабаваў ездзіць у міграцыйную службу, бо ўсё адно дакументаў не прымалі. Калі іх пачалі прымаць, я разумеў, што паводле тэрмінаў ужо бракуе дзён».

Згодна з украінскім заканадаўствам, Андрэй мусіў падаць дакументы не пазней за 15 дзён да канца тэрміну пасведчання. Аднак у яго засталося толькі 3. Мужчына звярнуўся ў міграцыйную службу:

«Там мяне запрасілі на допыт супрацоўнікі СБУ, але ён быў кароткі, усяго 5 хвілінаў. Проста пыталіся, хто я, як трапіў ва Украіну і дзе працую. Потым мне сказалі ісці плаціць штраф, выязджаць з краіны, а потым вярнуцца зноў. Тады я мог бы быць яшчэ 180 дзён легальна. Я супярэчыў, што назад мяне могуць не пусціць, на што яны проста паціснулі плячыма».

Пакуль што Андрэй застаецца ва Украіне і спадзяецца, што сітуацыя зменіцца.

«Вы павінны разумець, што ў мяне было свядомае рашэнне пераехаць. Гэта была дарога ў адзін канец, а не проста паспрабаваць і, калі не атрымаецца, нешта думаць. Тут цяпер мой дом, сям’я, жонка. Я верыў і веру ў перамогу Украіны ды буду да апошняга спрабаваць тут застацца. Я тут абжыўся. Да вайны мы з жонкаю хацелі купіць дом, якраз у напрамку Бучы ды Ірпіня. Планавалі ўвесну, таму я зняў амаль усе грошы з рахункаў. На іх цяпер і жывём, бо карткі заблакаваныя, я не магу атрымаць заробленых грошай, працадаўца запісвае, пакуль пытанне з рахункамі не развяжацца. Але ўсё роўна я спадзяюся тут застацца».

«Белсат» звязаўся з юрыстам «Free Belarus Center» Уладзімірам Жбанковым:

«12 траўня была афіцыйная заява кіраўніка міграцыйнай службы Наталлі Навуменкі, дзе гаварылася, што міграцыйнае заканадаўства ў дачыненні беларусаў не памянялася. Таксама гаварылася, што прыём дакументаў адноўлены.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя салідарнасці #BelarusWatch. Кіеў, Украіна. 26 жніўня 2020 года.
Фота: Yulia Ovsyannikova / Zuma Press / Forum

На практыцы мы назіраем, што ў шмат каго заканчваліся віды на жыхарства яшчэ ў самым пачатку вайны, яны арганізавана звярталіся ў адпаведныя органы, а ім казалі: «Звяртайцеся пазней». Пасля заявы Наталлі Навуменкі людзі сталі зноў прыходзіць у міграцыйныя службы. Але ім адмаўляюць працягваць від на жыхарства, ставяць штамп аб «прымусовым выездзе» і раяць выязджаць за межы краіны, каб зноў пераехаць і аформіць дакументы. Тэрміны для выезду вельмі кароткі, таму абскардзіць яго часу не стае.

На практыцы людзі выязджаюць, а ва Украіну іх ужо не пускаюць. У многіх тут застаюцца сем’і, дзеці, гадаванцы, нерухомасць.

Праваабаронцам важна ўсё гэта фіксаваць, каб паказаць, што гэта адбываецца сістэматычна. Варта таксама наладжваць кантакт з міграцыйнаю службаю, каб паказваць, што часта такая практыка, калі чалавек, які быў сацыялізаваны ва ўкраінскім грамадстве, рабіў нешта на яго карысць, але быў вымушаны з’ехаць з краіны, дэструктыўная. Таксама мае сэнс абскардзіць гэтыя рашэнні, аднак многія ў разгубленасці і не заўсёды маюць сілы на гэта».

М.К. belsat.eu

 

 

Стужка навінаў