Ярмошына збіраецца ў адстаўку. Але можа і застацца


Лідзія Ярмошына.
Фота: bymedia.net

Кіраўніца ЦВК Беларусі Лідзія Ярмошына не плануе заставацца на сваёй пасадзе пасля заканчэння тэрміну паўнамоцтваў дзейнага складу Цэнтрвыбаркаму, паведамляе БелаПАН.

З ейных словаў, 20 снежня 2021 года канчаецца тэрмін паўнамоцтваў дзейнага складу ЦВК, і павінна быць прызначаная новая камісія:

«Я думаю, што яна будзе прызначаная да прызначэння мясцовых выбараў. Я не планую заставацца на сваёй пасадзе».

Ярмошына адзначыла, што мае кантракт да 20 снежня гэтага года, а пасля яго заканчэння збіраецца пайсці на пенсію: «Але ёсць моманты, калі, магчыма, мяне папросяць на нейкі пераходны перыяд, можа, на перыяд правядзення рэферэндуму часова папрацаваць. І, натуральна, я не змагу сказаць «не».

Выйшаўшы на пенсію, Ярмошына застанецца ў Беларусі і будзе «звычайным, простым пенсіянерам».

Таксама Ярмошына паведаміла, што правядзенне рэферэндуму для ўнясення змяненняў у Канстытуцыю Беларусі плануецца на зіму 2022 года. Паводле яе, указ з нагоды рэферэндуму можа быць падпісаны за месяц да яго правядзення, з нагоды мясцовых выбараў – за тры месяцы.

Лідзія Ярмошына займае пасаду старшыні Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў з 1996 года. Пра свой сыход у адстаўку Ярмошына гаворыць з 2016 года.

 

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў