Кіроўцу аўтадому «Краіна для жыцця» Аляксандра Арановіча асудзілі на шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму


У судзе Ленінскага раёну Горадні вынеслі прысуд у крымінальнай справе супраць Аляксандра Арановіча, 38-гадовага кіроўцы аўтадому «Краіна для жыцця» са Старых Дарог.

Яго абвінавачвалі паводле трох артыкулаў: арганізацыя дзеянняў, што груба парушылі грамадскі парадак у Горадні 29 траўня (ч. 1 арт. 342 КК), падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых закалотах – за захоўванне на гарышчы дома ў бацькоў у Старых Дарогах старой дымавой шашкі, удзел у закалотах і непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі (ч. 2 арт. 13, арт. 293 ч.2 КК).

Суд над Арановічам у Горадні.
Фота: Белсат

Пракурор Дзяніс Корда прасіў суд пакараць Арановіча шасцю гадамі пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Падтрымаць палітвязня прыйшлі каля 40 чалавек. Здымаць у судовай зале забаранілі, аднак супрацоўнікі ў цывільным здымалі на камеру ўсіх у зале і на выхадзе з суда. «За парадкам» сачылі больш за дзясятак амапаўцаў.

Аляксандра Арановіча затрымалі 29 траўня мінулага года разам з Сяргеем Ціханоўскім і іншымі паплечнікамі падчас збору подпісаў на пікеце ў Горадні.

Арановіч на судзе паведаміў, што яго ў СІЗА паставілі на прафілактычны ўлік, нібыта ён біў супрацоўніка пры затрыманні. Спачатку яму выставілі абвінавачванне паводле артыкулу 364, «Непадпарадкаванне і гвалт у дачыненні супрацоўніка ўнутраных справаў». Праз 10 дзён гэтае абвінавачванне знялі, аднак улік застаўся, а гэта, паводле яго, уплывае на прысуд, таму Арановіч прасіў разабрацца з сітуацыяй. Ён заявіў адвод суддзі Алене Пятровай, а падчас спрэчак бакоў яго выдалілі з залы суда за неналежныя паводзіны.

«Я не магу даказаць суду маю невінаватасць! Вы адхіляеце ўсё, што я прашу. Суду не цікавыя мае сведчанні і доказы», – казаў палітвязень падчас спрэчак.

Пра тое, што яму так і не далі магчымасці даказаць сваю невінаватасць, Арановіч сказаў і ў сваім кароткім апошнім слове.

Адвакатка палітвязня заяўляла хадайніцтва аб выкліку і допыце Мікалая Статкевіча, Паўла Севярынца, Сяргея Ціханоўскага, а таксама аб допыце паліттэхнолага Віталя Шклярава, аднак хадайніцтва было адхіленае. Як і іншыя, якія заяўляў Арановіч і ягоная абаронца.

Аляксандр Арановіч.
Фота: ПЦ «Вясна»

«Дзяржабвінаваўца хавае факт здзяйснення злачынства ў дачыненні мяне 29 траўня. Я не аказваў тады супраціву і непадпарадкавання. Буду звяртацца да генпракурора. У мяне не было змовы з Ціханоўскім і іншымі», – казаў Аляксандр на судзе.

Са словаў Арановіча, падчас паездак з Сяргеем Ціханоўскім у траўні мінулага года ў Баранавічы, Магілёў і іншыя гарады ён быў проста кіроўцам аўтадому, ніякай змовы групы асобаў не было. Ён падкрэсліў, што няма ніякіх фактаў, якія даказваюць, што ён збіраўся ўдзельнічаць у масавых закалотах.

Таксама Аляксандр Арановіч на судзе заявіў, што справа сфабрыкаваная на ўказанне Лукашэнкі.

Версія абвінавачвання

Арановіч абвінавачваецца ў тым, што ён з 4 да 29 траўня, у змове з групай асоб, быўшы ў Старых Дарогах і ў іншых гарадах, паддаўся заклікам Статкевіча і пастанавіў удзельнічаць ва ўчыненні злачынства: рыхтаванні і правядзенні масавых закалотаў. Для гэтага набыў дымавую шашку і стаў канспіратыўна захоўваць яе ў доме ў Старых Дарогах. Але 29 траўня Арановіч быў затрыманы ў Горадні, куды канспіратыўна прыехаў з Ціханоўскім, і таму не здзейсніў злачынства.

Суддзя Алена Пятрова пакарала палітвязня шасцю гадамі пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Суд пастанавіў знішчыць тапак, з якім Ціханоўскі з паплечнікамі ездзіў па гарадах.

СП, belsat.eu

Стужка навінаў