«Фізічных пашкоджанняў няма». Да былога следчага Юшкевіча ў СІЗА КДБ пусцілі адвакатку – праз тыдзень пасля затрымання


Адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна паведаміла, што раніцай 27 красавіка яе пусцілі да Яўгена Юшкевіча – былога следчага, якога трымаюць у СІЗА КДБ. Абаронцу да былога следчага не пускалі цэлы тыдзень.

Адвакатка Яўгена Юшкевіча Марыя Колесава-Гудзіліна распавяла «Белсату», што можа казаць толькі пра стан здароўя Яўгена – у яго засталіся тыя ж праблемы, што былі да затрымання, а фізічных пашкоджанняў няма. Пра іншыя дэталі справы яна гаварыць не можа, бо дала падпіску аб неразгалошванні. У чым менавіта вінавацяць Юшкевіча і калі справу могуць перадаць у суд, невядома.

Яўген Юшкевіч – былы следчы, ён звольніўся са Следчага камітэту некалькі гадоў таму. Летась ён удзельнічаў у праекце «ByChange», які дапамагаў былым сілавікам уладкавацца ў грамадзянскім жыцці. Яго затрымлівалі ў мінулым лістападзе па падазрэнні ў «арганізацыі або ўдзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак», але вызвалілі ў снежні. 19 красавіка 2021 года яго затрымалі зноў, у ягонай кватэры правялі ператрус на падставе пастановы, у якой указаны 289-ы артыкул Крымінальнага кодэксу – «Акт тэрарызму».

Hавiны
Былы следчы Яўген Юшкевіч у СІЗА КДБ
2021.04.19 22:54

АА belsat.eu

Стужка навінаў