На ўкраінска-беларускай мяжы загінуў баец тэрытарыяльнай абароны


Падчас выканання баявога задання на ўкраінска-беларускай мяжы загінуў 33-гадовы вайсковец тэрабароны Валыні Сяргей Панасюк. Пра гэта выданню «Суспільне. Новини» распавёў прэс-сакратар брыгады валынскай ТРА Сяргей Хамінскі.

Загінулы вайсковец валынскай тэрабароны Сяргей Панасюк. Крыніца: Сергій Чуріков/Facebook

Паводле Сяргея Хамінскага, вайсковец загінуў на досвітку 25 лютага. Цяпер высвятляюцца абставіны, пры якіх гэта адбылося. «Следства вядуць праваахоўныя органы, таксама праводзіцца службовае расследаванне адпаведнымі падраздзяленнямі брыгады», – сказаў прадстаўнік брыгады.

У Нацыянальнай паліцыі паведамілі, што вядзецца справа паводле артыкулу аб наўмысным забойстве і заявілі, што стралялі не з боку Беларусі.

«Дакладна вядома, што стрэлы былі зробленыя не з боку Беларусі. Падрабязнасці будуць высвятляцца ў хадзе дасудовага расследавання», – паведаміла прадстаўніца Нацпаліцыі Марына Балдыч.

Сяргей Панасюк быў удзельнікам АТА. У шэрагі тэрабароны ўступіў у першыя дні поўнамаштабнага ўварвання, быў камандзірам стралковага ўзводу. У яго засталіся дачка і сын.

Раней у сацыяльных сетках з’явілася інфармацыя пра страляніну на мяжы з Беларуссю. У Памежным камітэце Беларусі гэта зняпраўдзілі, заявіўшы, што «інцыдэнтаў з ужываннем зброі не было, агню памежнікі не адкрывалі».

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў